Жалезнае правіла

Ён – адзін з дружнага калектыву СВК “Ляхавіцкі”, калі больш адрасна – са згуртаванай каманды механізатараў гаспадаркі, адказнай і надзейнай, працавітай і абавязковай. Такія вось абагульненні і прыватнасці. Віктар Кардаш даўно прывык да механізатарскага раскладу: рана ўстаць, потым дзень напружанай працы і толькі позні вечар (а ў час жніва – пад ноч) прыносіць магчымасць адпачыць. Нічога звышнатуральнага ў гэтым ні Віктар Іванавіч, ні яго таварышы не бачаць. Людзі, якія даглядаюць-песцяць зямлю, дзяжураць па ўраджаі, у нечым асаблівыя. Ім не трэба тлумачыць, што тэрміновыя агратэхнічныя работы адкласці немагчыма нават пры самым неспрыяльным надвор’і, таму што асэнсаванне спецыфікі такіх умоў у іх свядомасці, нават хочацца сказаць – у іх абмене рэчываў.
…Падрыхтоўка глебы, пасяўная, касавіца, жніво – кожны год гэты звычайны і ўсякі раз па-новаму ўспрымаемы кругаварот першаважных спраў. І заўсёднае разуменне: трэба зрабіць якасна і паспець у самыя аптымальныя тэрміны. Віктар Кардаш з тых, хто не спазняецца, у чыіх руках справа ладзіцца. Рукі ў яго ўмелыя і жалезнае правіла, якому следуе майстар-ас: клопат пра зямлю не дазваляе павярхоўнасці і фальшу. Філасофія гэта выяўляецца звычайнымі штодзённымі справамі, якія робіць Кардаш адмыслова. І калегі давяраюць яму, звяртаюцца за парадай. Віктар Іванавіч трактар ведае дасканала, адчувае ”па голасе” яго настрой і стан. Даглядае бы жывую істоту.
– Тэхніка ў яго заўсёды як новая. Граматны механізатар і чалавек надзейны, – так лаканічна характарызуе Віктара Кардаша старшыня СВК “Ляхавіцкі” Аляксандр Вітко і дадае: – Калі было б інакш, хіба абралі б яго дэлегатам на Усебеларускі сход.
У словах гучыць павага. Заслужаная. Гэты механізатар заўсёды сярод лідараў працоўнага спаборніцтва. У час леташняга жніва, напрыклад, Віктар Іванавіч стаў першым у раёне тысячнікам па намалоце зерня. З году ў год на ўборачнай перасаджваецца са свайго МТЗ-82 на камбайн. І тыя гарачыя дні, напоўненыя надзвычайным напружаннем сіл і нерваў – каб жа хутчэй, каб жа без страт, застаюцца ў памяці яркімі старонкамі. Мусіць, як у спартсменаў – не трэніроўкі, а паспяхова пройдзеная дыстанцыя, так і ў хлебароба – менавіта жніўнае поле і паток з бункера камбайна ў кузаў аўтамабіля.
…Ён проста працуе. Займаецца справай, якую ведае і любіць. Магчыма, і ў гэтым сакрэт поспеху.
Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *