Усё пра здароўе

Найвялікшая радасць і адна з галоўных умоў для шчасця – здароўе. Але, на жаль, далёка не кожны чалавек можа сказаць, што яно ў яго дастаткова моцнае. Калі арганізм дае збоі, мы ў пошуку паратунку і лячэння звяртаемся да медыкаў. Сістэма аховы здароўя і прызначана для гэтага. Пытанне якасці і паўнаты медыцынскага абслугоўвання заўсёды  актуальнае. Гэта пацвердзіла і  “прамая лінія” “ЛВ”, падчас якой на пытанні жыхароў раёна адказвалі  галоўны ўрач Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Уладзімір УСЦЮШКОЎ і намеснік галоўнага ўрача  Міхаіл КУЛЯШОЎ.

— Хачу спытаць, чаму ў Жарабковічах няма ўрача. Нават для таго, каб выпісаць рэцэпт, неабходна ехаць у паліклініку ў Ляхавічы. Нам, людзям сталага ўзросту, зрабіць гэта даволі праблематычна. Раней хоць калі-нікалі прыязджаў доктар з райбальніцы, а апош-ні візіт яго быў месяцы   3 таму…
Сцяпан ШКЛЯНІК, аграгарадок Жарабковічы.

— Сапраўды, у раёне існуе праблема недахопу ўрачэбных кадраў, у сувязі з чым не ўкамплектаваны ўрачамі Падлеская, Альхоўская, Начаўская і Ліпская ўрачэбныя амбулаторыі. Па-ранейшаму не хапае тэрапеўтаў і ў раённай паліклініцы. Гэтае пытанне – адно з асноўных, якое стаіць перад раённай медыцынай. Фельчарска-акушэрскі пункт у аграгарадку Жарабковічы адносіцца да Падлескай урачэбнай амбулаторыі. З 1 жніўня 2012 года ў Падлескую УА па размеркаванні прыбудзе малады спецыяліст – урач-тэрапеўт. Але і да гэтага часу жыхары Жарабковічаў не застануцца без увагі медыкаў. Раз у месяц на ФАП будзе прыязджаць тэрапеўт з раённай паліклінікі, да якога можна звяртацца ў тым ліку і за выпіскай ільготных рэцэптаў на набыццё лекавых прэпаратаў.

— Скажыце, чаму па-ранейшаму цяжка тра-піць на прыём да гінеколага і неўролага ў райпаліклініцы?
Ірына Пятроўна, г. Ляхавічы.

— Па штатным раскладзе ў акушэрска-гінекалагічным ка-бінеце паліклінікі зацверджаны 2 стаўкі ўрача акушэр-гінеколага. Адзін урач працуе на 1,5 стаўкі і вядзе паліклінічны прыём штодзённа, акрамя суботы і нядзелі, з 8.00 да 18.00 гадзін, а з 11.00 да 13.00 прымае пацыентак акушэр-гінеколаг гінекалагічнага аддзялення райбальніцы. На прыём можна трапіць і па папярэднім запісе ў рэгістратуры. Акрамя таго, штодзённа з 8.00 да 16.00 гадзін працуе акушэрка аглядавага кабінета.

Што датычыцца неўролагаў, то па штатным раскладзе ў паліклініцы на гэтай пасадзе, як і па-трэбна, працуюць 2 урачы. Яны па графіку вядуць прыём пацыентаў. Штодзённа да кожнага ўрача-неўролага выдаецца 27 талонаў, з якіх па 6 – па папярэднім запісе. Таксама выдзелены час для праходжання прафілактычных аглядаў (з 11.00 да 12.00 і з 15.00 да 16.00). Дарэчы, талоны ў рэгістратуры на прафагляд не выдаюцца. Каб сэканоміць час наведвальнікаў паліклінікі, на працягу апошніх некалькіх гадоў існуе папярэдні запіс на прыём да ўрачоў. Для гэтага выдзяляецца 25-30 працэнтаў усіх выдаваемых талонаў. Папярэдне запісацца на прыём можна па тэлефонах: 2-05-87, 2-03-02, 2-15-33, 2-15-38.

—У панядзелак раніцай  з высокай тэмпературай прыйшла ў паліклініку, каб трапіць да доктара. У рэгістратуры сказалі, што ўсе талончыкі раздадзены да 14 гадзін і прапанавалі талон на 16 гадзін. Пры гэтым рэгістратар параіла запісвацца да ўрача загадзя. Няўжо нельга ў такой сітуацыі пайсці насустрач хвораму і ўсё ж даць дадатковы талон на больш ранні час?
Жыхарка г. Ляхавічы.

— Калі пацыент у рэгістратуры скардзіцца на дрэннае самаадчуванне (высокая тэмпература, боль у вобласці сэрца, галаўны боль і галавакружэнне), то  яго ў абавязковым парадку адпраўляюць у даўрачэбны кабінет. Там медыцынская сястра памерае тэмпературу і ціск, зробіць электракардыяграму і пры наяўнасці паказанняў завядзе на прыём да ўрача без талона. Што і павінна было быць прапанавана ў вашым выпадку.

— Скажыце, калі ласка, як можна атрымаць накіраванне на магнітна-рэзанансную тамаграфію? І калі такі сучасны і інфарматыўны апарат з’явіцца ў Ляхавічах?

Сяргей Сокал.

— На магнітна-рэзанансную тамаграфію пацыенты накіроўваюцца пры наяўнасці пэўных за-хворванняў і медыцынскіх паказанняў. Жыхары нашага раёна праходзяць даны від дыягнастычнага абследавання на базе Баранавіцкай гарадской бальніцы (згодна загада ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама ад 2.03.2012 г.,  № 167). Пры жаданні пацыента абследавацца можна і на платнай аснове за ўласныя сродкі. У Ляхавіцкім раёне ў бліжэйшы час не плануецца набыццё і ўстаноўка дыягнастычнай апаратуры для правядзення тамаграфіі.

— Перад тым, як атрымаць талончык у рэгістратуры на прыём да ўрача, у абавязковым парадку адпраўляюць у даўрачэбны кабінет, на флюарограф, а жанчын яшчэ і да гінеколага. Зразумела, што гэта клопат пра здароўе людзей. Але як быць тым, хто прыйшоў да ўрача з вострым болем ці тэмпературай? Як у такім стане можна хадзіць па кабінетах з прафілактычнай мэтай, калі непакояць іншыя праблемы?

В. Дыдышка, г. Ляхавічы.

— Згодна пастановы  Міністэрства аховы здароўя, пры звароце ў паліклініку ўпершыню ў бягучым годзе неабходна прайсці пэўныя абследаванні адпаведна захворванняў, якія ёсць у пацыента, і ўзросту, у тым ліку флюараграфію, а для жанчын – агляд акушэркай ці акушэрам-гінеколагам. Усё для таго, каб як мага раней выявіць захворванне ці адкарэкціраваць лячэнне ўжо выяўленых хвароб. Калі гаварыць пра востры боль ці высокую тэмпературу, то адказ  на аналагічнае пытанне на сённяшняй “прамой лініі” ўжо прагучаў.

— Растлумачце, чаму хірургі ў паліклініцы ў будныя дні вядуць прыём пацыентаў толькі да 16 гадзін, а ў суботу такі прыём і ўвогуле не праводзіцца? І яшчэ пытанне: ці маю права трапіць на прыём не да свайго ўчастковага тэрапеўта?

В. Гатоўчыц, г. Ляхавічы.

— Урачы-хірургі часова вядуць прыём з 8.00 да 17.00 гадзін у будныя дні і не прымаюць у суботу ў сувязі з неда-    хопам урачоў гэтага профілю. У райпаліклініцы з зарэгістраваных 3 ставак заняты толькі 1,5. Сёлета ў жніўні да работы павінны прыступіць 3 урачы-хірургі, якія прыедуць па размеркаванні пасля заканчэння вучобы ў ВНУ. Такім чынам, праблема недахопу хірургаў у нашым раёне бу-дзе вырашана. Экстраная хірургічная дапамога аказваецца па суботах і нядзелях у прыёмным аддзяленні райбальніцы.

Што датычыцца другога пытання, то ў нашай краіне (раён не з’яўляецца выключэннем) існуе тэрытарыяльны прынцып медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Толькі пры адсутнасці свайго ўчастковага тэрапеўта (водпуск, ліст непрацаздольнасці, адсутнасць урача на ўчастку,  курсы павышэння кваліфікацыі) чалавек можа звярнуцца да іншага тэрапеўта, які абавязаны будзе прыняць пацыента.

— З 1.03.2012 г. усіх медработнікаў дзіцячых садкоў і школ перадалі ў ведамства ўстаноў аховы здароўя. А ў Малагарадзішчанскім ДС-СШ складаннем меню займаўся чалавек без медыцынскай адукацыі, і цяпер навучальная ўстанова засталася без медработніка. Хто цяпер будзе займацца складаннем меню? І калі гэтае пытанне вырашыцца?

Уладзімір Тураў,  дырэктар Малагарадзішчанскага ДС-СШ.

— Сапраўды, згодна Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 10 ад 5.01.2012 г., з 1.03.2012 г. штатныя пасады медыцынскіх работ-нікаў перададзены ва ўстановы аховы здароўя. Цяпер уносяцца змяненні ў загады Міністэрства аховы здароўя аб пасадавых інструкцыях медыцынскіх сясцёр дзіцячых садкоў. Пасля чаго будуць вызначаны іх функцыянальныя абавязкі. Як растлумачылі спецыялісты ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама, у аддзелах адукацыі ёсць тэхнолагі, у функцыі якіх таксама ўваходзіць распрацоўка меню.

На прамой лініі” працавала Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *