Прафесія з адрасам. Расказваюць ляхавіцкія ветэраны-паштавікі

Часлава Салагуб

Ганна Папко.

Серафіма Лук’янчык.

«З Днём нараджэння»,  «З 1 мая!», «З 8 Сакавіка!», «З Новым годам!», «Са святам!» – паштоўкі з прывітаннямі-пажаданнямі яшчэ пару дзесяцігоддзяў назад  ляцелі-спяшаліся па шматлікіх адрасах, злучалі людзей у  розных гарадах і краінах, паведамлялі пра важныя падзеі і навіны.  Прыгожыя, маляўнічыя  прамавугольнікі  з інтарэсам разглядалі, многія іх беражліва  захоўвалі. А нехта  нават вырабляў з іх прыемныя дробязі: шкатулкі,    вазачкі і г.д.
Тых, хто зараз перад святам запасаецца стосікам паштовак, старанна выводзіць сардэчныя  словы дарагім людзям, зусім нямнога. Сёння паштоўкі саступаюць пад   націскам  электроннай пошты, СМС, месенджараў, сацыяльных сетак. Святочнай раніцай сыплюцца віншаванні  – толькі паспявай адказваць па мабільніку.  Зручна, хутка і  проста. Але вось колішняй душэўнасці і чакання нейкага цуда, на жаль, ужо няма.
Пра тое, як калісьці ў вёсцы пры загружанасці і занятасці  без газеты  не жыў ні адзін дом, як маладзелі твары людзей, калі ім прыносілі пісьмы, цікава расказваюць ветэраны-паштавікі Часлава Салагуб, Ганна Папко, Серафіма Лук’янчык і Валянціна Мікуліч. Яны чацвёра ў  вёсках Жарабковіцкага  сельсавета (Жарабковічах, Гулічах, Зарытаве, Канюхах) у свой час дастаўлялі землякам свежую карэспандэнцыю. Зараз на пенсіі, але  з удзячнасцю ўспамінаюць калег, з настальгіяй прыгадваюць працоўныя будні.
Сельскі паштальён заўсёды навідавоку, свой сярод сваіх. Землякі сустракаюць яго, як роднага, яму давяраюць. Прафесія патрабуе неказённай добразычлівасці і фізічнай трываласці. За гады многае змянілася ў паштальёнаў, але іх візітоўка – шчырая ўсмешка і вялікая сумка – нязменная.
Часлава Іванаўна ў паштальёны прыйшла з  мясцовай гаспадаркі. Менавіта яе кіраўніцтва і дало  жанчыне  за   надзейнасць і  сумленнасць пуцёўку ў гэтую прафесію. Засталася на  два дзесяцігоддзі,  прыкіпела душой да тых, да    каго штодзень заходзіла не госцем – сваім чалавекам. Паштальён тады, у 60-я гады, у вёсцы быў асобай паважанай і вядомай. Жыла ў Гулічах, запрагала каня, закідвала на воз вялізныя сумкі – і наперад. А дарогі былі гразкія, часам сыны і дачка – маміны памочнікі – пакідалі ў мешаніне боты.
– Для паштальёна няма непагадзі. У снег ці ў дождж надавалі сілы думкі пра тое, што цябе чакаюць. Іншы раз пенсіянеры выходзілі сустракаць за вароты. Паштовак, часопісаў, газет было ледзь падняць. Галоўнай, канешне,  заставалася раёнка – яе выпісвалі ў кожным доме. І зараз са сваёй любімай газетай  не развітваюся. «Известия», «Правда», «Звязда», «Зорька», «Піянер Беларусі», часопісы «Работніца і сялянка», «Крестьянка» – былі толькі часткай падпіскі  жыхароў  Жарабковічаў, Гулічаў і Яцкаўшчыны, куды дастаўляла прэсу. А колькі паштовак, пісьмаў  разносіла! Дзіця народзіцца – і адразу паштоўка з віншаваннямі, – дзеліцца ўспамінамі Часлава Іванаўна.
Пра калектыў, у якім працавалася камфортна і радасна,  успамінае з асаблівай цеплынёй. Жылі дружна, падмянялі адна адну, дапамагалі. Начальнік паштовага аддзялення Вольга Мікуліч –справядлівая і добразычлівая, умела аб’яднаць, зацікавіць работнікаў. Сына Чаславы Іванаўны ў армію праводзілі ўсе яе калегі. Яны і сям’я былі яе надзейнай падтрымкай, пакуль чакала Віктара з Афганістана… А Валянціна Мікуліч, якая ў Жарабковічах з Чаславай Салагуб дзяліла працоўныя абавязкі, першая перадавала маці пісьмы ад сына. Саперніцтва паміж калегамі не было. Наадварот – сябравалі.  А на святы, расказвае Часлава Салагуб,  пяклі булкі, частавалі адна адну, вызначалі, у каго ўдаліся  лепшыя.
І на пенсіі   не магла развітацца Часлава Іванаўна з поштай –  працавала яшчэ некаторы час.
Змяніла яе на пасту суседка Ганна Папко.
– У 90-я гады, акрамя прэсы, рахункаў за радыё і тэлефон, пачалі дастаўляць пенсіянерам   купоны, без якіх нельга было набыць аніякі тавар. Дабавілася яшчэ адна папулярная ў вёсцы паслуга, асабліва ў гаспадынь з малымі дзецьмі – дастаўка  круп, мукі, дабавак  для корму свойскай жывёлы і іншае. Нагружу на веласіпед і цягну, – расказвае Ганна Іосіфаўна.
За паўтара дзясятка гадоў  навучылася кампактна і акуратна раскладваць-пакаваць вялікую колькасць тавараў – люба-дорага паглядзець.  Вяскоўцы пяшчотна называлі паштальёнку Ганначкай. А яна ў адказ імкнулася быць для іх душэўным сябрам. Выслухае, падтрымае, трэба – працягне руку дапамогі.
Паштовы дзень  пачынаўся з наведвання аддзялення сувязі ў Жарабковічах.  Да абеду, пакуль не прывозілі пошту, здавалі справаздачы, распісвалі, фарміравалі заказы. «Прыязджалі»  газеты-часопісы – сартавалі іх, а затым – у шлях.  Дамоў вярталіся   пасля 8 вечара. Усіх сваіх, прыветных і гасцінных, каму насіла не толькі прэсу, але і добрыя навіны, і сёння памятае Ганна Папко. Кожны шчыра павітаецца, пажадае здароўя. Толькі аднойчы з ёй здарылася бяда – вырваў сумку незнаёмец. Думаў, там грошы. А яны былі акуратна  прыхаваны на поясе. Каб іх зберагчы, пабегла што было сілы. На шчасце, ехала машына. Злодзей спужаўся, кінуў сумку і веласіпед. З таго часу гэты вадзіцель часта падвозіў паштальёна. Наогул, гаворыць Ганна Іосіфаўна, ёй заўсёды шчасціла  на  добрых людзей. Вольга Новік, Ядвіга Туцін, Ірына Шклянік, Наталля Хмарук, Валянціна Заяц, Тамара Таранда, Серафіма Лук’янчык і іншыя – калегі, з якімі разам было прыемна працаваць.
Пачынала спасцігаць азы прафесіі Ганна Папко пры начальніку РВПС Сцяпане Цельпуку, ішла на пенсію пры Канстанціне Макаўчыку. З павагай прыгадвае  Ганна Іосіфаўна прозвішчы намесніка начальніка  вузла паштовай сувязі Ганны Прымшыц, інструктара паштовай сувязі Ірыны Крыкала, нарміроўшчыцы Галіны  Завадскай. Павіншаваць яе з выхадам на заслужаны адпачынак прыязджалі  ўсе калегі на чале з начальнікам.  І зараз, адзначае ветэран пошты,  пенсіянераў не забываюць ні ўвагай, ні грашовай падтрымкай.
Валянціна Мікуліч  можа доўга з падрабязнасцямі  расказваць на прыкладзе Жарабковічаў пра  гісторыю паштовай сувязі  з 1966 па  1986 год. Вёска спачатку была многа меншая, без  вуліц Лугавой, Садовай і іншых. Гэта пазней на іх, бы грыбы пасля дажджу,  выраслі дамы. Пошта – месца сустрэч вяскоўцаў, знаходзілася ў памяшканні старога сельсавета, затым у будынку цяперашняй канторы. Сённяшняя прапіска аддзялення – трэцяя. І такой прыгажосці, зручнасці, калі   можна праглядзець-пачытаць часопісы, набыць харчовыя і нехарчовыя тавары, аплаціць паслугі і вырашыць тут жа іншыя патрэбы, тады не было. У многія хаты паштальён прыносіла да 10  газет і  часопісаў.  А напярэдадні святаў галоўным  клопатам  было даставіць паштоўкі і лісты. Дарэчы, іх працаўнікам  на першамайскія і кастрычніцкія святы адпраўляў калгас. Карысталіся паштоўкі попытам і ў мясцовай школе. Каштавалі яны тады 3-4 капейкі і куплялі іх не па адной.
На кожнай брамцы  была прымацавана паштовая скрыня. Гэта зараз яны ў выглядзе   домікаў, іншых дызайнерскіх прыдумаў, а  раней мог быць і кусок трубы. Але не выгляд    важны – галоўнае, яны не пуставалі.
Не помню, які гэта год быў, для развозкі карэспандэнцыі выдзялілі нам паштовую машыну. На вуліцах устанавілі скрыні на дамоў восем.  Зручна было і, што важна, працэс ішоў хутка. Але праз нейкі час машыну забралі. Зноў галоўным транспартным сродкам  сталі  ногі, – дзеліцца  Валянціна Мікуліч. Узгадвае, што звычайна ў студзеньскую пенсію, як правіла,  аплачвалі за карыстанне  правадным радыё –  4 рублі 80 капеек за год.
Адказная, спраўная, яна неаднаразова падмяняла начальніка паштовага аддзялення Вольгу Новік, сваіх калег. Трымала падпіску – раней нават пенсіянеры выпісвалі не па адным экзэмпляры газет. І яна таксама.
– Заўсёды са мной раёнка – тады «Будаўнік камунізму», зараз – «Ляхавіцкі веснік», – падкрэслівае Валянціна Яфімаўна.
Серафіма Лук’янчык у Зарытава з сям’ёй прыехала  з Карэліі і праз нейкі час уладкавалася паштальёнам. З гэтай пасады і на пенсію пайшла. Праўда не адразу – яшчэ і на заслужаным адпачынку пару гадоў  шчыравала.
Яна выдатна памятае сваіх падпісчыкаў, да якіх накручвала штодзень на веласіпедзе па некалькі кіламетраў. Маршрут яе быў не прамы: з Зарытава ехала ў Жарабковічы, а адтуль з поўнымі сумкамі, як падняць,  у Астрэйкі і зноў у роднае   Зарытава. Серафіма Іванаўна расказвае:
– Зараз моднае слова – фітнес. Так мы ім, можна  сказаць,  штодзень займаліся – круцілі педалі на свежым паветры. Кожны павітаецца, сустрэне добрым словам, пажадае здароўя, дык стомленасць як рукой здымала. Сваю работу і людзей вельмі любіла. Нядаўна ішла з Ляхавічаў, спынілася побач машына. Аказваецца, падвезці вырашыў унук тых, каму дастаўляла газеты.  Пазнаў!
Пажылыя людзі радаваліся, калі прыязджала Іванаўна. Яна ім, акрамя іншага,  прыносіла мясцовыя навіны, выслухвала, ставілася з душой. Ведала ўсе сямейныя радасці  і праблемы.  Адзначае, калі была б магчымасць змяніць прафесію, засталася б усё роўна вернай пошце.
А што сёння? У паштовым абслугоўванні насельніцтва шмат навінак, сувязісты яшчэ бліжэй да людзей. Блакітны лагатып Белпошты ў райцэнтры відаць здалёк – галоўны паштовы будынак прапісаны пад  № 1 на плошчы Леніна. Тут, як і ў кожным з 21 аддзяленняў ПС Ляхавіччыны,  сучасна, інфарматыўна і ўтульна. Аплаціць  камунальныя і іншыя паслугі, паслугі электроннай сувязі, атрымаць пенсію і іншыя сацыяльныя выплаты, адправіць тэлеграму, грашовы перавод, бандэроль і пасылку не толькі па Беларусі – калі ласка. Не ўсе ведаюць, што  паштовыя паслугі аказваюцца і на даму – за гэта адказвае  паштовы кур’ер. Атрымаць пенсію ў любым аддзяленні паштовай сувязі краіны незалежна ад месца жыхарства – і з гэтым праблем няма. Трэба набыць салодзенькага да чаю, неабходны  падарунак – не мінайце  магазін «Паштавік», што знаходзіцца ў адным з крылаў пошты.  Невялікі па памеры, але вельмі змястоўны па напаўняльнасці, ён заўсёды запатрабаваны. Выдатнае спалучэнне шырокага  асартыменту і шчырай ветлівасці абслугоўвання здабыло яму папулярнасць не толькі ў ляхавічан, але і гасцей – ён мае свайго пакупніка. Тут свежыя цукеркі і пячэнне, бялізна і трыкатаж, сувеніры, касметыка і многае іншае – па розным гусце і па патрэбах.  На пошце  цэняць сваіх кліентаў, а кліенты, у сваю чаргу, з жаданнем ідуць сюды.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

One thought on “Прафесія з адрасам. Расказваюць ляхавіцкія ветэраны-паштавікі

  • 01/11/2017 в 21:33
    Permalink

    Замечательные почтальёны. Работали увлечённо, по совести, вкладывали душу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *