ЭКСТРАнны патэнцыял павінен працаваць

Сёлета перад жывёлаводамі раёна пастаўлена задача да канца года павялічыць вытворчасць малака на 3,5 працэнта. Як аказалася, актывізацыя нявыкарыстаных рэзерваў здольна на большае: за паўгода прырост прадукцыі склаў 6,6 працэнта.

Такі вынік атрыманы за кошт паляпшэння арганізацыі вытворчасці. Найперш – у аднаўленні статка: відавочны вынік уплыву раённай групы зааветспецыялістаў, якія практыкуюць выязныя абследаванні грамадскай жывёлы. Дарэчы, колькасць нованароджаных цялят павялічылася на 176 у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года.

Добрая кармавая база – аснова асноў у жывёлагадоўлі. Сёлета ўсе сельгаспрадпрыемствы ўвялі ў рацыёны статкаў камбікармы прамысловай вытворчасці. А яшчэ своечасова зарыентаваліся і пасеялі ўдвая больш леташняга аднагадовых траў, устойлівых да засушлівага надвор’я.

Самае складанае – дабіцца высокай вытворчай дысцыпліны, адказнасці і зацікаўленасці сярод жывёлаводаў і даярак, адзначаюць у райсельгасхарчы. У супрацьлеглым выпадку поспеху не дасягнуць. На Гайнінецкай МТФ КСУП “Тальмінавічы”, дзе часта парушаюць працоўную дысцыпліну, дзённы надой ад каровы складае 8,97 літра малака. Яшчэ меншыя надоі на ферме ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” у Малым Гарадзішчы – 7,75 літра, на МТФ Вялікае Гарадзішча гэтай гаспадаркі – 9,25 літра. Колькі малака тут будуць даіць зімой, калі ў самы спрыяльны час маюць такія надоі? Каб справа зрушылася з месца, спецыялістам райаграсэрвіса трэба ўлічыць адмоўны вопыт мінулай вясны, працаваць над пытаннямі аднаўлення статка і над умацаваннем кармавой базы.

Пытанне аднаўлення статка застаецца важнейшым і для жывёлаводаў СВК “Шлях новы”, дзе з-за незбалансаванага кармлення жывёлы ў перыяд сухастою выбыла шмат кароў. Але ў гэтым сельгаскааператыве сітуацыя відавочна мяняецца. Павялічылі плошчы пасеваў аднагадовых зернебабовых сумесяў і люцэрны, збалансавалі рацыён дойнага статка па бялку, пачалі выкарыстоўваць камбікармы толькі прамысловай вытворчасці. Сёння надоі па гаспадарцы складаюць 14 літраў ад каровы ў дзень.

Якасць малака – пытанне першаступеннай важнасці. Перад сельгаспрадпрыемствамі раёна стаіць задача адправіць на перапрацоўку не менш за 90 працэнтаў малака гатункамі экстра і вышэйшым, у тым ліку 50 працэнтаў – экстры. За паўгоддзе малаказавод атрымаў экстры 43, разам з вышэйшым гатункам – 82 працэнты. Па-ранейшаму, самае якаснае малако па ўсіх параметрах паступае з ЗАТ “Белпрампрыбор”, з новых малочных комплексаў СВК “Ляхавіцкі” і райаграсэрвіса, некаторых МТФ.

А вось у самых буйных сельгаскааператывах – СВК “Жарабковічы” і “Шлях новы” – якаснае малако здабываецца з цяжкасцямі. Прычына – чалавечы фактар. Малако з СВК “Жарабковічы” аказваецца бактэрыяльна абсямененым, прасцей кажучы – брудным. Недастаткова старанна кароў рыхтуюць да дойкі, не выкарыстоўваюцца пры гэтым пенаўтваральныя сродкі, дрэнна праводзіцца дэзынфекцыя малочнага абсталявання. А ўсё таму, што аслаблены зааветкантроль. Як адзначылі ў райсельгасхарчы, у “Жарабковічах” многіх праблем, якія ўплываюць на якасць прадукцыі, можна пазбавіцца, калі наладзіць вытворчую дысцыпліну і кантроль. Як, дарэчы, і ў “Шляху новым”. Адзіная, пакуль невырашальная праблема, – вялікая шчыльнасць жывёл у памяшканнях (за выключэннем МТФ у Бажках і Зубелевічах). У гаспадарцы чакаюць уводу ў дзеянне Сакуноўскага малочнага комплексу.

Дрэнная якасць малака – гэта пра КУСП “Тальмінавічы” і “Ліпнянка”, адкуль вышэйшым гатункам адпраўлена за паўгода адпаведна 23,3 і 5,8 працэнта прадукцыі. У першай гаспадарцы не займаюцца здароўем жывёлы, тут нават не прадугледжаны артыкул расходаў на набыццё лекаў, адсутнічаюць і адпаведныя спецыялісты – праблема пушчана на самацёк. У “Ліпнянцы” таксама няма кваліфікаваных спецыялістаў, парушаюцца санітарна-гігіенічныя нормы ўтрымання статка. Аднак, гаспадарка не адмовілася ад дапамогі райветслужбы, якая ўзялася за навядзенне парадку. Ужо за чэрвень сельгаспрадпрыемства адправіла на перапрацоўку 30 працэнтаў малака вышэйшым гатункам.

Дарэчы, пра парадак. Закончыліся вызначаныя райвыканкамам для кожнага сельгаспрадпрыемства тэрміны, на працягу якіх неабходна было абгарадзіць тэрыторыі і ўладкаваць санпрапускнікі. Усё ў парадку ў СВК “Шлях новы”, “Ляхавіцкі”, ЗАТ “Белпрампрыбор”, ДП “Нача”. Яшчэ ідуць работы ў райаграсэрвісе, “Жарабковічах”, “Ліпнянцы”. У КУСП “Тальмінавічы” і “Востраў” – ніякіх прыкмет добраўпарадкавання.

Толькі дзе-нідзе ў раёне пачалася падрыхтоўка фермаў да зімы. Як звычайна, усё па плане ідзе ў СВК ”Ляхавіцкі”, “Шлях новы”, ДП “Нача”. Астатнія, мабыць, чакаюць набліжэння 1 кастрычніка (да гэтай даты фермы павінны быць поўнасцю гатовымі да стойлавага ўтрымання), каб пасля, у рэжыме аўралу, правесці работы – зноў абы-як.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *