Пазаўрочная работа. Пытанне аб выкананні ў Ляхавіцкім раёне комплексу мерапрыемстваў па рэалізацыі праграмы значылася на парадку дня сесіі райсавета дэпутатаў

Пытанне аб выкананні ў Ляхавіцкім раёне па выніках 2017 года комплексу мерапрыемстваў па рэалізацыі праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі ў Рэспубліцы Беларусь на 2016-2020 гады значылася на парадку дня сесіі райсавета дэпутатаў.
Справаздачу па ім трымала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская, якая нагадала, што ў раёне зацверджаны комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў данай праграмы.

Апошнім часам у сістэме агульнай адукацыйна-выхаваўчай работы адбыўся адметны «разварот». Раней ва ўстановах адукацыі асноўны ўпор надаваўся іменна адукацыйным пытанням. Інакш кажучы, паспяховасць работы школы ацэньвалася па колькасці выпускнікоў, якія прадоўжылі навучанне на вышэйшым узроўні. Без залежнасці ад прафесійнага выбару апошніх, галоўным крытэрыем было  стаць студэнтам ВНУ. Прыярытэтам жа сённяшняга дня з’яўляецца дзейнасць, якая максімальна садзейнічае сацыялізацыі маладых людзей у грамадстве.
Якасць атрыманых ведаў – фактар, безумоўна, значны. Аднак у большай ступені важна, каб юнак ці дзяўчына ў будучыні набылі асабліва запатрабаваныя прафесіі. Як край аграрны Ляхавіччына заўжды гатова прадаставіць (часта – у літаральным сэнсе слова) поле для дзейнасці спецыялістам сельскагаспадарчага профілю. Акрамя аграномаў, зааветспецыялістаў, механізатараў і прадстаўнікоў іншых прафесій ад зямлі, раёну патрэбны повары, прадаўцы, будаўнікі і г. д.
– У прыватнасці прафарыентацыя – адзін з аспектаў данай праграмы. Ён дазваляе фарміраваць прафесійнае станаўленне асобы праз разнастайнасць выхаваўчых мерапрыемстваў. Акрамя таго, важным момантам з’яўляецца выхаванне культуры бяспекі жыццядзейнасці, фарміраванне ў маладых людзей здаровага ладу жыцця, грамадзянскасці, любві да малой радзімы. Сёння вельмі важна, каб маладыя людзі вярталіся ў свой рэгіён, тут стваралі сем’і і шчасліва працавалі на ляхавіцкай зямлі, – канстатавала Святлана Якубоўская.
І, калі коратка абагульніць, менавіта на вырашэнне такіх задач «запраграмаваны» гэты праграмны комплекс.
Названы і прааналізаваны лічбавыя паказчыкі, што складаюць рэалізацыйную платформу комплексу мерапрыемстваў праграмы. Так, на працягу справаздачнага года ў раёне павялічылася колькасць аб’яднанняў па інтарэсах, у тым ліку падраслі колькасна аб’яднанні творча-тэхнічнага характару. Прадумваецца арганізацыя авія- і суднамадэлізму ў раёне. Пры гімназіі пачала працаваць пляцоўка па робататэхніцы. Не без цяжкасцяў, як вынікае з даклада, і ў асноўным на сродкі бацькоў вучняў, аднак – інавацыйны факт.
Усе школьнікі, якія знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, і дзеці, што трапілі на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх, ахоплены заняткамі па інтарэсах. У гэтым пытанні добрым памочнікам аддзелу па адукацыі выступаюць мясцовыя ўстановы культуры. Асабліва, што тычыцца населеных пунктаў, дзе адсутнічаюць школы і садкі. У справаздачным годзе ў раёне не адзначана фактаў, калі выпускнікі школ не знайшлі сябе ў далейшай вучобе ці працы. Можна было б назваць і шэраг іншых ключавых у рамках праграмы плюсаў. Аднак, не абыходзіцца і без момантаў і накірункаў, работу над якімі, па словах Святланы Якубоўскай, неабходна актуалізаваць. Напрыклад, што тычыцца супрацоўніцтва патэнцыяльных працадаўцаў – прадпрыемстваў і арганізацый раёна – з установамі сістэмы адукацыі па прафарыентацыі.
Ёсць пытанні адносна даарганізацыі занятасці непаўналетніх у вячэрні час, цяжкасці з прыцягненнем да заняткаў у гуртках па інтарэсах дзяцей, якія ад дому да месца вучобы і ў зваротным накірунку падвозяцца на аўтобусах. У раёне такіх 670, і пражываюць яны ў 72 населеных пунктах. Нярэдка складана «ўпісаць» гэтую катэгорыю школьнікаў у расклад работы гурткоў па інтарэсах.
Увогуле, выхаванне дзяцей і вучнёўскай моладзі – справа агульная. І адказная роля ў гэтым пытанні адводзіцца не толькі сістэме адукацыі. Побач і разам з ёю выступаюць РАУС, РАНС, установы аховы здароўя, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, БРСМ, іншыя.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса звярнуў увагу на забеспячэнне раёна прафесійнымі кадрамі. Пажадана лепшымі з магчымых і па магчымасці сваімі. Выхадцамі з раёна, якіх пасля атрымання «ў сталіцах» адукацыі неабходна вяртаць на малую радзіму. І не таму, што ў краіне Год малой радзімы, а таму, што кадры вырашаюць усё: сацыялку, эканоміку, адукацыйна-выхаваўчыя пытанні. І пытанні добраўпарадкавання населеных пунктаў, аб’ектаў і тэрыторый раёна – тэма, якая і стаяла другім пунктам парадку дня сесіі.
Разгледжаны і іншыя пытанні, па ўсіх прыняты рашэнні.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *