Што доктар прапісаў. У нядзелю медыкі адзначаць прафесійнае свята

Калектыў Навасёлкаўскай амбулаторыі агульнай практыкі.

Цэнтральная раённая бальніца, Крывошынская ўчастковая,  восем амбулаторый урача   агульнай практыкі, 15 фельчарска-акушэрскіх пунктаў і 678 працаўнікоў – медкарта Ляхавіцкага раёна

Запланаваны візіт у медустанову не з-за праблем са здароўем, а па рэдакцыйным заданні. Але ў прызначаны час карэспандэнт «ЛВ» у Навасёлкаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі сельскага доктара Вольгу Сямашка не застаў – яе тэрмінова выклікалі да пацыенткі. Акрамя аграгарадка Навасёлкі гэта ўстанова аховы здароўя, Адахаўшчынскі і Сваятыцкі ФАПы абслугоўваюць жыхароў 17 навакольных вёсак. Амбулаторыя – гэта і міні-паліклініка, і міні-дзённы стацыянар, і міні-працэдурны кабінет.

Тым часам у прасторных апартаментах медустановы, якая знаходзіцца пад дахам Навасёлкаўскага аздараўленчага комплексу, у чаканні сваёй чаргі шматлікія пацыенты. Валянціна Яковіч прыйшла на кропельніцу ў працэдурны кабінет да фельчара Ніны Кандзярэшка.
Дарэчы, з чэрвеня ў Ніны Аляксееўны змянілася пасада, цяпер яна памочнік урача, што азначае пашырэнне прафесійных абавязкаў. Можа весці прыём хворых у адсутнасць доктара, выдаваць накіраванне пацыенту на дадатковае абследаванне ў райбальніцу.
– Я ў фельчарскай справе чатыры дзесяцігоддзі. Сама тутэйшая, з Каранеўшчыны. Працавала 17 гадоў ва Ураджайнінскай амбулаторыі, а з 2008 года, з моманту адкрыц-ця – у Навасёлкаўскай, – расказвае Ніна Аляксееўна. З асаблівай увагай яна клапоціцца пра адзінокіх землякоў, інвалідаў, а таксама хворых, якія перанеслі аперацыю.
Тым часам медсястра фізіяпрацэдурнага кабінета Таццяна Тумаш пачынае сваю працоўную вахту. Яна ў прафесіі таксама амаль 40 гадоў. За змену абслугоўвае каля 30 чалавек. Біяптрон, ультрагук, УВЧ – гэта яе гаспадарка, і спраўляецца з ёй яна выдатна. На медсястры і аптэчны кіёск. Усе медпаслугі ў крокавай даступнасці.
– Толькі самае лепшае напішыце пра навасёлкаўскіх медработнікаў. Вось Таццяна Уладзіміраўна сваімі працэдурамі падмацавала маё здароўе – я нібы памаладзела, – гаворыць Святлана Гарбатая.
Вераніка Шадура пяць гадоў працавала медсястрой ў Баранавіцкай стаматалагічнай паліклініцы. Выйшла замуж за навасёлкаўскага механізатара-перадавіка і ўладкавалася ў тутэйшую ўрачэбную амбулаторыю.
– Амбулаторыя аснашчана ўсім неабходным. Кардыяграму зрабіць – калі ласка, ёсць пераносная. Стаматалагічнае крэсла і інструменты – у парадку. Сярэдні медыцынскі персанал узаемазамяняльны, калі неабходна, дапамагаем адзін аднаму, – раскрывае спецыфіку работы Вераніка Юр’еўна. Спыняецца, каб зрабіць кардыяграму пацыенту, які прыехаў з Каранеўшчыны.
Візіты па выкліках на дом, медагляды выхаванцаў дзіцячых садкоў і школьнікаў, вакцынацыя, дыспансе-рызацыя – гэта таксама кола абавязкаў тутэйшых медыкаў.
Колькі шчырых слоў падзякі ад пацыентаў з дня ў дзень у свой адрас чуюць акушэрка Таццяна Булатая, зубны фельчар Юрый Несцяровіч (працуе па сумяшчальніцтве і ў Падлескай УА), адказныя за чысціню санітаркі Святлана Яфімовіч і Раіса Шадура.
Ёсць у гэтай установе аховы здароўя і лабараторыя, у якой гаспадарыць лабарант Ірына Суднік.
Нарэшце з выкліку прыязджае загадчыца амбулаторыі Вольга Сямашка. Не паспела яна апрануць белы халат, як на прыём зайшла жыхарка Пранчакоў. Урач мерае ціск, карэкціруе прыём лякарстваў і прызначае чарговую сустрэчу праз месяц – з высокім ціскам жартаваць не варта.
– Наша Вольга Баляславаў-на не толькі добры ўрач, але і чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, член Навасёлкаўскага сельвыканкама. Разам з прадстаўнікамі іншых зацікаўленых службаў наведвае неўладкаваныя і мнагадзетныя сем’і, адзінокіх вяскоўцаў. Праводзіць прафілактычную работу ў школе, дзіцячым садку, выязджае на фермы, у рамонтныя майстэрні, – далучаецца да размовы супрацоўнік сельвыканкама Таццяна Канецпольская.
Цяжка ўтрымацца перад шчырасцю, адкрытасцю і абаяннем доктара, для якога лячыць людзей – не проста прафесія, а сэнс жыцця. Дзяўчынкай яна сабе паабяцала: калі вырасце, абавязкова стане ўрачом. І дванаццаць гадоў (амаль чатыры з іх у Навасёлках) Вольга Сямашка на практыцы пацвярджае, што нездарма атрымала дыплом з адзнакай Гродзенскага медуніверсітэта.
Яе рабочы дзень – карагод спраў, якія не церпяць адкладу. За ўчасткам замацавана 1211 чалавек. І ў кожнага свае балячкі, праблемы, з якімі хочацца падзяліцца з добразычлівым і заўсёды гатовым выслухаць медыкам.
З асаблівым натхненнем урач гаворыць пра дружны, зладжаны калектыў навасёлкаўскіх медыкаў. Адкуль бяруць на ўсё сілы? Вольга Баляславаўна, напрыклад, чэрпае іх у творчасці. На канцэрце, прымеркаваным да Дня медыцынскага работніка, урач Вольга Сямашка будзе спяваць. А песня дапамагае не толькі жыць і будаваць, але і лячыць.

– Скончыў медвучылішча, справу сваю люблю. Акрамя прафесійных ведаў і навыкаў у нашай рабоце абавязковыя ўвага, клопат, шчырасць, а вось абыякавасць недапушчальная. Гэта ў дачыненні літаральна ўсіх пацыентаў. Дарэчы, маёй старэйшай падапечнай Марыі Сасім 94 гады, самаму маленькаму Дзям’яну Булатаму крыху больш за  4 месяцы. Хвалююся пра здароўе ўсіх сваіх землякоў і дапамагаю зберагчы яго, –  расказвае Дзмітрый Гібеж.
Фельчар у сельскай мясцовасці – сямейны доктар: лечыць дарослых і дзяцей. Наогул, часам здаецца, што ўменні загадчыка ФАПа бязмежныя.
Дарэчы, па першай, сярэдняй спецыяльнай, адукацыі ён фельчар-акушэр, па другой – вышэйшай – інструктар-метадыст лячэбнай фізкультуры.
– Былі разнастайныя прапановы: настаўнікам фізкультуры ў гарадской школе, трэнерам у ДЮСШ, але выбар зрабіў аднойчы і на ўсё жыццё. Адзінае, пра што шкадую, што адразу не паступаў у медыцынскую ВНУ, хірург – мая мара. Затое рады, што трапіў у Сваятычы – гэта мая другая радзіма. Тут нарадзіліся дачушкі, жыве мама. Нашай сям’і выдзелілі дом. Зарплата задавальняе, – гаворыць Дзмітрый Гібеж.
На ФАПе звініць тэлефон (пацыенты ведаюць не толькі нумар стацыянарнага службовага, але і асабістага мабільнага). Дзмітрый Аляксандравіч бярэ заўжды падрыхтаваны чамаданчык і спяшаецца па вясковай вуліцы: камусьці вельмі неабходна хуткая меддапамога.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Прыём вядзе загадчыца амбулаторыі ўрач Вольга Сямашка.

Загадчык Сваятыцкага ФАПа Дзмітрый Гібеж.

Памочнік урача Ніна Кандзярэшка ставіць кропельніцу.

У працэдурным кабінеце гаспада-рыць медсястра Таццяна Тумаш.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *