Камплімент за абед

Апоўдні на жніўных палетках на некалькі мінут сціхае    гул камбайнаў і аўтамабі-ляў – абед. Да вызначанага часу пад’язджае спецыялізаваны аўтобус, у кантэйнерах і тэрмасах прама ў поле дастаўляюцца стравы – з полымя, з жару, апетытныя і сытныя. А ў КСУП “Востраў-Агра” практыкуюць падвоз камбайнераў і вадзіцеляў у сталоўку, пад якую прыстасавалі ў аграгарадку адзін з катэджаў, – для невялікай гаспадаркі так зручней. У “Ліпнянцы” штодзень гатуюць да 40 абедаў (абавязкова ўлічваюць пажаданні работнікаў), на спецыяльна абсталяваным легкавым аўтамабілі дастаўляюць на жніво.
У СВК “Жарабковічы” для таго, каб накарміць усіх работнікаў, задзейнічана цэлая брыгада повараў. Загадчыца сталовай Ганна Барташэвіч клапоціцца пра пастаўку свежых прадуктаў: ялавічына – з комплексу гаспадаркі, бульба – з палеткаў, агародніна, крупы, макароны і г.д. – з аптовых баз, з якімі супрацоўнічае фірменны гандаль сельгаскааператыва. Ірына Грамак, Вольга Папко, Святлана Мурочак, Жанна Слаута штодзень чаруюць над абедамі. Раздатчыцы Тамара Молаш, Валянціна Ашмарына, Галіна Малахвей, Ніна Мартыненка, якія развозяць іншы раз да 400 порцый па самых розных кропках гаспадаркі, толькі  паспяваюць “збіраць” падзякі і кампліменты.  Удзячныя жарабковіцкім поварам і жняцы з ДП “Нача”, якія таксама дамовіліся там харчавацца.
Свае повары кормяць удзельнікаў жніва ў СВК “Шлях новы”. Сёлета амаль усе гаспадаркі адмовіліся ад райпоўскіх паслуг па арганізацыі харчавання ўдзельнікаў жніва. Толькі ў Русінавіцкай сталоўцы гатуюць стравы работніцы аб’яднання грамадскага харчавання Нэла Жук і Таццяна Траяноўская. Аднак, як расказала старшыня прафкама СВК ”Ляхавіцкі” Валянціна Герасімовіч, асноўныя прадукты пастаўляе сельгаскааператыў, толькі агародніну, соусы і г.д. закупляюць у магазіне райпо. Чаму спажыўтаварыства страціла выдатную магчымасць падзарабіць – гэта асобнае пытанне.
Плануюць сваю работу з улікам уборачнай кампаніі і медыкі. Напрыклад, фельчар Жарабковіцкага ФАПа Святлана Сакалоўская часта наведваецца ў мехмайстэрню, цікавіцца здароўем механізатараў, вадзіцеляў, камбайнераў. На кожным вытворчым участку сельгаскааператыва ёсць адказны за кантроль фізічнага стану працаўнікоў. У гэтай жа гас-падарцы на асобы рэжым работы пераведзены магазіны ў вёсках Падлессе і Зарытава, дзе арганізаваны свой, фірменны гандаль.
Чарговы працоўны дзень у СВК пачынаецца з абавязковага пад-вядзення ўчарашніх вынікаў. Старшыня прафкама Людміла Мікуліч пастаянна абнаўляе інфармацыйныя лісты, з якіх можна даведацца пра лідараў спаборніцтва, параўнаць вынікі.
Як зазначае старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Вайцешык, ва ўсіх гаспадарках бытавое абслугоўванне ўдзельнікаў жніва арганізавана прыкладна па адным сцэнарыі – максімальна зручна,  выгадна, без адрыву ад вытворчых працэсаў, бо прычына выключная – уборка хлеба.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Камплімент за абед

  • 09/08/2016 в 22:45
    Permalink

    Ат смачна абедаюць! Захацелася пакаштаваць. Абеды ў поле, прыгатаваныя па-дамашняму, з душой — вось гэта сапраўдны клопат і ўвага да хлебаробаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *