Нам ёсць што паказаць! Брэстчына прадставіла ў расійскай сталіцы свой эканамічны, інвестыцыйны і турыстычны патэнцыял

Комплексная прэзентацыя Брэсцкай вобласці адбылася  30 лістапада ў Маскве ў Дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расіі. Брэстчына прадставіла эканамічны, інвестыцыйны і турыстычны патэнцыял, а таксама сваю культурную спадчыну.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка адзначыў, што ў Маскве ўжо прайшлі падобныя прэзентацыі Гродзенскай, Гомельскай абласцей і Мінска. «Сёння – дзень Брэсцкай вобласці, – сказаў дыпламат. – Брастаўчанам ёсць што паказаць – патэнцыял вобласці сапраўды вялікі як у прамысловай сферы, так і ў вытворчасці аграрнай прадукцыі. Аснову экспарту складаюць мяса, каўбасы, кансерваваная рыба і морапрадукты, малако і малочная прадукцыя».
Пасол паведаміў, што Брэсцкая вобласць падтрымлівае гандлёва-эканамічныя сувязі з 79 рэгіёнамі Расіі. Найбольш актыўна гандлёвыя адносіны складваюцца з Масквой і Санкт-Пецярбургам, Маскоўскай, Смаленскай і Бранскай абласцямі. Брэстчына падпісала 18 пагадненняў аб супрацоўніцтве з расійскімі рэгіёнамі.
«Факт правядзення сённяшняга мерапрыемства ў такім фармаце наглядна пацвярджае існуючы ўзаемны інтарэс, які, паводле майго глыбокага пераканання, знойдзе сваё адлюстраванне ў рэалізацыі шэрага практычных праектаў», – адзначыў на прэзентацыі намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Міхаіл Сяркоў.    Ён выказаў упэўненасць, што эфектыўнасці інтэграцыйных працэсаў у вялікай ступені садзейнічаюць цесныя партнёрскія кантакты паміж беларускімі і расійскімі рэгіёнамі. «Добрай традыцыяй стаў узаемны абмен візітамі не толькі афіцыйных дэлегацый, але і бізнес-колаў, аграрыяў, работнікаў вытворчасці, моладзі.  Як вядома, самая лепшая  дыпламатыя – гэта народная», – падкрэсліў Міхаіл Сяркоў.
У час прэзентацыі былі прадстаўлены магчымасці Брэсцкага тэхнапарку, свабоднай эканамічнай зоны «Брэст», транспартна-лагістычнага цэнтра «Белтэрмінал». На выстаўцы суб’ектаў гаспадарання Брэсцкай вобласці прэзентаваны кампаніі «Санта Брэмар», «Савушкін прадукт», Брэсцкі мясакамбінат, Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод «Белалка», канцэрн «Брэстмясамалпрам», Баранавіцкі малочны камбінат, Кобрынскі масларобна-сыраробны камбінат і іншыя.
Гасцямі прэзентацыі сталі прадстаўнікі ўрадаў Масквы, Маскоўскай вобласці, рэгіёнаў Расіі, інтэграцыйных органаў, дзелавых колаў, а таксама акрэдытаваных у Маскве дыпламатычных місій.
У час прэзентацыі ў прэс-цэнтры комплексу адбылася сустрэча Міхаіла Сяркова з прадстаўнікамі Беларуска-расійскага экспертнага    клуба. Яны абмеркавалі пытанні развіцця міжрэгія-нальнага і прыгранічнага супрацоўніцтва, знешне-эканамічных і рэгіянальных сувязей, пашырэння і паглыблення ўзаемадзеяння аналітычных цэнтраў у Саюзнай дзяржаве і Еўразійскім эканамічным саюзе.
БЕЛТА.
Фота з сайта http://brest-region.gov.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *