Пад ключ. Сваё прафесійнае свята ў нядзелю разам з калегамі адзначаць і будаўнікі СВК «Ляхавіцкі», якія з’яўляюцца аўтарамі многіх наваселляў гаспадаркі

Прараб Уладзімір Папко (справа) і брыгадзір Аляксандр Болтуць з СВК "Ляхавіцкі" ў будаўніцтве не навічкі.

Будуемся. Стараемся абыходзіцца ўласнымі сіламі. Цяпер вось узводзім памяшканне для ўтрымання сухастойных кароў. Плануем наваселле на лістапад. Дэталі ўдакладніце ў прараба, – старшыня СВК “Ляхавіцкі” Аляксандр Вітко ходам будаўніцтва ў гаспадарцы задаволены. І падкрэслівае, што брыгада сельгаскааператыва штогод узводзіць па складскім памяшканні – для ўдабрэнняў, зерня, захоўвання бульбы. За 10 гадоў з’явілася 13 такіх адрасоў. Прычым, аб’екты  ва ўласным выкананні атрымліваюцца больш таннымі. І, магчыма, больш якаснымі – для сябе ж будуюць!

Прараб гаспадаркі Уладзімір Папко, якога засталі на рыштаваннях, пацвярджае:

– Імкнёмся ўсё выконваць строга па тэхналогіі,  што раўназначна – па сумленні. Прафесіяналізм, ашчаднасць, адказнасць – гэтага дастаткова, каб справа ладзілася.

За 17 гадоў працы прарабам Уладзімір Іванавіч прайшоў выдатныя практычныя ўніверсітэты. Кожны аб’ект памятаецца, кожнае новае рашэнне – рух наперад. Праўда, зазначае, іншы раз на рыштаваннях СВК “Ляхавіцкі” шчыруюць і будаўнікі ПМК-13, якія ўзводзілі малочна-таварны комплекс, летась – 4 домікі. Але пераважна будуюць свае, з гаспадаркі. У будаўнічай брыгадзе ад двух да трох дзясяткаў чалавек, у залежнасці ад аб’ёмаў работ і тэрмінаў уводу аб’екта. Выкананне правіл тэхнікі бяспекі, строгая працоўная і тэхналагічная дысцыпліна – гэта ў рангу закона, як і належыць на будаўнічай пляцоўцы.

…Штодня, у любое надвор’е, месца іх працы – рыштаванні. Такая работа. Яе бязмежна любіць і Уладзімір Папко, і яго падначаленыя: аўтарытэтныя, майстравыя брыгадзір Аляксандр Болтуць, газаэлектразваршчык Юрый Толкач, мантажнік металічных канструкцый Дзмітрый Станкевіч, страхар Анатолій Баўтрукевіч, бетоншчыкі Аляксандр Станіславовіч і Мікалай Дуброўскі і іх калегі. Будаўніцтва не вітае выпадковых людзей: хто выбірае яго справай жыцця, той падпарадкоўваецца строгаму раскладу. І стараецца хутка, якасна, з душой здаць чарговы аб’ект пад ключ, як гэта рабілі ва ўсе часы. Аўтографы будаўнікоў “Ляхавіцкага” ўпрыгожваюць населеныя пункты гаспадаркі, ствараюць прывабны пейзаж вуліц і вытворчых тэрыторый.

Са святам!

Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Газаэлектразваршчык Юрый Толкач.

Бетоншчыкі Аляксандр Станіславовіч і Мікалай Дуброўскі.
Мантажнік Дзмітрый Станкевіч, страхар Анатолій Баўтрукевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *