Трэці семестр – працоўны. Ляхавіцкая моладзь шчыруе ў студатрадах

На 10 дзён студатрадаўцы сталі паўнацэннымі работнікамі сельгаспрадпрыемстваў

Многія навучэнцы ЛДАКа пасля паспяховай здачы экзаменаў адпачываюць дома, набіраюцца сіл перад новым навучальным годам, патэнцыяльныя, што так імкнуцца хутчэй уліцца ў дружную сям’ю каляджан, яшчэ хвалююцца ў чаканні вынікаў прыёмнай кампаніі… А 22 маладыя землякі вырашылі частку сваіх канікул правесці на карысць і сябе, і гаспадаркі, у якой яны будуць працаваць. Але пра ўсё па парадку.

Сёлета на базе агракаледжа створаны два студэнцкія сельскагаспадарчыя атрады – «Флагман» і «Ударнік». З мінулага панядзелка ў іх удзельнікаў пачалося новае жыццё. У ЛДАКу стартаваў трэці семестр – працоўны. Першы дзень – арганізацыйны і надзвычай важны: у многіх юнакоў і дзяўчат з’явілася працоўная кніжка і, адпаведна, першы запіс у ёй. Крок да дарослай самастойнасці.
Так павялося, што ў летнія канікулы многія студэнты «перакваліфікоўваюцца» ў паштальёнаў, прыбіральшчыкаў, разносчыкаў лістовак ці расклейшчыкаў аб’яў, хтосьці ўладкоўваецца важатым у дзіцячыя летнікі, а ляхавіцкая моладзь далучылася да калектываў сельгаспрадпрыемстваў: «флагманаўцы» адправіліся ў ДП «Нача», «ударнікаўцы» – у ААТ «Жарабковічы». На 10 дзён яны паўнацэнныя работнікі гаспадарак.

Абавязковыя ўмовы для залічэння ў студатрады – 18-гадовы ўзрост, адсутнасць медыцынскіх супрацьпаказан-няў для выканання сельскагаспадарчых работ, актыўны ўдзел у жыцці каледжа і паспяховая вучоба.
Змешчаная ў сацыяльных сетках аб’ява пра набор у студатрад «Ударнік» дала свае вынікі: у Ляхавіцкі раённы камітэт ГА БРСМ паступіла шмат заявак на залічэнне. «Флагманаўцаў» аб’яднаў каледж. Адабралі, як гаворыцца, лепшых. І стварылі выдатныя ўмовы і для працы, і для пражывання. Па-першае, студатрадаўцаў падвозяць да месца работы і назад, ААТ «Жарабковічы» свайму працоўнаму дэсанту арганізуе і абеды. Па-другое, усім, хто мае патрэбу, прадастаўляецца інтэрнат.
У кожнага студатрада свой камандзір: у «Флагмане» – Сяргей Новік, ва «Ударніку» – Максім Свірэпа. Акрамя гэтага, за кожным замацаваны кіраўнік ад каледжа (Уладзімір Равінскі і Міхаіл Кліменка) ад гаспадаркі.
«Флагманаўцы» шчыруюць на зернетаку, добраўпарадкуюць тэрыторыю комплексу былой сядзібы Чарноцкіх у аграгарадку Нача, «ударнікаўцы» ўбіраюць салому з палёў сваёй гаспадаркі – актыўныя ўдзельнікі жніва-2018.
Пакуль пра зарплату думаць ранавата, яе хлопцы і дзяўчаты атрымаюць у канцы працоўнага марафону, а пра прэміяльныя за якасную і добрасумленную працу забываць не трэба. Дарэчы, для многіх гэта будуць першыя самастойна заробленыя грошы.
Для студатрадаўцаў тут створаны выдатныя ўмовы не толькі для працы, але і для адпачынку. У вольны час іх чакаюць дыскатэкі, вечар бардаўскай песні, спаборніцтвы па валейболе, шмат сюрпрызаў ад райкама БРСМ. І яшчэ цікавая акалічнасць: падчас працоўнай дзесяцідзёнкі рабяты 1 жніўня адзначаць Дзень студэнцкіх атрадаў.
– Лічу, што кожны студэнт проста абавязаны папрацаваць
у студатрадзе. Гэта сапраўды класна. І хоць я сёлетні выпускнік ЛДАКа, і ўжо залічаны на інжынерны факультэт на спецыяльнасць «агранамія» ў БарДУ, свой адпачынак вырашыў правесці працоўна. Цудоўная кампанія – а значыць і настрой адпаведны, – дзеліцца ўражаннямі камандзір «Ударніка» Максім Свірэпа.
І яшчэ адзін студатрад распачаў сваю дзейнасць у раёне – педагагічны. З 25 ліпеня ў аздараўленчым лагеры «Чайка» маладыя педагогі і студэнты, а на працягу чацвёртай змены ўдзельнікі атрада «100 сяброў», накіруюць свае сілы, каб зрабіць дзіцячы адпачынак незабыўным.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *