У асноўным стабільна, але ёсць пытанні. У Ляхавічах прайшло пасяджэнне райвыканкама

Чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта прайшло з удзелам старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Алы Бадак. Спіс вынесеных на абмеркаванне ключавых тэм адкрывала пытанне аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіччыны са студзеня па верасень бягучага года.

У асноўным стабільна. Так ахарактарызавала работу прадпрыемстваў Ляхавіччыны ў справаздачным перыядзе намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба. Аднак не без удакладненняў і спасылак на некаторых вытворцаў, з якімі неабходна працаваць шчыльна і па шэрагу накірункаў. Пры гэтым не забывацца, што іменна эканоміка з’яўляецца падмуркам павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва.
За фактар стабільнасці можна і трэба прыняць і тое, што фінансавыя вынікі работы гаспадарчага комплексу раёна знаходзяцца на чацвёртым месцы абласнога рэгіянальнага рэйтынгу. З чатырох ключавых паказчыкаў эфектыўнай работы, якія былі зацверджаны рашэннем райвыканкама, выконваюцца тры.
За 9 месяцаў года прадпрыемствы і арганізацыі раёна экспартавалі ў паўтара раза больш, чым за аналагічны перыяд летась. Пры тым, што для выканання даведзенага задання дастаткова было падняцца на сціплыя 3,2 працэнта.
За студзень-верасень у эканоміку раёна прыцягнута 4,9 мільёна долараў прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове. Гэта ў два з паловай разы перавышае гадавое заданне.
Яшчэ адзін ключавы паказчык – стварэнне працоўных месцаў за кошт арганізацыі новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў. Па названай схеме ў студзені-верасні на працу ўладкаваны 62 чалавекі, што таксама значна перавышае заданне, атрыманае на азначаны адрэзак года.
У мінусе – экспарт паслуг. Значнае падзенне (а спрацавалі толькі прыкладна на трэць ад атрыманага па заданні ўзроўню) тлумачыцца ў меншай ступені дрэннай работай раённых экспарцёраў паслуг. Дарэчы, названую эканамічную нішу ў абсалютнай большасці «замацавалі» за сабой структуры прыватнай формы ўласнасці. Амаль 95 працэнтаў экспартных паслуг раёна аказваюць іменна прыватнікі. З-за чаго недавыкананне? Калі коратка, вельмі высокай атрымалася мінулагодняя параўнальная база, калі ТАА «ТМТ» за гэты ж перыяд летась экспартавала паслуг на некалькі соцень тысяч долараў ЗША. Сёлета ў гэтым накірунку ляхавіцкія металургі не спрацавалі пакуль і на долар.
Акрамя ключавых паказчыкаў у якасці асновы гаспадарчаму сектару раёна даведзена і 10 вытворча-эканамічных заданняў. На справаздачным адрэзку часу з іх 6 выканана: у галіне малога прадпрымальніцтва, што тычыцца росту рознічнага тавараабароту, па ўводзе ў эксплуатацыю жылля, энергазберажэнні і па некаторых іншых пазіцыях.
З другога боку, зніжаны тэмпы ў прамысловасці. Асноўная прычына –
недавытворчасць ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». У мінус, у параўнанні з мінулым годам і, зразумела, адносна атрыманага на сёлета задання, спрацавала вёска.
Па стане на справаздачны месяц, стратнымі ў раёне з’яўляюцца ЗТАА «БелДан» і ПМК-17.
Пра папаўненне, расходаванне і недарасходаванне мэтава выдаткаваных бюджэтных сродкаў гаварыў начальнік райфінаддзела Андрэй Навагран.
У якасці садакладчыкаў выступілі і намеснікі старшыні райвыканкама Сяргей Юшкевіч і Дзіяна Трысцень, якія прааналізавалі ход спраў у будаўніцтве, сацыяльнай сферы раёна.
Намеснік старшыні райсельгасхарчу Ірына Страмавус прадставіла гаспадарча-эканамічны расклад у аграрным сектары раёна.
Справаздачу пра работу, што праводзіцца па развіцці сацыяльнай сферы, жыццезабеспячэнні насельніцтва і добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета, зрабіў старшыня Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч.
Сенатар Ала Бадак назвала кропкамі росту вытворчасць, аб’екты гаспадарання, якія маглі б забяспечыць рост эканомікі раёна. Адзначыла добраўпарадкаванасць Ляхавіч.
Вынікі дзевяці месяцаў сведчаць пра важны, але яшчэ не гадавы эканоміка-фінансавы баланс развіцця раёна.
Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч запатрабаваў выкарыстаць усе рэзервы для выканання пастаўленых перад раёнам задач.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *