Кругласутачная вахта

Дзень пажарнай службы вогнеборцы Ляхавіччыны адзначылі ўрачыстым мерапрыемствам на плошчы Перамогі ў раённым цэнтры.

Начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Равінскі павіншаваў калег са святам, падзякаваў за сумленную службу ім і былым супрацоўнікам аддзела. Нягледзячы на вялікі спектр і складанасць задач, якія ўскладаюцца на падраздзяленні РАНС, ніякага сумнення ў тым, што яны знойдуць сваё найлепшае вырашэнне, быць не можа.

І вось ён — урачыста-хвалюючы момант, падзея ў фармаце дня. Таццяна Свінабурка,           Андрэй Петрушко, Дзмітрый Цяльпук, Андрэй Мішкевіч, Аляксандр Абравец і Сяргей Івашка прынялі ў гэты дзень прысягу супрацоўніка Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. З хваляваннем у голасе паабяцалі бездакорна выконваць усе абавязкі па службе, быць узорам паводзін у звычайных і надзвычайных сітуацыях.

Таццяна Свінабурка прымала віншаванні двойчы. У адпаведнасці з загадам міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь інспектару групы прапаганды і агітацыі Ляхавіцкага РАНС прысвоена спецыяльнае званне малодшы лейтэнант унутранай службы. Гэта першы ў раёне выпадак, калі пагоны афіцэра МНС прымерыла прадстаўніца прыгожай паловы чалавецтва.

Гучалі песні, адбылася дэманстрацыя тэхнікі і абсталявання, якое стаіць на ўзбраенні РАНС. Завяршальным акордам стала водна-музычная феерыя. Адзіночныя струмені, залпы вады са ствалоў розных калібраў, “пакладзеныя” на экспрэсіўнае гучанне скрыпкі, пераблыталіся з сонечнымі промнямі і пераліваліся вясёлкай.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *