Пра сёння і мары. ЁСЦЬ ПЫТАННЕ АД “ЛВ”

Маладосць – час будаваць, марыць і спадзявацца. А яшчэ ўвасабляць свае планы ў жыццё, бо магчымасці ў сённяшніх юнакоў і дзяўчат вялікія – пра гэта паклапацілася дзяржава. Чым жывуць, пра што мараць і якой уяўляюць сваю будучыню нашы маладыя землякі – тэма чарговага апытання “ЛВ”.

Іван ПЛЕСКАЦЭВІЧ, мастацкі кіраўнік Тальмінавіцкага СДК:

– Жыву музыкай: яна натхняе, дорыць кожны раз новыя эмоцыі. Дзякуючы ёй, успрымаеш свет па-рознаму. У Год культуры імкнуся яшчэ больш разнастаіць культурнае жыццё жыхароў аграгарадка Тальмінавічы і навакольных вёсак, зрабіць іх вольны час больш змястоўным. Зараз рыхтуем святочную праграму да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Наогул, да прафесіі культработніка ішоў мэтанакіравана, у 2014 годзе закончыў Гродзенскі каледж мастацтваў па спецыяльнасці “Народная творчасць. Інструментальная музыка”. Размеркаваўся ў Тальмінавіцкі СДК – блізка ад дома, родам я з Русінавічаў, там і жыву.

Напрыканцы мінулага года дэбютаваў у ролі раённага Дзеда Мароза. Спадабалася. Пра планы гаварыць не люблю, каб не сурочыць.

Вікторыя КАЗУЛЯ, маладая мама:

– Сёлета 14 красавіка здарылася галоўная падзея ў жыцці маім і мужа – мы сталі мамай і татам. Яшчэ цяжарнай ведала: будзе двойня. Калі Ягорку і Глебушку ўпершыню прытуліла да сябе, адчула бязмерную пяшчоту і любоў. Нашы хлопчыкі яшчэ зусім маленькія, ім крыху больш за два месяцы, а ўжо ўсміхаюцца! Ягор старэйшы за брата на хвіліну. Зразумела, зараз усё круціцца вакол дзетак. Не ведаю, як справіліся б, калі не дапамога родных: мой муж – ваеннаслужачы.

Самая галоўная мара, каб нашы хлопчыкі былі здаровенькія. Пра астатняе паклапоцімся мы, бацькі. Ды і бабулі з дзядулямі – надзейная падтрымка нам і ўнукам.

Аляксандр ФУРСА, інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка СВК “Шлях новы”:

– Гаспадарка вялікая, у трактарным парку 82 адзінкі тэхнікі. Трэба, каб яны былі спраўныя, гатовыя да работы. За гэта і адказваю. Стараюся спраўляцца.

Вельмі задаволены, што пасля вучобы ў Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы трапіў працаваць у СВК “Шлях новы”. Моцная гаспадарка, доб-ры калектыў. Канешне, вельмі дапамагае падтрымка больш вопытных калег. Хочацца, як кажуць, адпавядаць, апраўдаць давер. Таму завочна вучуся на інжынера.  Дарэчы, як толькі прыехаў працаваць, адразу выдзелілі месца ў інтэрнаце гаспадаркі – жыву ў аграгарадку Навасёлкі.

Улада САРАКАВІК, выпускніца 2016 года СШ № 2,

залатая медалістка:

– Калі гэтым летам у мяне ўсё атрымаецца, як задума-ла, – буду самай шчаслівай у свеце. Канешне, крыху сумна, што давялося развітацца з любімай школай, настаўнікамі, аднакласнікамі.

З выбарам будучай прафесіі вызначылася даўно, бачу сябе толькі педагогам. З дзяцінства пра гэта марыла.

Як медалісту і абітурыенту педагагічных ВНУ, мне не давядзецца здаваць тэсты. Але ўсё роўна правяраю свае веды – праходжу іспыты па рускай мове, гісторыі і біялогіі.

Дзімтрый ПРЫХАЧ, трэнер-выкладчык ДЮСШ:

– Заўзяты футбольны балельшчык, думкамі я цяпер у Францыі, на чэмпіянаце Еўропы па футболе. За кантынентальным форумам уважліва сачу па тэлебачанні, інтэрнэце. На жаль, беларуская зборная не прабілася на еўрапейскае першынство.

Днём я працую выхавальнікам у летніку пры ДЮСШ.

Наогул, футбол – маё вельмі даўняе захапленне. Трэнірую 4 групы юных футбалістаў, у кожнай па 12 выхаванцаў. У вольны ад работы час гуляю ў складзе баранавіцкай каманды “Усход”.

Дамоў заўсёды спяшаюся з радасцю – маленькая дачка Кіра расце, “выдае” нешта новае. Наша сям’я стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, свой дом –

гэта зараз галоўная мара. А пакуль жывём разам з бацькамі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *