Праблемы з дарожным ухілам

Выхадны статус суботы ніколькі не паўплываў на актыўнасць землякоў, якія 10 чэрвеня прыйшлі на прыём па асабістых пытаннях да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны Леаніда Цупрыка. Сем зваротаў, з якіх два калектыўныя, былі агучаны трынаццаццю нашымі землякамі. Прыём грамадзян разам з членам парламента вёў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч.
Большасць узнятых пытанняў на гэты раз датычыла добраўпарадкавання, у прыватнасці, дарожнага. Жыхары вуліцы Клецкай райцэнтра цікавіліся перспектывай прывядзення ў парадак іх дарогі: нават невялікі дождж выклікае «калапс» транспартнага руху на гэтым участку.
Пытанне на кантролі ў мясцовай улады, больш таго, у даны момант шукаюцца сродкі на выраб праектнай дакументацыі па добраўпарадкаванні вуліцы Клецкай. Хутчэй за ўсё гэтыя работы пройдуць у наступным годзе. Пакуль жа даручэнне дэпутата Палаты прадстаўнікоў дадзена дырэктару жылкамунгаса Аляксандру Мядзвецкаму: тэрмінова хаця б прагрэйдзіраваць дарогу.
Дарожнае пытанне прывяло да Леаніда Цупрыка і жыхароў хутара Талкачоўка, што ля вёскі Вялікая Лотва. Грунтавая дарога да яго ў вельмі дрэнным стане – фактычна адсутнічае. Цяжкавагавы транспарт «Шляху новага», іншыя акалічнасці зрабілі сваю справу: тут не праехаць, не прайсці. Людзі ўжо звярталіся з гэтым пытаннем у інстанцыі. В. а. старшыні Навасёлкаўскага сельвыканкама А. Мацюшэнка ў адказе спаслаўся на інфармацыю ДРБУ № 200: адсыпку гэтага ўчастка пясчанай сумессю павінны закончыць да сярэдзіны чэрвеня.
Адказны за выкананне работ начальнік дарожна-рамонтнага ўпраўлення № 200 Ігар Пілінога ў тэлефоннай размове 15 чэрвеня запэўніў, што яны хутка будуць завершаны.
Падчас прыёму былі ўзняты і іншыя пытанні, якія хвалююць нашых землякоў. Па некаторых заяўнікам дадзены тлумачэнні, па іншых – даручэнні адказным асобам, у кампетэнцыі якіх знаходзяцца пытанні: вывучыць праблемы і, калі яны абгрунтаваныя, паспрыяць вырашэнню.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Праблемы з дарожным ухілам

  • 17/06/2017 в 17:14
    Permalink

    А у меня извечный вопрос: когда же, наконец, сделают нормальные пешеходные дорожки по улице Чкалова!?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *