Рапс на рапс не выпадае. «Белпрампрыбор» Ляхавіцкага раёна прымераў жніўны ўбор. Як заўсёды, у першых радах

На рапсавым полі ЗАТ «Белпрампрыбор» намеснік дырэктара прадпрыемства Андрэй Вараб’ёў і старшы камбайнер Аляксандр Дубіна. Аб чым гутарка? На надзённую тэму, кароткае абазначэнне якой гучыць ёміста: жніво!

У першых радах удзельнікаў жніва і экіпаж у складзе старшага камбайнера Міхаіла Зубіка і камбайнера Віталія Лойкі. Розныя прыступкі вопыту і аднолькавае жаданне рабіць сваю справу хутка і якасна.

Адкрыта – пра закрытае акцыянернае таварыства. Геалогія ўрадлівага слою зямлі з’яўляецца прычынай таго, што «Белпрампрыбор» знаходзіцца ў шэрагу сельгаспрадпрыемстваў раёна, якія пачынаюць. Што ўвесну на сяўбе, што, як зараз, на ўборцы ўраджаю. Ужо тыдзень прасторы вёсак Стральцы, Бень-каўцы, іншых поўняцца гукамі матораў. Ні з чым не зблытаеш камбайнавы, якому на гэтым этапе работ законна адводзіцца роля першай скрыпкі палявога аркестра.
У панядзелак, напрыклад, «гучалі» ўсе тры збожжаўборачныя камбайны гаспадаркі. Два з іх падымалі зерневую масу – а заадно і пыл – на палетку з азімым ячменем. Культуру нярэдка пазіцыянуюць як «разміначную», як палігон для спробы сіл перад вялікім жнівом. Белпрампрыбораўскі палігон размясціўся на плошчы амаль у 8 дзясяткаў гектараў і з’яўляецца ў гэтым годзе адным з двух у раёне, на якім вырошчвалі азімы ячмень. Наколькі ўрадзіў зімаўстойлівы варыянт ячменю? Адбітак сухога года выяўна «чытаецца» – дастаткова агледзецца на самім палетку: паніжаныя ўчасткі выглядаюць даволі аптымістычна і, відавочна, уяўляюць сабой большую ўраджайную каштоўнасць. Вышэй – наадварот.
Адным з «ячменных» экіпажаў камандуе Міхаіл Зубік, які на жніве «намалаціў» ужо не адзін дзясятак гадоў стажу. У памочніках – камбайнер Віталій Лойка. Сёлетні выпускнік сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы прыйшоў у гаспадарку на пасаду механіка. А пакуль – падпрацоўка і напрацоўка такога каштоўнага ў будучай рабоце практычнага вопыту. Усё ў іх атрымліваецца: старшы камбайнер за штурвалам, камбайнер – напрыклад, маніторыць пажніўны валок саломы на прадмет чысціні абмалоту коласу.
Паралельным, умоўна кажучы, курсам вядзецца камбайнаванне рапсу. Па-рознаму на розных канцах поля цешыць ён вока. Ёсць участкі, дзе нават і схавацца можна – раз на раз не выпадае. Як пракаменціраваў сітуацыю на рапсавым полі намеснік дырэктара прадпрыемства Андрэй Вараб’ёў, насенне больш дробнае, не налілося дастаткова – суш. Уборкай рапсу непасрэдна запраўляе старшы камбайнер Аляксандр Дубіна. Лепшыя людзі нашага прадпрыемства – адзначыў у адрас апошняга Андрэй Ціханавіч. Спецыяльны стаж хлебароба раўняецца двум дзясяткам гадоў. І жне, і косіць, і сее, змяняючы адзін від тэхнікі на другі ў залежнасці ад гадавога агравытворчага цыкла.
І ў першым (ячмень), і ў другім (рапс) выпадках вядзецца комплексная работа. Ці не ў хвост камбайнам прымасціліся прэс-падборшчыкі. Салома таксама можа быць хлебам эканомікі гаспадаркі. На дылетанцкае пытанне, навошта ўпарадкуюць у рулоны рапсавую салому, Андрэй Вараб’ёў адказаў коратка: зіма доўгая.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Рапс на рапс не выпадае. «Белпрампрыбор» Ляхавіцкага раёна прымераў жніўны ўбор. Як заўсёды, у першых радах: 1 комментарий

  • 11/07/2018 в 22:16
    Permalink

    Вяскоўцам жадаю не толькі добрага надвор’я, але і здароўя моцнага і сілы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *