Так і трымаць!

Фота з сайта Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі

Калі б сярод спортаб’ектаў краіны праводзіліся спаборніцтвы на прадмет іх “крутасці”, Брэсцкі манеж мог бы пазмагацца за пападанне ў прызавую тройку. У сваёй “вагавай катэгорыі”, вядома, – закрытых стадыёнаў для заняткаў лёгкай атлетыкай. Тут многае прадугледжана для балельшчыка, практычна ўсё – для спартсмена. Дарослага, юнага, пачаткоўца.

26 і 27 студзеня на дарожках і ў сектарах манежа гаспадарылі-гасцявалі юныя. 14-15-гадовыя лёгкаатлеты з’ехаліся ў горад над Бугам пазмагацца за прызы спартакіяды Рэспублікі Беларусь сярод ДЮСШ  і СДЮШАР. За пропуск на турнір трэба было пазмагацца – трапіць у тройку лепшых школ на  спартакіядных стартах сваёй вобласці, горада Мінска. Каманда ДЮСШ Ляхавіцкага раёна на гэты раз была на вобласці толькі пятай. Адпаведна, “прабегла” міма рэспубліканскай спартакіяды. Але без ляхавіцкага прадстаўніцтва – сціплага па колькасці
і якаснага па паказчыку выніковасці на турніры не абышлося. Ганна Макоўская выступала без каманднай прывязкі –  у асабістым заліку. 3000 метраў – гэта 15 кругоў па трэку манежа. Ураджэнка аграгарадка Навасёлкі паказала зайздросны тэмп бегу, разумны тактычны расклад па дыстанцыі і фінішавала праз 10 мінут 40,25 секунды. Фініш стаў сярэбраным. А паказаны час больш як на 2,5 секунды выгадна адрозніваецца ад нарматыву, неабходнага для прысваення першага дарослага кваліфікацыйнага разраду. Пры тым, што дзевяцікласніца  абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву не адзначыла яшчэ і пятнаццаты дзень нараджэння.
Так і трымаць!
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *