Здаровы «кансерватызм»

Сафія Болтуць,  дырэктар ААТ «Ляхавіцкі  кансервавы завод»:

– Вытворчасць, любы з відаў гаспадарчай дзейнасці – гэта, у першую чаргу, калектыў. Калі ён каманда – многае атрымаецца. Іменна як каманду добрую, зладжаную, умелую, магу ахарактарызаваць працоўны калектыў нашага завода. Для многіх вопытных работнікаў – прадпрыемства з’яўляецца адзі-ным у пра-цоўнай біяграфіі месцам работы. Да ліку такіх, дарэчы сказаць, адношу і сябе: пачынала адразу пасля школы сартавальніцай. Прыходзяць на кансервавы і новыя кадры. Апошнім часам мы прынялі на працу двух бухгалтараў, менеджара, інжынера па ахове працы, тэхнолага вытворчасці.
«Цэх пад адкрытым небам» – гэта пра падсобную гаспадарку, фарміруюць якую ў тым ліку і паўтары сотні сельскагаспадарчых гектараў. Напрыклад, кабачкі ў гэтым годзе ў нас выраслі не надта з-за познехалоднай вясны. Сабралі толькі 300 тон, хоць у лепшыя сезоны выходзілі на тысячную лічбу. Кабачкі – гэта ікра, прадукт нашай вытворчасці, які карыстаецца дастатковым попытам на рынку. Раней выраблялі на аснове кабачка іншую прадукцыю. Але прааналізавалі, параўналі ўсе за і супраць і зрабілі стаўку на ікру. Яна ў нас у асартыменце чатырох найменняў.
Акрамя таго, са свайго агарода атрымалі 250 тон сталовых буракоў, 200 – морквы, амаль 80 – цыбулі, каля 350 – шчаўя, 280 – бульбы. Бульба сёлета ўрадзіла за 400 цэнтнераў клубняплодаў з гектара. У фермераў раёна «разжыліся» капустай. Куплялі таксама памідоры, агуркі, часткова зяленіва.
Яшчэ – грыбы, якія ўваходзяць у склад шэрага кансерваў. Дарэчы, у аграгарадку Быцень Івацэвіцкага раёна працуе грыбаварны пункт Ляхавіцкага кансервавага. Нарыхтоўкі-закупкі гэтага года склалі 11 тон апенькаў.
Прадпрыемства працуе з прыбыткам, своечасова разлічваецца па крэдыце, за які будавалі новы цэх. Некаторыя з відаў нашай прадукцыі праз пасрэдніцкія структуры знаходзяць пакупніка за межамі краіны. Шукаем шляхі да абнаўлення вытворчасці, пашырэння, у адпаведнасці з запытамі рынку, лінейкі сваіх вырабаў. Жывём ідэяй устаноўкі ліній па круглагадовай вытворчасці фруктовых сокаў з мякаццю, сокаў прамога адціскання з мясцовай сыравіны, па кансерваванні зялёнага гарошку. Пад праекты патрэбны інвестыцыі, пошукам якіх наша прадпрыемства не перастае займацца.
Тэма зялёнага гарошку важна яшчэ і з пункту гледжання імпартазамяшчэння. Дастаткова глянуць на гандлёвыя паліцы, каб упэўніцца: вялікая колькасць гэтага папулярнага, высокапратэінавага прадукту мае замежнае паходжанне.
Бачым і яшчэ адну, скажу так, кропку вытворчага росту. Аналізуем магчымасць рэканструкцыі размешчанага ў межах падсобнай гаспадаркі квасільна-засолачнага цэха. З перспектывай гатаваць квашаную капусту, фасаваць яе ў кантэйнеры і прадаваць. Сёння квашаная капуста выкарыстоўваецца ў якасці рэцэптурнага інгрэдыента толькі для прыгатавання салянак.
Салянкі, вінегрэты, салаты, баршчы,  кансерваванае шчаўе, сок, соус… Асартыментны рад завода складаецца з больш як сотні таварна-вытворчых пазіцый.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *