Бюджэт-2016: акцэнты расстаўлены

Сесія раённага Савета дэпутатаў зацвердзіла раённы бюджэт на 2016 год, праект якога прадставіла на сумесным пасяджэнні райсавета дэпутатаў і райвыканкама начальнік фінансавага аддзела раённага выканаўчага камітэта Ірына Маляр.

Як адзначыла дакладчык, праект раённага бюджэту і разліковыя паказчыкі па бюджэтах сельскіх выканаўчых камітэтаў на 2016 год распрацаваны з улікам Асноўных накірункаў бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2016 год, чакаемага выканання бюджэту раёна ў 2015 годзе з улікам аптымізацыі і скарачэння расходаў, змяненняў і дапаўненняў, што ўносяцца ў Падатковы кодэкс Беларусі.

З улікам зацверджаных макраэканамічных паказчыкаў, некаторых змяненняў падатковага заканадаўства аб’ём бюджэту раёна на 2016 год па даходах і расходах вызначаны ў суме   345 424,1 мільёна рублёў.  Даходы бюджэту раёна без уліку бязвыплатных паступленняў прагназуюцца ў суме 149 454,8 мільёна рублёў. У агульным аб’ёме бюджэту раёна ўласныя даходы складаюць 43,3 працэнта.

Асноўнымі крыніцамі, што фарміруюць даходную частку бюджэту на 2016 год, з’яўляюцца: падаходны падатак (40,2 працэнта), падатак на дабаўлены кошт (30 працэнтаў), падаткі на ўласнасць (10,2 працэнта), падатак на прыбытак (4 працэнты). У даход раённага бюджэту будзе залічвацца і збор на фінансаванне дзяржаўных расходаў з разліку 20 базавых велічынь на плацельшчыка ў выпадку няўдзелу ў фінансаванні дзяржрасходаў ці ўдзелу ў ім менш за 183 каляндарныя дні ў год, уведзены з 2016 года.

Расходы бюджэту раёна вызначаны ў суме 345 424,1 мільёна рублёў.  Пры фарміраванні расходнай часткі бюджэту раёна аснову бюджэтных расходаў склалі расходы на сацыяльную сферу; улічана неабходнасць забеспячэння асігнаваннямі першачарговых бюджэтных абавязацельстваў (заработная плата з налічэннямі работнікам бюджэтнай сферы, трансферты насельніцтву, аплата камунальных паслуг, прадуктаў харчавання, лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага пры-значэння, субсідзіраванне жыллёва-камунальных і транспартных паслуг, што аказваюцца насельніцтву).

На фінансаванне сацыяльнай сферы плануецца накіраваць 247 492,6 мільёна рублёў –71,6 працэнта ўсіх расходаў. Сярод галін сацыяльнай сферы расходы на адукацыю займаюць найбольшую ўдзельную вагу і складуць у 2016 годзе 134 192,1  мільёна рублёў (38,8 працэнта ад агульнага аб’ёму расходаў бюджэту). Забяспечваецца ўтрыманне дзеючай сеткі агульнаадукацыйных школ, дзіцячых дашкольных і пазашкольных устаноў. На аплату працы з адлічэннямі работнікаў адукацыі запланавана 73,5 працэнта расходаў на адукацыю.

Праектам раённага бюджэту расходы на ахову здароўя ўлічаны ў суме 73 553,4 мільёна рублёў. У аснову па фарміраванні пакладзены мінімальны нарматыў бюджэтнай забяспечанасці расходаў на ахову здароўя ў разліку на аднаго жыхара ў памеры 2 760 993 рублі. У прыярытэтным парадку плануецца накіроўваць сродкі на аказанне медыцынскай дапамогі ў амбулаторных умовах з улікам хуткай медыцынскай дапамогі, што павінна скласці не менш за 40 працэнтаў ад агульнага аб’ёму фінансавання расходаў на ахову здароўя.

Як і раней, у абласным бюджэце прадугледжаны сродкі на цэнтралізаванае набыццё абсталявання і лекавых сродкаў у суме 77,5 мільярда рублёў.  У межах сродкаў на ахову здароўя плануецца працягваць работы па капітальным рамонце сістэмы каналізацыі і водазабес-пячэння будынка ЦРБ.

У бюджэце 2016 года расходы па ўтрыманні дзеючай сеткі ўстаноў фізічнай культуры, спорту, культуры, правядзенні культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў прадугледжаны ў суме 23 347,2 мільёна рублёў, удзельная вага ў расходах бюджэту раёна — 6,8 працэнта.

Па-ранейшаму дзяржавай надаецца ўвага сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва. Так, на выплату дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі маламаёмным грамадзянам і сем’ям у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 2012 года № 41 “Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе” прадугледжаны сродкі ў суме  1 915,8 мільёна рублёў. Акрамя таго, 400 мільёнаў рублёў запланавана на бясплатнае забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця. У адпаведнасці з рэгіянальнай праграмай дэмаграфічнай бяспекі на выплату аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да навучальнага года сем’ям, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей, запланаваны асігнаванні ў суме 149,8 мільёна рублёў.

У праекце бюджэту ўлічаны расходы, звязаныя з датаваннем галін народнай гаспадаркі, на пакрыццё часткі прамых затрат у сувязі з захаваннем няпоўнай аплаты насельніцтвам паслуг, што аказваюцца пасажырскім транспартам, райпалівазбытам, жыллёва-камунальнай гаспадаркай.

З гасразліковых галін народнай гаспадаркі найбольшае фінансаванне атрымае ЖКГ, на якую з бюджэту раёна бу-дзе накіравана 44 479,9 мільёна рублёў. Асноўныя расходы дзяржавы ў гэтай галіне накіроўваюцца ў выглядзе субсідый на кампенсацыю страт ад аказання жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву па больш нізкіх тарыфах.

Расходы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў раёна запланаваны ў суме 7 632,2 мільёна рублёў і накіроўваюцца ў асноўным на ўтрыманне і рамонт вулічнай сеткі, вулічнае асвятленне, бягучае ўтрыманне іншых аб’ектаў добраўпарадкавання. Значныя сумы запланаваны сельскім Саветам на знос аварыйных дрэваў, абкошванне тэрыторый і г.д.

У раённым бюджэце на 2016 год прадугледжаны субсідыі райпалівазбыту і лясгасу на кампенсацыю розніцы ў цэнах на рэалізуемае насельніцтву цвёрдае паліва (вугаль, брыкет, дровы) у суме 2 950,6 мільёна рублёў.

На фінансаванне сацыяльна значных пасажырскіх перавозак прадугледжваюцца субсідыі ў суме 4 181,1 мільёна рублёў.

На фінансаванне сельскай гаспадаркі ў 2016 годзе плануецца накіраваць 10108,3 мільёна рублёў – каля 2,9 працэнта ад усіх расходаў бюджэту. Асноўная частка – 4 338,1 мільёна рублёў – будзе накіравана на ўтрыманне ўстановы “Ляхавіцкая райветстанцыя”. Упершыню ў бюджэце раёна прадугледжана 640 мільёнаў рублёў на тампанаж бяздзейных свідравін на тэрыторыі былога КУСГП “Ганчароўскі”.

У 2016 годзе расходы па жыллёвым будаўніцтве прадугледжаны ў суме 1 977,4 мільёна рублёў (у тым ліку на будаўніцтва сацыяльнага жылля, праектна-каштарысную дакументацыю, будаўніцтва сетак вулічнай каналізацыі па вуліцах Мінскай і Першамайскай у райцэнтры і г.д.). На прадастаўленне грамадзянам аднаразовых субсідый на будаўніцтва ці набыццё жылых памяшканняў і аказанне фінансавай падтрымкі маладым і мнагадзетным сем’ям у пагашэнні запазычанасці па крэдытах, выдадзеных банкамі на будаўніцтва ці набыццё жылых памяшканняў, у бюджэце раёна прадугледжана 460 мільёнаў рублёў.

Сельскія бюджэты вызначаны разлікова па даходах і расходах у суме 7 846,8 мільёна рублёў. У даходы сельскіх бюджэтаў будуць залічвацца: зямельны падатак, падатак на нерухомасць, збор з нарыхтоўшчыкаў, сродкі самаабкладання, дзяржпошліна, арэндная плата. Плануецца, што сельскімі Саветамі ў 2016 годзе будзе атрымана ўласных даходаў (не ўлічваючы падаходнага падатку) на суму 1084 мільёны рублёў.

Як падкрэсліла начальнік райфінаддзела, у працэсе фарміравання бюджэту ўнесена шмат прапаноў па павелічэнні расходаў па шэрагу накірункаў бюджэтнага фінансавання. Некаторыя з іх, у межах магчымага, адрэгуляваны, улічаны дадатковыя расходы па асабліва вострых праблемах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *