Дзякуй, паважаная Таццяна Яўгеньеўна!

Доктар, лекар… Сёння мала хто абходзіцца без іх дапамогі. Слова ”лекар” цяпер амаль не ўжываецца, а вось лячыць, лякарства — паўсюдна.

А да слова «доктар» ёсць пэўныя прыметнікі-азначэнні: добры, уважлівы, разумны, шчыры, сумленны, міласэрны…

Гэта ў поўнай меры адносіцца і да Таццяны Усцюшковай, лекара нашых вачэй і валеолага ў адной асобе. Яна з тых дактароў, каго людзі паважаюць і цэняць. Прыехала працаваць акулістам у 1998 годзе. Менавіта Таццяна Яўгеньеўна першай паставіла мне дыягназ «глаўкома».  З гэтага  і пачалося наша «супрацоўніцтва».

— Каб падабраць самае эфектыўнае для вас лякарства, гэты тыдзень ставім на кантроль, — кажа мне і вызначае, колькі разоў я павінен наведаць кабінет. І такіх кантрольных дзён набіраецца за год даволі значная колькасць.

Доктар і чалавек — цесна звязаныя паміж сабой паняцці. Яны ў медыцынскай прафесіі не жывуць паасобку, а цесна сплецены ў адным — прафесійным майстэрстве і міласэрнасці. Заходзіш у кабінет — і цябе сустракаюць прыязныя вочы доктара.

— Як сябе адчуваеце? — першае, з чым яна звяртаецца да пацыента. Уважліва выслухае, удакладніць некаторыя моманты, замерае вочны ціск, пракантралюе стан вочнага дна, узровень зроку на дзень праверкі, высветліць рэгулярнасць прыёму лекаў, удакладніць кампаненты харчавання, фізічную нагрузку, практыкаванні для вачэй, для ўсяго арганізма. І абавязкова знойдзе што дадаткова параіць.

— Цукар у норме, кроў спакойная, нядрэнна працуе сэрца, — чую вынікі праверкі.

«Кроў спакойная» — гэта мяне так уразіла, што запамятаў на ўсё астатняе жыццё. Пагаварыла Таццяна Яўгеньеўна так шчыра, што на добры дзясятак гадоў памаладзеў.

Я пераканаўся, што Таццяна Яўгеньеўна — цудоўны псіхатэрапеўт, яна да кожнага свайго пацыента знойдзе такія словы, што з’явіцца добры настрой, на-дзея на станоўчы вынік лячэння.

Шчыра віншую доктара Усцюшкову з прафесійным святам! Шчырасці, поспехаў, радасці, дарыце свой прафесіяналізм сваім пацыентам.

Васіль ЯСЕВІЧ, г. Ляхавічы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *