Зноў з акцэнтам. Камунальным. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў вёў прыём у Ляхавіцкім раёне

 

З шасці зваротаў да дэпутата Палаты прадстаўнікоў, што агучылі жыхары раёна ў час прыёму грамадзян па асабістых пытаннях, які Леанід Цупрык правёў у Ляхавічах на мінулым тыдні сумесна са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Леанідам Калбаса, два маюць камунальны профіль і анфас.
Жыхаркі вёскі Задвор’е прыйшлі з агульнай праблемай ад імя жыльцоў дома № 1 па вуліцы Цэнтральнай. Па гэтым адрасе фактычна два гады назад
пачаўся капітальны рамонт. Можна сказаць, што ён завершаны, калі не ўлічваць добраўпарадкаванне і адзін «пахучы» момант – каналізацыйны. Перыядычна ўсе сцёкі трапляюць у падвал, што не толькі небяспечна з пункту гледжання санітарыі, але і стварае жудасныя ўмовы для жыхароў, асабліва тых, чые кватэры знаходзяцца на першым паверсе. Зразумелыя і абурэнне сітуацыяй, і просьба паспрыяць у яе вырашэнні. Тым больш, пасля атрымання адпіскі на пісьмовы зварот у жылкамунгас: «Каналізацыйная сістэма знаходзіцца ў нармальным стане і функцыянуе ў штатным рэжыме…». Вельмі ўжо непрыемны пах ідзе ад гэтай «штатнасці».
Як патлумачыў в.а. дырэктара камунгаса Аляксандр Жук (менавіта на балансе ЖКГ знаходзіцца аб’ект), каналізацыйныя трубы зношаныя і патрабуюць замены. На адным участку іх памянялі. Неабходна гэта ж зрабіць і па названым адрасе. Працягласць – каля 150 метраў. Але справа ўпіраецца ў грошы, дакладней, у іх адсутнасць, на чым і засяродзіў увагу кіраўнік камунальнай службы.
Член парламента слушна заўважыў, што для папярэджання аварыйных сітуацый неабходна прадпрымаць меры, у прыватнасці, праводзіць своечасовую прачыстку каналізацыйных калодзежаў, і даручыў Аляксандру Жуку прарэвізаваць іх стан. Леанід Цупрык будзе трымаць пытанне на кантролі да яго поўнага вырашэння.
Што датычыць праблемы з ліўнёўкай, якая таксама ўскладняе жыццё задворцам, то ўшчыльную заняцца ёю варта і дэпутату райсавета па гэтай акрузе.
У экстрэмальных умовах вымушана жыць ляхавічанка, чый дом знаходзіцца на вуліцы Русінавіцкай: вясной, калі растае снег, і ў іншыя сезоны падчас дажджоў яе зямельны ўчастак перажывае сапраўдныя навадненні, якія «задакументаваны» на фотаздымках. У двор ні заехаць, ні прайсці. І гэта тым больш складана для заяўніцы, што разам з ёю жыве інвалід-калясачнік.
Сітуацыя ўзнікла, як ні дзіўна, пасля рамонту дарогі, праведзенага пяцігодку назад. Па словах Аляксандра Жука, падчас рамонту не была завершана сістэма водаадвода. Пазней, у сувязі з праблемай, планавалася распрацоўка праектнай дакументацыі на капрамонт вуліцы, у прыватнасці, на ўладкаванне менавіта сістэмы водаадвода. Але справа не зрушылася ўсё па той жа прычыне – няма сродкаў. Аднак гэта тлумачэнне ляхавічанцы, якая ўзняла данае пытанне, і для двух яе суседзяў, чые ўчасткі таксама затапляе, аптымізму не прыбаўляе. Леанід Цупрык абмеркаваў магчымасці выпраўлення сітуацыі з Леанідам
Калбаса і Аляксандрам Жуком. Праблема ёсць, праблема пачута і, значыць, будуць прымацца пэўныя меры па яе вырашэнні. Гэта так важна і неабходна – пачуць і дапамагчы.

Вольга БАРАДЗІНА.

One thought on “Зноў з акцэнтам. Камунальным. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў вёў прыём у Ляхавіцкім раёне

  • 01/06/2018 в 08:48
    Permalink

    Імпануе тая шчырая ўвага і нераўнадушнасць, з якімі дэпутат Парламента Цупрык працуе з людзьмі. І яны да яго ідуць, давяраюць. Ён кожнага выслухвае, разумее, і , па магчымасці, ён кожнаму імкнецца дапамагчы. Народнае яму дзякуй)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *