Жаночая справа

За апошнія стагоддзі роля жанчыны ў грамадстве шматразова вырасла. Сёння на яе плячах не толькі клопат пра тое,кабсям’я была смачна накормлена, прыгожа і чыста апранута, а гаспадарка ўтрымлівалася ў поўным парадку. Не сакрэт, што на маці найчасцей кладуцца клопаты па выхаванні дзяцей.

Ды і ў прафесійнай дзейнасці жанчыны даўно перасталі саступаць дарогу прадстаўнікам моцнай паловы чалавецтва: не толькі гатуюць, шыюць, вучаць і лечаць, але і вырошчваюць хлеб, праектуюць і будуюць, водзяць аўтамабілі… І, што сёння стала зусім звыклай з’явай,– паспяхова і прафесійна кіруюць. Узяць да прыкладу хаця б наш раён.  Жанчыны ўзначальваюць суд і натарыяльную кантору, абедзве банкаўскія ўстановы, пошту і аддзяленне Брэстаблсаюздруку, прадстаўніцтва Белдзяржстраху і аддзел статыстыкі, кааппрам і аптэчную сетку, сацыяльна-педагагічны цэнтр і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насель-ніцтва, КУПП “Ляхавіцкая  архітэктура” і, дарэчы, рэдакцыю.

Яшчэ – школы, дзіцячыя садкі, дамы культуры, клубы і бібліятэкі. Многія нашы зямлячкі знайшлі прызванне, арганізаваўшы ўласную справу. Жаночыя кампетэнтнасць, адказнасць,  ініцыятыўнасць запатрабаваны і ва ўладных структурах: шматлікія аддзелы райвыканкама (фінансавы, адукацыі, культуры, эканомікі, зямельны, арганізацыйна-кадравай работы, будаўніцтва і архітэктуры,  загса, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне),  а таксама адзін з сельвыканкамаў узначальваюць жанчыны, у дэпутацкім корпусе прадстаўніцы прыгожай паловы маюць   9 мандатаў.  І гэты пералік, хутчэй за ўсё, не зусім поўны.

Між іншым, і кіраўніцтва раённымі арганізацыямі шэрагу грамадскіх аб’яднанняў – на трывалых жаночых плячах. У гэтым спісе – “Белая Русь”, БРСМ, таварыствы Чырвонага Крыжа, інвалідаў і інвалідаў па зроку, нават Асвод і, безумоўна, “Беларускі саюз жанчын”.

Менавіта на апошнім варта спыніцца падрабязней. Тым больш, што сёння БСЖ, у тым ліку Ляхавіцкая раённая арганізацыя, адзначае 20-годдзе з дня ўтварэння. І многія, пра каго ішла размова вышэй, маюць да гэтага юбілею непасрэднае дачыненне.

Сёння на Ляхавіччыне дзейнічае 13 пярвічак “Беларускага саюза жанчын”, якія аб’ядноўваюць 992 прадстаўніцы рознага ўзросту і прафесій. Што датычыць лідараў, раённы жансавет адрозніваецца зайздросным пастаянствам. На працягу 17 гадоў яго ўзначальвала Ірына Маляр, якая ў 2008 годзе перадала эстафету Наталлі Мацкевіч. Наталля Францаўна – галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама, амаль 2 дзесяцігоддзі адпрацавала ў школе, добра знаёма з праблемамі неўладкаваных сем’яў і “цяжкіх” падлеткаў. А яшчэ яна – мнагадзетная мама, якая не па чутках ведае, што такое вялікая сям’я…

Сярод галоўных мэт грамадскага аб’яднання – павышэнне статусу жанчыны ў грамадстве, садзейнічанне ахове і паляпшэнню яе здароўя, абарона правоў і супрацьдзеянне насіллю ва ўсіх яго праяўленнях, умацаванне сем’яў. На рахунку БСЖ  накапілася нямала добрых спраў. Саюз актыўна займаецца дабрачыннасцю і асветніцкай дзейнасцю, метадамі жаночай дыпламатыі імкнецца ўносіць сваю лепту ў будаўніцтва квітнеючай краіны.

“Усё можна змяніць да лепшага, калі паслядоўна мяняць сябе і грамадства, у якім жывем” – такім дэвізам кіруецца ў сваёй дзейнасці раённая арганізацыя. І даказвае слушнасць гэтай высновы справамі: дапамагае, падтрымлівае, арганізоўвае сустрэчы з жанчынамі-маці і будучымі мамамі, шматлікія дабрачынныя акцыі для дзяцей, інвалідаў, людзей шаноўнага ўзросту, не пакідае без увагі жанчын-ветэранаў.

Жансавет арганізаваў збор адзення, якое перадаецца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага аб-слугоўвання насельніцтва – для малазабяспечаных грамадзян і сем’яў. Наогул, работа з апошнімі – сярод важнейшых. У практыку трывала ўвайшлі рэйды ў неўладкаваныя сем’і, прафілактычныя гутаркі з гора-бацькамі, кансультацыі, сумесныя пася-джэнні камісіі па справах непаўналетніх і праўлення раённай арганізацыі БСЖ і г.д. “Жанчыны супраць п’янства” – адна з пастаянных акцый.

“Саюзніцы” актыўна ўдзельнічаюць у палітычных кампаніях, у тым ліку – перадвыбарных: уваходзяць у выбарчыя камісіі, працуюць у якасці назіральнікаў.

Сёлета раённы жансавет падрыхтаваў матэрыялы для ўдзелу нашай зямлячкі Галіны Зыранавай у рэспубліканскім конкурсе “Жанчына года”.

БСЖ актыўна супрацоўнічае з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі – БРСМ, таварыствам Чырвонага Крыжа, “Белай Руссю”. Сярод арганізацый галоўныя памочнікі – ТЦСАН, установы адукацыі, культуры, аховы здароўя. З гатоўнасцю ідзе насустрач просьбам жансавета камбінат кааператыўнай прамысловасці. “Генеральны” ж спонсар большасці мерапрыемстваў – ТАА “Трансэлектракамплект”.

– У бліжэйшай перспектыве – арганізацыя сваёй грамадскай прыёмнай. І гэта вельмі цікавая ідэя, якая ўжо апрабавана ў        некаторых рэгіёнах. У складзе праўлення раённай арганізацыі ёсць і загадчык паліклінікі, і псіхолаг, і кіраўнікі падраздзяленняў райвыканкама… А  жанчыне заўсёды прасцей расказаць пра свае праблемы, калі насупраць – таксама жанчына,  – дзеліцца  планамі Наталля Мацкевіч.

Планаў, дарэчы, мноства. Шмат цікавых ідэй лідар раённага жансавета прывезла з нядаўняга жаночага форуму (на мінулым тыдні БСЖ сабраў у Мінску на справаздачна-выбарную канферэнцыю дэлегатак з усіх куткоў краіны), дзе ішла размова пра многія рэчы, якія хвалююць беларусак.

Наталля Мацкевіч пераканана ў тым, што арганізацыя запатрабавана і ў яе ёсць яшчэ шмат рэзерваў для развіцця:

– Мы ведаем, што ёсць яшчэ шмат жанчын – неабыякавых, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія маглі б і хацелі б дапамагаць іншым – не за грошы (у БСЖ  нават узносаў няма), а па закліку душы.  Разам гэта ра-біць прасцей. Наш саюз – адкрытая арганізацыя, дзе заўсёды рады новым членам. Паверце, жанчыны – гэта вялікая сіла. Прыгожая і вельмі душэўная.

Святлана БЕЛЬМАЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *