«Доўгая карова» – з працягам

Выкарыстана ілюстрацыя

Фермерскую гаспадарку «ЛагуЦін» з нядаўняга часу ведаюць не толькі ў нашым раёне. Менавіта яна стала пляцоўкай для ўвасаблення перспектыўнай  ініцыятывы «Доўгая карова», якую рэалізуе Брэсцкі абласны аграпрамысловы саюз у межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Праект фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН). Сума фінансавання з боку Еўрапейскага саюза  – 25060 еўра.

Асноўная мэта «Доўгай каровы» –  развіццё  ў сельскай мясцовасці прадпрымальніцтва і самазанятасці ў выглядзе малых сямейных фермаў.  Прычым, кожны з удзельнікаў праекта  племянную цялушку  ў асабістае падвор’е атрымлівае бясплатна.  Абавязковая ўмова: першую народжаную ад падоранай каровы цялушку неабходна будзе перадаць у іншае падвор’е на тых жа ўмовах.
Яшчэ ў красавіку ў аграгарадку Тальмінавічы, вёсках Куршынавічы і Ганчары на сельскіх сходах прадстаўнікі Брэсцкага аграпрамысловага саюза і фермерскай гаспадаркі «ЛагуЦін» расказалі пра мэту ініцыяванага імі праекта, яго фінансаванне, перспектывы для насельніцтва. Прапанова зацікавіла, і ўжо ў час сходаў некаторыя вяскоўцы былі гатовы заключыць дагаворы на перадачу маладняку буйной рагатай жывёлы.
Праект рэалізуецца. Закуплены 23 племянныя высокаўдойныя цялушкі.  Хутка яны прынясуць прыплод, які і будзе перададзены ў прыватныя падвор’і згодна загадзя пададзеных у сельвыканкам заяў.
Гэта практычная частка рэалізацыі ініцыятывы. Ёсць і тэарэтычная. Для вывучэння вопыту развіцця асабістых падсобных гаспадарак група, скла-дзеная з жыхароў Ганчароўскага сельсавета і работнікаў сельвыканкама,  якія пажадалі стаць удзельнікамі «Доўгай каровы», прадстаўнікоў райсельгасхарчу, ЛДАКа, Брэсцкага аграпрамысловага саюза, наведала  падвор’і гаспадароў-прыватнікаў, фермерскую гаспадарку, конезавод у Столінскім раёне. Ляхавічане вывучалі вопыт работы па апрацоўцы прысядзібных участкаў, утрыманні свойскай жывёлы, забеспячэнні яе кармамі. Карыснымі былі дыскусія і абмен думкамі.
– Такія паездкі надзвычай важныя і неабходныя. На ўласныя вочы ўбачылі, як развіваецца прыватная жывёлагадоўля ў іншых раёнах, як весці гаспадарку, каб яна была прыбытковай, –
зазначае ўдзельніца праекта жыхарка вёскі Куршынавічы  Зоя Біліновіч.
Зою Раманаўну вялікая гаспадарка не палохае. Калісьці трымала дзве каровы, цяпер, праўда, засталіся толькі свінні, куры.  Пралічвае варыянты, узважвае сілы, раіцца з роднымі – рашэнне надзвычай важнае.
– Убачыў шмат карыснага. Фермерская гаспадарка «Вопыт КАА» пачыналася якраз з падсобнай гаспадаркі. Уразіў і конезавод  ААТ «Палеская ніва», – разважае  Леанід Куліцкі з аграгарадка Тальмінавічы.
Між тым, як адзначыла  кіраўнік ініцыятывы, галоўны спецыяліст па прававой рабоце Брэсцкага  аграпрамысловага саюза  Іна Даніловіч, атрымаць цялушку можна толькі  на конкурснай аснове. Будуць улічвацца  ўмовы ўтрымання жывёлы, вопыт яе развядзення і іншыя фактары. У кастрычніку  пачнецца перадача цялушак у падсобныя гаспадаркі.
–  «Доўгая карова» – доўгатэрміновая ініцыятыва. Сродкі, выдаткаваныя на набыццё адной цялушкі, будуць працаваць на дабрабыт вясковых жыхароў пастаянна, – раскрывае падрабязнасці Іна Даніловіч.
У бліжэйшых планах – правядзенне ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы і  фермерскай гаспадарцы «ЛагуЦін»  трэнінгаў па правільным утрыманні, кармленні буйной рагатай жывёлы, выкарыстанні даільных апаратаў.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *