Аператыўныя сюжэты. З жыцця аддзялення крымінальнага вышуку Ляхавіцкага РАУС

Пагадзіцеся, амаль кожны ў дзяцінстве пасля знаёмства з прыгодніцкім жыццём Шэрлака Холмса марыў акунуцца ў якую-небудзь заблытаную гісторыю, напасці на след злачынца, разгадаць безліч галаваломак, а пасля так, як гэта рабіў герой Артура Конан Дойла, феерычна раскласці ўсе карты на стале. Пра крымінальны вышук напісаны тысячы кніг, знята столькі кінафільмаў і серыялаў, што абывацель з лёгкасцю надасць рабоце яго супрацоўнікаў статус самай рамантычнай прафесіі… Але ад рамантыкі на справе застаецца зусім нямнога – хіба захапляльныя гісторыі, што пасля натхняць пісьменнікаў ці сцэнарыстаў на новы крымінальны сюжэт.
Умоўна іх працоўны дзень упісаны ў часавыя рамкі з 9.00 да 18.00, але, як сказаў оперупаўнаважаны старшы лейтэнант міліцыі Андрэй Чаранкевіч, «з» і «ад» работы яны ніколі не адыходзяць. Ды і дома «пракручваюць» у думках рабочыя моманты.

Начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Віталій Давідоўскі (справа), старшы оперупаўнаважаны Міхаіл Сцепанькоў.

Ужо не навічкі

І гэты лад жыцця даспадобы Андрэю Чаранкевічу. Ён у праваахоўных органах з 2008 года, у крымінальным вышуку з 2012-га. Прызнаецца: няхай работа з разраду непрадказальных, безумоўна, складаных, усё ж тут адчуваецца стабільнасць. Да гэтага спрабаваў сябе ў розных сферах, але менавіта служба ў МУС, у гэтым падраздзяленні – тое, што так доўга шукаў. Яго падкантрольны ўчастак – горад, які Андрэй Чаранкевіч ведае ад «а» да «я». А гэта адно з галоўных патрабаванняў да супрацоўнікаў аддзялення. Калі ўчынена злачынства, важна адразу зарыентавацца, у каго і што спытаць, дзе знайсці патрэбную інфармацыю. А значыць, быць у курсе таго, што адбываецца ў горадзе, ведаць людзей, асабліва працаваць з тымі, хто мае праблемы з законам. Бывае, што пацягнеш за адну нітачку, прапрацоўваеш адну версію, а ў выніку можа быць заведзена яшчэ некалькі крымінальных спраў.
– У мяне дзве маленькія дачкі, і вельмі важна, каб яны адчувалі сябе бяспечна. Я і мае калегі працуем, каб ляхавічане жылі ў спакойным горадзе, – адзначае Андрэй Чаранкевіч.
А гэтыя маладыя лейтэнанты міліцыі – оперупаўнаважаны Аляксей Паляшчук і старшы оперупаўнаважаны групы наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі Дзмітрый Котаў 24 чэрвеня пачалі адлік другога працоўнага года. Яны прызнаюцца, што ні кроплі не расчараваліся ў прафесіі. Пасля заканчэння Акадэміі МУС размеркаваліся сюды (дарэчы, паступалі па мэтавым накіраванні Ляхавіцкага РАУС, тут і практыку праходзілі). Праляцеў год, а колькі ўсяго было: затрымлівалі злачынцаў, патруліравалі, сядзелі ў засадзе. А яшчэ год для іх быў шчодрым на добрыя падзеі: восенню сталі навасельцамі арэнднага дома па вуліцы Леніна, 54.
– Для маладых аператыўнікаў надзвычай важная падтрымка калег, яна надае ўпэўненасці, а калектыў у нас згуртаваны, – дзеляцца ўражаннямі Аляксей і Дзмітрый.

Знайсці!

Яшчэ адзін накірунак работы падраздзялення – вышук: без вестак прапаўшых, злачынцаў і дзяржаўных даўжнікоў. За гэта ў Ляхавіцкім РАУС адказвае старшы оперупаўнаважаны групы вышуковай работы маёр міліцыі Дзмітрый Прыхач. Міліцыянерам даводзіцца даведвацца пра знікшага чалавека ўсё. Тут галоўныя інструменты – уменне размаўляць з людзьмі, пільная ўвага да дробязяў – часам яны становяцца ключыкам да раскрыцця складанай справы.
Дзмітрый успамінае, як аднойчы доўга не маглі знайсці жанчыну, якая ўчыніла крадзеж ювелірных вырабаў у жыхаркі горада, хаця асоба яе была ўстаноўлена. Прапрацавалі шмат версій, апыталі многіх людзей, але гэта не дало выніку. Пры чарговай размове з роднымі злачынцы Дзмітрый Прыхач вырашыў паглядзець сямейны фотаальбом: на адным з фотаздымкаў злачынца стаяла ля дома, дзе выразна бачны адрас. Вырашылі праверыць – там і знайшлі «крымінальную прапажу».
– Ці люблю сваю працу? Скажу так: ні адзін опер не адкажа «не». Гэтай справай можна займацца толькі тады, калі да яе ляжыць душа, – упэўнены Дзмітрый Прыхач.
На жаль, не заўсёды вынікі вышуку паспяховыя. Самае страшнае, калі чалавека знаходзяць нежывым. Сёння ў Ляхавіцкім раёне шэсць злачынцаў знаходзяцца ў вышуку, восем чалавек – без вестак прапаўшыя, тры ўхіляюцца ад выплаты запазычанасці. Што датычыць апошніх, такая катэгорыя правапарушальнікаў часцей за ўсё не жадае вяртаць крэдыты ў банк або плаціць за тэлефоны, што набываліся, напрыклад, у растэрміноўку.
– Але злачынец заўсёды пакідае сляды. У любым выпадку можна знайсці зачэпкі, галоўнае заўважыць іх, «прачытаць», – сцвярджае начальнік аддзялення крымінальнага вышуку маёр міліцыі Віталій Давідоўскі.
Яшчэ адзінаццацікласнікам пасля цікавых захапляльных гісторый, расказаных вучням Альхоўскай школы супрацоўнікамі міліцыі, ён вырашыў паступаць у Акадэмію МУС на факультэт крымінальнай міліцыі. Працоўны стаж Віталія Пятровіча – больш за два дзесяцігоддзі. У іх занатаваны сотні гісторый, людскіх лёсаў, выпадкаў і ягонае жаданне дапамагчы людзям, бо за кожным здарэннем стаіць чалавек, яго сям’я, блізкія. Таму да любой крымінальнай сітуацыі падыход асаблівы: пільная ўвага да ўсяго, што можа даць падказку, абвостранае інтуітыўнае пачуццё, уменне знайсці агульную мову з людзьмі і, канешне, спецыяльныя веды.
Віталій Пятровіч успамінае складаную крымінальную гісторыю. У РАУС звярнуўся чалавек з мноствам раненняў, які сцвярджаў, што на яго з сябрам напалі. Сябар загінуў, яму ж удалося збегчы… Ішла доўгая аператыўная работа, падчас якой была заведзена не адна крымінальная справа, апытана мноства людзей, адпрацавана шмат версій. Адна з іх і прывяла операў да сапраўднага злачынца. Аказалася: мужчыны актыўна «паканфліктавалі», у выніку адзін загінуў, другі, каб адвесці ад сябе падазрэнні, прыдумаў трэцяга ў гэтай разборцы. Але «вышукоўцы» гэтую задачу вырашылі правільна.
– Кожнае раскрытае злачынства – зладжаная камандная работа плюс жаданне  неабыякавых людзей дапамагчы ў ахове правапарадку. Аддзяленне крымінальнага вышуку Ляхавіцкага РАУС – гэта 7 супрацоўнікаў міліцыі, якія не лічацца з асабістым часам, сапраўдныя профі, у якіх я ўпэўнены на ўсю сотню працэнтаў, – сцвярджае Віталій Давідоўскі.

Сакрэт  у інфармацыі

Салідны стаж і ў старшага аператыўніка маёра міліцыі Міхаіла Сцепанькова. Пасля службы ў батальёне міліцыі асобага назначэння, у 1999-м ён уладкаваўся ў Ляхавіцкі РАУС, з 2002-га стаў супрацоўнікам аддзялення крымінальнага вышуку. Задавальненне прыходзіць, калі чарговая крымінальная справа раскрыта, калі злодзея ўдалося знайсці. У чым сакрэт паспяховай аперацыі, пытаюся ў Міхаіла Міхайлавіча:
– Сакрэт у інфармацыі, што дазваляе ўбачыць агульную карціну злачынства. Нездарма гаворыцца: хто валодае ёй, той валодае светам. У нашым выпадку – валоданне сітуацыяй дазваляе яе кантраляваць.

Традыцыя

Настаўніцтва – адна з галоўных традыцый калектыву. Сустрэчы з былымі супрацоўнікамі начальнікамі падраздзяленняў Сяргеем  Занько, Аляксандрам Бурбіцкім, Віталіем Андрушкевічам, Генадзіем Савасцюком і старшымі оперупаўнаважанымі Анатоліем Ушко, Алегам Урбановічам і многімі іншымі для сённяшніх операў –сапраўдныя майстар-класы: ёсць, што расказаць і чаму павучыцца ў калег-ветэранаў.
5 кастрычніка крымінальнаму вышуку краіны спаўняецца 100 гадоў.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

ДАСЛОЎНА

Аддзяленне невялікае, а яго праца проста тытанічная. Вынікі гавораць самі за сябе.
Начальнік Ляхавіцкага РАУС падпалкоўнік міліцыі Андрэй Студзянічнік, які, дарэчы, некалі ўзначальваў аддзяленне, расказвае:
– За 6 месяцаў па лініі крымінальнага вышуку было зарэгістравана 72 злачынствы, у 57 выпадках устаноўлены асобы, якія іх учынілі. А гэта 79,2 працэнта, высокая адзнака работы аператыўнікаў. Крымінальны вышук Ляхавіцкага РАУС уваходзіць у тройку лепшых у вобласці.

Прамыя тэлефонныя лініі

У трэцім квартале прамыя тэлефонныя лініі правядуць намеснікі начальніка УУС Брэсцкага аблвыканкама:
начальнік крымінальнай міліцыі палкоўнік міліцыі Ігар ЖЫГАЛАЎ – 18 верасня з 15.00 да 17.00
па тэл. 8-0162-27-53-80;
начальнік міліцыі грамадскай бяспекі палкоўнік міліцыі Вячаслаў ГЕРАСІМОВІЧ – 26 ліпеня з 14.00 да 16.00 па тэл. 8-0162-27-57-59;
палкоўнік міліцыі Віталій ТУЖЫКАЎ – 9 жніўня з 10.00 да 12.00 па тэл. 8-0162-20-55-41.

Аляксей Паляшчук, Дзмітрый Котаў.

Андрэй Чаранкевіч.

 

Дзмітрый Прыхач.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *