Парку “з радаслоўнай” – быць

У сваіх «Маналогах» аўтар выступіла з прапановай, якую папярэдне абмеркавалі і падтрымалі ўсе «веснікаўцы».

“…У 1909 годзе Эліза Ажэшка пасадзіла ў Флер’янове дуб, які і сёння, праз стагоддзе, напамінае пра вядомую пісьменніцу, чароўную жанчыну, лірычную натуру…

Дрэвы звычайна перажываюць людзей, якія іх пасадзілі. Вось і ажэшкінскі дуб распасцёр крону высока-высока: сто гадоў для яго – не ўзрост. Але ўсё ж сотня. І можа напаткаць ураган ці маланка, ці проста хвароба – дрэвы ж таксама хварэюць і старэюць, яны таксама, у рэшце рэшт, паміраюць. А чаму б не зрабіць так, каб ажэшкінскае дрэва жыло доўга-доўга, каб яно стала амаль неўміручым?

…Зусім нескладана сабраць жалуды, пасадзіць іх у гадавальнік, вырасціць дрэўцы, якія ў свой час высадзіць         алеяй ці скверам…”

Вось, па сутнасці, прапанова, калі яе выказаць лаканічна, без асаблівых філасофскіх разважанняў.

Мясцовая моладзь і эколагі дапамаглі газетчыкам у зборы насеннага матэрыялу – жалудоў. Праект “ЛВ” зацікавіў старшыню раённай ветэранскай арганізацыі, Героя Сацыялістычнай Працы Генрыха Траццяка. Вынікам гэтай зацікаўленасці  стаў адказ: так! – парку з ажэшкінскіх дубоў быць! Вызначана нават месца для яго – там, дзе некалі ў Флер’янове рос сад  старых яблынь.

Але гэта яшчэ не ўсё. Складзены пералік работ, якія неабходна ажыццявіць для адраджэння парка-сядзібы ў  Флер’янове, стварэння тут, у будынку былой канторы, якая размяшчалася ў колішнім палацы Бохвіцаў, музея Элізы Ажэшкі. Дарэчы, сёлета  будзе святкавацца 170-годдзе з дня яе нараджэння. І надзвычай сімвалічна і дарэчы ўзяцца за справу  менавіта цяпер. Магчыма, пазней, чым хацелася б, але, як кажуць, лепш пазней, чым ніколі.

Гэты праект узгоднены са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Дзмітрыем Бурдуком, які яго адобрыў. Кіраўнік раёна паставіў свой подпіс і завізаваў мерапрыемствы 23 лютага.

Вельмі прыемна, што знайшлося разуменне з боку старшыні СВК “Шлях новы” Аляксандра Вашчука, які таксама выказаўся за станоўчае вырашэнне “лёсу” праекта. Ён узгоднены з дырэктарам лясгаса Міхаілам Свістуном і начальнікам інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргеем Баргамонам. Кіраўніцтва праектам узяў на сябе Генрых Траццяк.

“ЛВ” як ініцыятар справы будзе яе заўсёдным удзельнікам, спадарожнікам і адказным  за вынік.

Вольга БАРАДЗІНА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *