Не дайце махлярам шансаў для падману

Амаль два месяцы ўжо  ў абароце грошы новага ўзору, але ў выкарыстанні знаходзяцца і банкноты старога ўзору. У магазінах, паштовых аддзяленнях, на ўсіх АЗС размешчаны плакаты з выявай новых грошай. Аднак, не ўсе «развучылі» іх. І, канечне, махляры гэтым карыстаюцца. У групу рызыкі тых, хто можа пацярпець ад іх, уваходзяць перш за ўсё пажылыя людзі.

Такія злачынствы ўчыняюць у асноўным жанчыны. Яны прадстаўляюцца работнікамі розных сацыяльных службаў, супрацоўнікамі банкаў ці паштовых аддзяленняў і пус-каюць у ход увесь арсенал прыёмаў, каб завалодаць чужымі зберажэннямі.

Новыя беларускія банкноты ўзору 2009 года па дызайне, а некаторыя наміналы і па колеравым рашэнні, чымсьці нагадваюць еўра. Гэта падабенства могуць скарыстаць ў сваіх мэтах фальшываманетчыкі.

Акрамя таго, махляры могуць спрабаваць “абмяняць” зберажэнні грамадзян на выведзеныя з абарачэння купюры Нацбанка ўзору пачатку 90-х гадоў, на сувенірныя долары і еўра, нават на купюры шэрагу афрыканскіх і азіяцкіх краін, знешне падобныя на еўра.

Убачыўшы на парозе дома падазронага чалавека, папрасіце яго прад’явіць пасведчанне, зверце фота. Можна пазваніць у арганізацыю і ўдакладніць, ці працуе там гэты чалавек. Але лепш за ўсё не пускаць у свой дом чужых. Акрамя таго, не варта рабіць пакупкі з рук, а валютны абмен робіцца выключна праз банк. Сапраўднасць новых банкнотаў, атрыманых у банку, магазіне, на АЗС, можа гарантаваць чэк.

У адпаведнасці з артыкулам 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за махлярства прадугледжана пакаранне тэрмінам да дзесяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці (у залежнасці ад памеру, паўторнасці, у адзіночку ці групай асоб было ўчынена злачынства).

Згодна арт. 221 КК, выраб ці захоўванне з мэтай збыту або збыт падробнай афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных ці іншых каштоўных папер, намінаваных у нацыянальнай валюце, караюцца абмежаваннем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў ці пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна або арганізаванай групай, або ў асабліва буйным памеры, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Эльдар ВІЛЬЧКОЎСКІ,

начальнік РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *