Заўсёды маладыя і актыўныя ветэраны піянерскага руху.
Чырвоны гальштук і салют, цімураўскі рух і шэфства над акцябратамі, вахты памяці і гульня “Зарніца”, песні вакол кастра і злёты, збор макулатуры і металалому… Такім у памяці многіх пакаленняў нашых землякоў застанецца піянерскае дзяцінства. Права насіць піянерскі гальштук і дзесяцігоддзі назад, і сёння атрымліваюць тыя, хто з’яўляецца прыкладам для іншых. Сёння на грудзях у беларускіх хлопчыкаў і дзяўчынак гальштук чырвона-зялёнага колеру. Яны беражліва захоўваюць традыцыі сваіх бацькоў і дзядоў, прымнажаюць іх.
95 гадоў назад, 19 мая 1922 года, на камсамольскім з’ездзе было прынята рашэнне аб стварэнні ў маладой краіне Саветаў піянерскай арганізацыі. Сёння ў радах паўнапраўнай пераемніцы савецкай піянерыі – Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі (створана 13 верасня 1990 года) больш за 650 000 хлопчыкаў і дзяўчынак, з якіх больш за 1200 – жыхары нашага раёна, аб’яднаныя ў 15 піянерскіх дружын.
20 мая пад гукі марша і барабанны пошчак па вуліцах райцэнтра ішлі прадстаўнікі піянерскіх дружын разам са сваімі старэйшымі сябрамі – педагогамі-арганізатарамі. На плошчы Перамогі гарністы пратрубілі святочны раённы збор “Піянерыя: учора, сёння, заўтра”.
Апладысменты і кветкі – ганаровым гасцям, сярод якіх піянерважатыя розных часоў. Каля 20 ветэранаў піянерскага руху, арганізатараў добрых і цікавых спраў, з іскрынкай у вачах, з чырвонымі гальштукамі на грудзях прайшлі па плошчы Перамогі.
Кожны з выступаючых адзначаў вялікую ролю піянерскай арганізацыі ў выхаванні і станаўленні не аднаго пакалення рабят. У важатых мінулага стагоддзя сёння ёсць дастойная змена. Лепшыя педагогі-арганізатары Алена Плескацэвіч з СШ № 1, Наталля Буйкевіч з Ліпскай СШ, Юрый Дзямід з Востраўскай, Ірына Балабушка з Тальмінавіцкай, Святлана Падгурская з Начаўскай СШ узнагароджаны граматамі абласнога савета БРПА і аддзела адукацыі, спорту і турызму Ляхавіцкага райвыканкама.
У адказ на заклік “Да спраў на карысць Радзімы, да дабра і справядлівасці будзь гатовы!” , дружна прагучала “Заўжды гатовы!”.
У гарадскім парку па вуліцы Дзесюкевіча праходзіла гульнёвая праграма ”Піянерскі экспрэс”. А ветэраны піянерскага руху сабраліся ў СШ № 1 на сустрэчу “Я цяпер успамінаю, як песню”.
Галіна КАНЬКО. Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Кацярына ЛЕГЕДА, старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы:
– Піянерыя – гэта, без перабольшання, значная частка майго жыцця. Галоўнай піянерважатай раёна працавала амаль чатыры дзесяцігоддзі. Той час падарыў шмат незабыўных момантаў і быў вельмі багаты на цікавыя сустрэчы, знаёмствы. Мне пашчасціла працаваць з піянерважатымі гарадскіх і сельскіх школ Ірынай Піскун, Алінай Дыдышка, Зінаідай Мацкевіч, Вольгай Жытковіч, Аленай Дыдышка, Наталляй Белай, Людмілай Манахавай, Наталляй Камінскай, Марынай Грыкель. І нават у 90-я гады мінулага стагоддзя ў Ляхавіцкім раёне, адзіным на Брэстчыне, прадаўжала дзейнічаць піянерская арганізацыя.
Зінаіда Мацкевіч, ветэран педагагічнай працы:
– Упэўнена, законы піянерскай арганізацыі, засвоеныя ў дзяцінстве, многім дапамаглі дасягнуць добрых вынікаў у жыцці, рабоце. Ганаруся, што ў маім лёсе быў чырвоны гальштук! З 1972 па 1978 гады працавала піянерважатай у СШ №1. Як жа натхнёна рыхтаваліся да кожнага піянерскага збору! Дапамагалі арганізатар пазакласнай работы Віктар Жук, педагогі Ірына Піскун, Вера Купрык. Цікава праходзілі змены ў аздараўленчым лагеры “Арляня” каля вёскі Мыслабаж. І сёння з цеплынёй успамінаю сваіх калег Валянціну Гоўша, Аляксандру Рудкоўскую, Тамару Васько, Ядвігу Папко, Ніну Памазанскую, Ніну Цярэшка, Таісію Гатоўчыц і незаменную Кацярыну Легеду.
Сяргей ТУРЧАНКА, настаўнік Крывошынскай СШ:
– Працаваў піянерважатым у Крывошынскай СШ з 1984 па 1990 гады. Столькі цікавых мерапрыемстваў ладзілі разам з рабятамі! У 1987 годзе зборная каманда Крывошынскай і Востраўскай школ адстойвала гонар раёна ў абласной ваенізаванай гульні “Зарніца”, прысвечанай 65-годдзю піянерскага руху. Акцябраты, піянеры, камсамольцы дружна працавалі падчас акцыі “Мільён – Радзіме”. Піянеры заўсёды ў гушчыні падзей, імкнуцца клопатам ахапіць усіх, каму патрэбна дапамога.
Наталля СЯРГЕЙЧЫК, педагог-арганізатар Жарабковіцкай СШ:
– Піянерскія зборы, паходы з начоўкай, экскурсіі, цімураўскія акцыі – гэта маё піянерскае дзяцінства, гэта 18 гадоў на пасадзе педагога-арганізатара дружыны “Палымяныя сэрцы” Ляхавіцкай гімназіі. Цімураўскі рух у гімназіі заўсёды быў вельмі папулярны. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем спяшаліся на дапамогу: клапаціліся і пра ветэранаў, і пра сваіх маленькіх падшэфных. Наша цімураўская каманда неаднойчы прадстаўляла раён на абласным злёце і амаль заўжды вярталася дамоў з перамогай. Пераканана, што наперадзе ў нас шмат цікавых спраў. Зараз працую на такой жа пасадзе ў Жарабковіцкай СШ, дзе актыўна дзейнічае дружына “Вясёлка”.
Таццяна КАЗАНЦАВА, старшыня савета дружыны “Праметэй” Тухавіцкай СШ:
– Піянер – гэта той, хто дапамагае, добра вучыцца, умее сябраваць. У нашай школе цікавае піянерскае жыццё. З такім педагогам-арганізатарам, як Святлана Зубік, і нашымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі не засумуеш. Мы збіралі металалом, макулатуру, пластык, атрыманыя за гэта грошы пералічылі на аднаўленне помніка піянеру-герою Марату Казею. Актыўна ўдзельнічаем у дабрачынных акцыях “Цуды на Каляды”, “Дзеці – дзецям”.
И ўсё ж, якая гэта незабыўная пара дзяцінства! Хто быў піянерам ў 80-я гады мінулага стагоддзя напэўна ўспомніць гэьа цікаве. поўнае прыгод жыццё. Памятаю. як з сябрамі гулялі ў «Цімура і яго каманду». А які гонар быў прадстаўляць дружыну ў раённым піянерскім злёце. Потым пашчасціла. хоць і кароткі час працаваць піянерважатай—дзіўны быў час!.