Вясновы прызыў

Начальнік адасобленай групы раёна Аляксандр Байчык уручае навабранцам пуцёўку ў армейскае жыццё.

Каля 1800 жыхароў Брэстчыны падчас вясновага прызыву накіруюцца на тэрміновую службу і службу ў рэзерве. Сярод іх і 50 юнакоў з Ляхавіцкага раёна. Прызыў прадоўжыцца да канца мая. Большасць навабранцаў будзе несці службу ў вайсковых часцях і гарнізонах Брэстчыны (Брэст і Баранавічы), астатнія накіроўваюцца ў Гродзенскую, Гомельскую і Мінскую вобласці.
Павесткі будучым абаронцам Айчыны былі ўручаны на плошчы Перамогі 9 мая ва ўрачыстай абстаноўцы. Па словах начальніка адасобленай групы Ляхавіцкага раёна Аляксандра Байчыка, нашы землякі будуць служыць у часцях сіл спецыяльных аперацый, дэсантных, пагранічных, унутраных, сухапутных войсках і войсках супрацьпаветранай абароны.
Адбор, як і ў папярэднія прызывы, праходзіў строгі. Сур’ёзныя патрабаванні прад’яўляліся да здароўя, маральна-псіхалагічных, прафесійных якасцей маладых людзей. Улічваліся характарыстыкі з устаноў адукацыі, месцаў работы.

Па прыбыцці ў свае часці папаўненне пройдзе курс маладога байца, асвоіць азы вайсковай службы, страявой і стралковай падрыхтоўкі. 11 чэрвеня ва ўрачыстай абстаноўцы навабранцы прымуць ваенную прысягу.
Дарэчы, пасля кожнага звальнення ў запас чарговага вайсковага прызыву многія нашы землякі застаюцца служыць ва
Узброеных Сілах па кантракце – выбіраюць прафесію вайскоўца. Праходжанне армейскай службы з’яўляецца адной з абавязковых умоў для юнакоў, якія збіраюцца звязаць сваё далейшае жыццё са службай у праваахоўных органах, падраздзяленнях Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Так што ў прамым сэнсе слова армія многім юнакам дае пуцёўку ў самастойнае жыццё.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *