Па надзённых пытаннях. Пра інвестыцыі, Дэкрэт № 3, бяспеку краіны гаварыў Прэзідэнт падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка  21 сакавіка зрабіў рабочую паездку ў Магілёўскую вобласць. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёна з пачатку года, гатоўнасцю вобласці да вясенніх палявых работ.  Прэзідэнту далажылі аб выкананні яго даручэнняў па развіцці свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў», прыцягненні замежных інвестыцый і іх ролі ў развіцці рэгіёна, а таксама па стварэнні ў рэспубліцы ўмоў для прыцягнення ўнутраных і знешніх інвестыцый і па развіцці СЭЗ.
Аляксандр Лукашэнка наведаў прадпрыемства «Кранаспан ОСБ», азнаёміўся з сучаснымі тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці арыентавана-стружкавых пліт і выстаўкай выраб-ляемай прадукцыі, адказаў на пытанні прадстаўнікоў працоўных калектываў прадпрыемстваў кампаніі «Кранаспан».
Беларусь будзе і ў далейшым падтрымліваць добрасумленных інвестараў, заявіў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы на прыкладзе прадпрыемства расказаў, што інвестары ў Беларусі могуць скарыстацца рознымі льготамі і паслабленнямі, адзначыў, што ў Беларусі ў цэлым створаны спрыяльныя ўмовы для прыцягнення інвестараў.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў Беларусі адсутнічае праблема хабарніцтва, а адзінкавыя выпадкі, якія і бываюць, адразу ж выяўляюцца і спыняюцца. Замежныя інвестары прызнаюць, што ў гэтай сферы наведзены парадак, і прыходзяць у краіну.

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь таксама прывабная для інвестараў з-за наяўнасці працоўных рэсурсаў, высокага ўзроўню адукацыі. Таму ў краіне створаны ўмовы для развіцця розных галін – ад дрэваапрацоўкі да  ІТ-тэхналогій.

Адказваючы на пытанне аб рэалізацыі Дэкрэта № 3  «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», Прэзідэнт падкрэсліў: дакумент не адмянялі і не прыпынялі. «Гэта няправільна кажуць. Дэкрэт № 3 сёння працуе. Адзінае, што я запатрабаваў, калі ўлада вінавата была (панакіроўвалі гэтыя «пісьмы шчасця» каму трэба і каму не трэба), – прыпыніць выплату на бягучы год. Але за гэты час мы выверым усе спісы. Крайні тэрмін – 1 кастрычніка», – заявіў Прэзідэнт.

Сярод станоўчых вынікаў прымянення дэкрэта   Аляксандр Лукашэнка прыгадаў тое, што людзі пачалі больш даражыць рабочымі месцамі, узрасла колькасць зваротаў у службы занятасці. «Гэты дэкрэт – лакмусавая паперка ў сацыяльнай сферы. Ён высвеціў вельмі многія негатыўныя пытанні. Мы ад яго адмаўляцца не будзем, але прывядзём усё ў парадак, каб людзі не крыўдзіліся», – рэзюмаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ў ліку важнейшых пытанняў, што стаяць перад органамі ўлады, назваў цэнаўтварэнне, узровень заработнай платы ў краіне і працаўладкаванне грамадзян.

«Ні ў якім разе нельга скарачаць і звальняць людзей без узгаднення з мясцовымі органамі ўлады», – заявіў Прэзідэнт. Ён растлумачыў, што гэта рашэнне прадыктавана не намерам застопарыць працэс звальненняў і прыёму на работу. Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ёсць і нядобрасумленныя работнікі, якія не трымаюцца за работу. «Зразумела, кіраўнік такіх людзей трымаць не будзе. І не трэба. А сёння, калі я патрабую сярэднюю зарплату Br1 тысячу, ужо некаторыя падумваюць: так, дадзім Br1 тысячу, але скароцім энную колькасць людзей, у тым ліку нармальных работнікаў, – адзначыў Прэзідэнт. – Вось гэтага без узгаднення з мясцовымі органамі ўлады рабіць нельга».

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што гэта звязана з неабходнасцю працаўладкавання вызваляемых работнікаў у іншым месцы. «Нельга ў цяжкі час выкідваць людзей на вуліцу. Гэта няправільна. Няхай гэта не рыначна, але пакуль мы будзем дзейнічаць такім чынам», – падкрэсліў беларускі лідар.

На пытанне, якіх дасягненняў чакае ад беларускіх вучоных у Год навукі, Кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Я вельмі хацеў бы, каб наша навука зрабіла прарыў у лячэнні людзей, і самае галоўнае, каб мы нарэшце перамаглі гэту страшную чуму, страшную хваробу, з якой мы не можам справіцца. Калі б тут быў прарыў, і мы навучыліся лячыць ракавыя пухліны, як звычайную хваробу, гэта было б шчасце». Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў краіне даўно вядуцца навуковыя даследаванні ў гэтым напрамку. Беларускія медыкі ўжо зрабілі нямала, навучыліся дыягнаставаць захворванне на ранняй стадыі і праводзіць унікальныя аперацыі.

«Яшчэ я хацеў бы, каб нашы вучоныя вынайшлі нейкую новую крыніцу энергіі, каб мы на каленях не поўзалі нават перад нашымі братамі, молячы іх і выпрошваючы тону нафты або кубаметр газу», – дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама адказаў на пытанне аб прычынах актывізацыі ў краіне розных апазіцыйных структур, у тым ліку прадстаўнікоў так званай пятай калоны. «Ім трэба ўзбунтаваць краіну. Мара – разбурыць уладу і скінуць Прэзідэнта. Чаму – а ён не дае дзяліць краіну, заводы не прысвоіш, прыватнай уласнасці на зямлю не ўводзіць…, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Вы не хвалюйцеся, краіну мы нікому не аддадзім. Мы яе будзем трымаць разам з вамі. Самы вялікі недахоп нашай так званай пятай калоны – яны вельмі ўжо далёкія ад народа».

Гаворачы аб актывізацыі ў Беларусі апазіцыйных структур, Прэзідэнт адзначыў, што гэта здарылася ў тым ліку пасля яго сустрэчы з галоўным рэдактарам апазіцыйнай газеты «Народная воля» Іосіфам Сярэдзічам, які прапанаваў сесці за агульны стол з апазіцыяй і абмеркаваць тыя ці іншыя пытанні. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў прынцыпе не адхіліў гэту ідэю, але яго прынцыповая пазіцыя заключаецца ў тым, што за такім сталом павінны прысутнічаць прадстаўнікі патрыятычнай апазіцыі, якая любіць свой народ і краіну.

«З іншымі я размаўляць не буду – з правакатарамі. Калі Прэзідэнт у Палац Незалежнасці за круглы стол запускае правакатараў, што падумаюць нармальныя людзі? – задаў рытарычнае пытанне Кіраўнік дзяржавы. – Таму я паставіў умовы. І гэта ўзарвала гэту апазіцыйную клааку. Тыя, хто наверсе, зразумелі, што да Прэзідэнта яны не трапяць, а за стол сядуць іншыя. А калі іншыя, значыць, іншым будуць плаціць».

«Гэта – глыбінная прычына, чаму раптам апазіцыя так моцна ў нас узбудзілася», – упэўнены Аляксандр Лукашэнка.   Прэзідэнт звярнуў увагу, што заходнія арганізацыі, якія фінансуюць апазіцыю ў Беларусі, гатовы даваць грошы ў першую чаргу пры ўмове арганізацыі беспарадкаў.

Кіраўнік дзяржавы расказаў пра рэзанансны факт – у Беларусі затрымалі баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй. Прэзідэнт адзначыў, што ў далейшым грамадскасці будзе прадстаўлена больш шырокая інфармацыя аб гэтым факце. Ён таксама расказаў аб тым, як праваахоўнікам удалося даведацца аб існаванні такіх планаў. Паводле слоў Прэзідэнта, цяпер трэба дэталёва разабрацца, адкуль паступалі грошы, хто займаўся падрыхтоўкай, з якіх краін прыехалі адпаведныя людзі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што тэма бяспекі і абароны знаходзіцца выключна ў рамках прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. «Я ўдзяляю гэтаму вельмі сур’ёзную ўвагу», – сказаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі заўсёды гатовы спыняць любую проціпраўную дзейнасць і бандытызм.

«Беларусы хочуць жыць спакойна і гадаваць дзяцей. Нікому гэта вайна не патрэбна, і я яе дапусціць не магу. Трэба будзе – у першай шарэнзе пайду з усімі блізкімі і роднымі. Але краіну мы на ганьбу нікому не аддадзім», – рэзюмаваў беларускі лідар.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *