Сёння слесар, заўтра камбайнер

Механізатар ДП «Нача» Раман Голя (на здымку) будзе дэбютаваць на жніве-2018 у якасці старшага камбайнера. Хаця на ўборцы збожжавых ён далёка не навічок і з камбайнам на ты. Акуратна і адказна рыхтуе тэхніку, тым больш, што вопытныя механізатары гатовы падказаць, растлумачыць, параіць.

А для Эдуарда Чалядкі сёлетняе жніво будзе юбілейным – 25-ым у яго камбайнерскай біяграфіі. Дарэчы, усяго на год больш ён працуе ў прадпрыемстве. Тэхніку да збожжаўборачнай кампаніі заўсёды рыхтуе сам. Напэўна таму яго камбайн рэдка выходзіць са строю, а калі і здараюцца паломкі, механізатар стараецца выпраўляць іх самастойна, ды і рамонтная брыгада заўжды гатова выехаць у поле.
Галоўны інжынер «Начы» Аляксандр Рак расказвае, што зернеўборачныя камбайны, аўтамабілі, зернесушыльныя комплексы прайшлі рамотную паверку загадзя. У поле – хоць сёння.
У начаўскіх суседзяў – у СВК «Ляхавіцкі» – таксама тэхнічны парадак. У кожнага механізатара па палічках раскладзены інструменты, а неабходныя запчасткі галоўны інжынер гаспадаркі заказвае папярэдне.
Наогул, у раёне палявы стан саступіў лідарства вытворчым майстэрням, дзе ідзе падрыхтоўка зернеўборачнай тэхнікі. Што і колькі рыхтуюць да жніва? 72 збожжаўборачныя камбайны, 98 аўтамабіляў, 25 зернесушыльных комплексаў (10 з іх мабільныя перасоўныя) – увесь машынна-тэхнічны парк да 1 ліпеня павінен прайсці тэст на функцыянальнасць, адпаведнасць патрабаванням тэхнікі бяспекі. Па стане на 26 чэрвеня лепшую падрыхтаванасць дэманструюць ДП «Нача», СВК «Ляхавіцкі», ЗАТ «Белпрампрыбор». Адстаюць ААТ «Шлях новы», КСУП «Ліпнянка» і «Востраў-Агра». Як расказалі ў райсельгасхарчы, сельгаспрадпрыемствы рамантавалі тэхніку ўласнымі сіламі, набывалі толькі запчасткі. На жаль, папаўнення машынна-трактарнага парка сёлета не прадбачыцца.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Механізатары СВК «Ляхавіцкі» Генадзій Граблюк і Мікалай Кавалёў рыхтуюць свае камбайны да жніва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *