Не кожны арандатар – гаспадар

У адным з сакавіцкіх нумароў “Ляхавіцкі веснік” звяртаўся да тэмы арганізацыі аматарскага рыбалоўства на водных аб’ектах нашага раёна. Актуальнае пытанне разглядалася і на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама ў мінулы панядзелак.

На працягу крыху больш года, як вадасховішча Мінічы плошчай 526 гектараў было перададзена на 10 гадоў у арэнду ПУП “Мыслабаж”, арандатары зрабілі тут нямала. Пад кантролем прадстаўнікоў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання праведзена зарыбленне таўсталобікам і белым амурам. Добраўпарадкаваны месцы для адпачынку рыбакоў. У мінулым годзе па ўстаноўленых квотах тут неабходна было вылавіць 165,2 цэнтнера рыбы (заданне выканана на 90,8 працэнта). Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Баргамон, параўноўваючы сітуацыю з ранейшай, калі на вадасховішчы гаспадарылі іншыя арандатары, яна кардынальна змянілася ў лепшы бок. Начальнік Ганцавіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргей Крысюк заўважае: адзінае, на яго думку, што патрабуе неадкладнага выпраўлення, – узмацненне аховы рыбалоўных угоддзяў.

Дырэктар ПУП “Мыслабаж” Наталля Бярнацкая пералічвае зробленае: укамплектаваны штат работнікаў, з пачатку гэтага года вядзецца пастаяннае патруляванне тэрыторыі, як вынік, – сёлета не выяўлена ніводнага парушэння прыродаахоўнага заканадаўства.

Усе гэтыя факты былі агучаны на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама падчас абмеркавання пытання аб эфектыўнасці арэнды рыбалоўных угоддзяў Ляхавіцкага раёна. Няма заўваг і прэтэнзій і да арандатара сажалкі Сакуны – СВК “Шлях новы”.

Але адзначалася, што зусім іншая карціна на вадасховішчы Нетчын, якое трэці год арандуе ААТ “Барскае сяло”. Адсутнічаюць указальнікі і анш-лагі з інфармацыяй пра рэ- жым рыбалоўства, некаторыя ўчасткі прыбярэжнай паласы забруджаны бытавымі адходамі, не абсталяваны належным чынам лодачныя станцыі, прычалы, месцы для начлегу, не праведзена зарыбленне. З устаноўленных Мінсельгасхарчам квот на вылаў рыбы – 29,8 цэнтнера – у Нетчыне вылаўлена ўсяго 3,1 працэнта.

Арандатар сажалкі Востраў – раённая структура таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Парушэнні і недапрацоўкі выяўлены і тут, у прыватнасці, не прыбіраюцца месцы, адведзеныя для адпачынку, зарыбленне ў мінулым годзе не праводзілася. Хаця каму, як ні прадстаўнікам гэтага таварыства, паказаць прыклад іншым?

Прайшла былая папулярнасць вадасховішча Ляхавіцкае (прыватнае прадпрыемства “Ціхі плёс”). Карціна тут выклікае сум.   На выпраўленне сітуацыі ўсім арандатарам дадзена 2 тыдні. Калі справа не зрушыцца ў лепшы бок, дагавор арэнды з нядбайнымі гаспадарамі можа быць спынены.

На ўсіх пералічаных водных аб’ектах устаноўлена арэндная плата для жадаючых парыбачыць: ад 42600 рублёў (Ляхавіцкае) да 303880 рублёў (Нетчын). Хаця, трэба адзначыць, у раёне нямала месцаў, дзе за рыбалку плаціць не давядзецца.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *