Сюрпрыз з дастаўкай у поле. У Ляхавіцкім раёне лепшыя механізатары, якія вызначыліся на пасяўной, атрымалі падзякі і падарункі прама на рабочых месцах

Леанід Калбаса і Ірына Чура павіншавалі з працоўнымі поспехамі механізатараў: Аляксандра Чапіка з ільнозавода,

…Генадзія Місько са «Шляху новага»,

… Івана Буйкевіча з «Ліпнянкі».

Механізатар на вясенне-палявых работах клапоціцца пра новы ўраджай. Па сутнасці, ён закладвае аснову будучых намалотаў, важкасць бульбяных, бурачных палеткаў, сенажаці. І зноў мінута – на вагу золата, зноў усе думкі пра тое, каб якасна, у самыя аптымальныя тэрміны паспець з палявымі работамі.
Напрыканцы мінулага тыдня быў пракладзены небудзённы маршрут да герояў дня ў чатыры сельскагаспадарчыя арганізацыі нашага раёна. Старшыня раённага Савета дэпутатаў і ў адной асобе старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Леанід Калбаса і прафсаюзны лідар раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура накіраваліся з прыемнай місіяй – павіншаваць лепшых механізатараў, якія вызначыліся на вясенне-палявых работах.
Першы адрас – ААТ «Шлях новы», дзе ля вёскі Гарбачы рыхтаваў глебу пад пасадку бульбы Генадзій Місько. Менавіта яму Леанід Калбаса ўручыў падарунак ад «Белай Русі» з пажаданнем новых працоўных поспехаў. Прыемная і нечаканая акалічнасць, прызнаўся механізатар, і пасля кароткага перапынку па прычыне гэтай самай акалічнасці зноў сеў за руль трактара.
На мехдвары льнозавода сустрэліся з Аляксандрам Чапікам, які вызначыўся на сяўбе лёну. Нават крыху сумеўся малады механізатар, калі даведаўся, з якой місіяй прыехалі госці – перадаць яму падарунак ад Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў АПК. Канешне, падзякаваў, але і падкрэсліў, што на пасяўной выдатна працавалі і іншыя яго калегі.
А ў КСУП «Ліпнянка» падзяка Ляхавіцкага райсельгасхарчу і раённай арганізацыі прафсаюза АПК была адрасавана яшчэ аднаму маладому земляку, які вызначыўся на сяўбе зерневых, – Івану Буйкевічу.
На наступны дзень падзяка камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама і абкама прафсаюза работнікаў АПК была перададзена механізатару райаграсэрвісу Сяргею Параскевічу.
Па працы – пашана!
Вольга СВЯТЛОВА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *