Адным словам, зажынкі! 10 ліпеня. Пшанічнае поле ля вёскі Дрэкі ААТ «Шлях новы». Традыцыйныя раённыя зажынкі, якія адбыліся тут, пачалі хлебны марафон на Ляхавіччыне

За пяць хвілін да пачатку: удзельнікі жніва «Шляху новага» з дырэктарам гаспадаркі Русланам Сцепаненкам.

Залатое жніўнае поле літаральна зіхаціць, ззяе пад промнямі ліпеньскага сонца, а важкія налітыя каласкі, што схіліліся пад цяжарам, дыктуюць: уборачную пара распачынаць! Чакае тэхніка – хутка загудуць маторы камбайнаў, трактароў, грузавікоў. Хвалююцца механізатары, яны дакладна ведаюць: як пачнеш, так і закончыш. Таму галоўныя людзі жніва настроены на ўборачную з добра-бадзёрым настроем, упэўнена і з курсам на якасную працу ў максімальна хуткім тэмпе. І гэты момант – першыя зжатыя каласы – сапраўднае свята для кожнага, хто мае дачыненне да нялёгкай справы, хто штодня шчыруе на хлебных палях, зернятоках – гэта нашы «Зажынкі».

Кіраўнікі раёна і сельгаспрадпрыемстваў раздзялілі з хлебаробамі свята першага снапа

 

Механізатары Вячаслаў Саванчук і Юрый Самойленка.

Сёлетняе традыцыйнае адкрыццё ўборачнай кампаніі прайшло на пшанічным полі ля вёскі Дрэкі. Усё, як і належыць, як рабілі нашы продкі, загадваючы на добры ўраджай. Гучалі абрадавыя песні ў выкананні ўдзельнікаў Падлескага народнага хору. Першы зжаты сноп на ўдачу, поспех і важкі вынік, упрыгожаны палявымі кветкамі і рознакаляровымі стужачкамі, уручылі кіраўніку раёна Аляксандру Камінскаму. А Аляксандр Віктаравіч адзначыў, што Ляхавіччына – багаты, шчодры край і трэба выкарыстоўваць гэты патэнцыял па-максімуму.
Віншаванні і пажаданні паспяховага жніва гаспадарам гэтых гасцінных зажыначных пшанічных гектараў – хлебаробам ААТ «Шлях новы» і дырэктару таварыства Руслану Сцепаненка.
З пачаткам жніва павіншаваў механізатараў і гасцей свята першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Іван Шматко.
…Палі гатовы аддаць ураджай. Цяпер задача – ашчадна, уважліва, з любоўю яго ўбраць. Зберагчы і не страціць. Няхай тое шчодрае сонейка, той аптымістычны ўзнёслы настрой зажынак, тое блаславенне праваслаўнага святара айца Сергія стануць заўсёднымі спадарожнікамі механізатараў! Няхай нашай мясцовай прыкметай стане надвор’е зажынак у Дрэках як праекцыя на ўсё жніво-2018!
Сёлета аграрыям раёна належыць убраць каля 16216 гектараў з зерневымі культурамі (гэта без проса, грэчкі, кукурузы). Тэхніка гатова выйсці на поле, як і кожны экіпаж. На жніўных палетках хутка загудуць 70 камбайнаў. Нагрузка на адзін у сярэднім складае 232 гектары. Уборачныя клопаты плануецца завяршыць у пачатку жніўня. Белданаўскія хлебаробы будуць шчыраваць на 3645 гектарах, жніўныя палеткі ААТ «Шлях новы» складаюць 2820 гектараў, крыху менш у ААТ «Жарабковічы» – 2760, у СВК «Ляхавіцкі» – 1287, у ДП «Нача» – 860 гектараў.
У добры шлях, майстры хлебных прастораў!
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *