Травень

Першы — лепшы. Гэта простая па сутнасці і па алгарытме формула дзейнічае ці не ў любым з выпадкаў. Уборка траў першым укосам не з’яўляецца выключэннем. Больш за тое, справядліва як адносна якаснага патэнцыялу закладзеных гэтай парой корманарыхтовак, так і што тычыцца іх колькасных паказчыкаў.

Будзе, канешне, і другі ўкос. Аднак першаўкосных спажывецкіх характарыстык травастою ўжо не здарыцца. Гэта не вяртаецца, не «адрастае», як атава. У тым ліку і на падставе абазначанай тэорыі можна меркаваць пра прыярытэтную важнасць касавічнай кампаніі, неабходнасць правядзення яе максімальна тэхналагічна, у аптымальныя тэрміны.

Але, як заўважыў у гутарцы галоўны аграном райсельгасхарчу Мікалай Каплыноў, некаторыя «запрагаюць» даволі доўга: «Час, але асобныя сельгасарганізацыі ўсё яшчэ марудзяць з зялёным жнівом. У гэтым плане касавіца адрозніваецца, напрыклад, ад пасяўной, дзе нязробленае сёння магчыма падкарэктыраваць за кошт павелічэння тэмпаў работ у іншыя дні. З касавіцай такі нумар не атрымаецца: тут асабліва важна «злавіць» фазу — скасіць палеткі да таго, пакуль трава не перастаіць і не пачне губляць свае біялагічна-спажывецкія характарыстыкі. Пра ўраджайнасць сёлетніх шматгадовых травяных палеткаў гаварыць можна пакуль толькі прыблізна. Візуальна — на ўзроўні мінулага года, магчыма, лепш».

Згодна статыстыкі ад мінулага панядзелка, скошана ўжо нямногім больш за 10 працэнтаў ад агульнараённых планавых 9900 гектараў шматгадовых пасеваў. І, відавочна, менавіта гэты тыдзень абяцае стабілізаваць работы на ўзроўні і ў адпаведнасці з гарачынёй моманту. Ад магчымай у любой справе стартавай незбалансаванасці не застанецца і намёку, касавіца пойдзе па накатанай каляіне. Тым больш, што і барометр у асобе метэапрагназістаў паказвае на сенакоснае надвор’е.

На корманарыхтоўчых палетках СВК «Ляхавіцкі» і «Шлях новы» — інавацыя раённага маштабу. У дапаўненне да класічнай схемы закладкі, гаспадаркі вядуць нарыхтоўку сенажу ў выглядзе ўпакаваных у палімерную плёнку рулонных цюкоў. Эластычны матэрыял плёнкі дакладна капіруе форму цюка, шчыльна яго аблягае.

І на выхадзе атрымліваецца нешта блізкае да вялікага герметычнага кокана. Закансерваваная такім спосабам зялёная маса можа захоўвацца працяглы час. Пры гэтым — не асабліва губляючы ў якасці. У астатнім схема традыцыйная. Як заўважыў машыніст незвычайнага прэса механізатар СВК «Шлях новы» Аляксандр Пранько, скошаная трава павінна вылежацца, «падвяліцца». Пасля валкавальніка настае чарга прэса-ўпакоўшчыка.

Працэс дастаткова хуткі: «У залежнасці ад колькасці масы ў валку, хуткасць руху можа быць ад 4 да 15 кіламетраў у гадзіну…» Дынамічным выглядае і «спавіванне» ўжо гатовага рулона: серыя размашыстых кругавых рухаў і — чарговы гатовы.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *