З жыцця салдацкага

Быць абаронцам Айчыны ганарова  і адказна. У вайсковай часці 1073 каманднага пункта Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ВПС і войскаў СПА асаблівая ўвага надаецца не толькі фізічнай, баявой падрыхтоўцы салдат, але і выхаванню духоўных каштоўнасцей асабовага саставу, прадаўжэнню і ўмацаванню слаўных армейскіх традыцый.

4 ліпеня ў вайсковай часці адбылася значная падзея — традыцыйны рытуал урачыстага ўручэння баявой зброі яе папаўненню. Аўтаматы з рук камандзіра падраздзялення палкоўніка Сяргея Наліўкі, выконваючага абавязкі камандзіра роты кіравання  каманднага пункта лейтэнанта Сяргея Бурбы атрымалі шасцёра навабранцаў. Трое з іх — нашы землякі: Аляксандр Дыдышка, Яўген Серада, Віталь Жытко. Запрошаны на ўрачыстасць   айцец Ігар пасля малітвы і абраду асвяшчэння зброі звярнуўся да вайскоўцаў з пранікнёнымі словамі. Па адухоўленых тварах салдат было відаць, што благаславенне свяшчэнніка кранула маладых людзей.

Сімвалічна, што ўручэнне баявой зброі адбылося напярэдадні  68-й гадавіны з дня вызвалення нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ляхавіцкая зямля выхоўвае дастойных маладых людзей, якія, калі спатрэбіцца, заўсёды змогуць  абараніць свой край, сваіх родных і блізкіх. Палкоўнік Сяргей Наліўка пажадаў, каб атрыманую зброю салдаты выкарыстоўвалі толькі ў мірных мэтах.

Яны ж, у сваю чаргу, вельмі хваляваліся: падзея гэта знакавая — сталі сапраўднымі салдатамі. І шчыра падзяліліся сваімі думкамі і пачуццямі.

— Атрыманне зброі — гэта хваляванне, адказнасць. Гэта першы крок у маёй вайсковай службе.

Аляксандр Дыдышка.

— У войску ўручэнне аўтамата пасля прыняцця ваеннай прысягі — другая па значнасці падзея.

Яўген Серада.

— Што для мяне служба? Абавязак і права  абараняць Айчыну. Стан пастаяннай гатоўнасці. Найвялікшая адказнасць. Атрыманне воінскай спецыяльнасці.

Віталь Жытко
Наталля ПЕРАПЕЧКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *