Чатыры «К» поспеху. За паўгоддзе ў СВК «Ляхавіцкі» ад кожнай каровы надоена больш за 4300 кілаграмаў малака

Раней даводзілася чуць пра формулу трох «К», без выканання якой разлічваць на паспяховае вядзенне жывёлагадоўлі не выпадае: кадры, кармы, каровы. Каб вынік атрымаўся добрым, такім жа словам павінен характарызавацца і кожны з гэтых трох складнікаў.  Высветлілася, аднак, што гэта ўсяго толькі «ўсечаны» варыянт формулы паспяховасці.

Месца  сустрэчы –   «Ляхавіцкі»

Тыдзень таму былі падсумаваны вынікі паўгадавой работы жывёлагадоўчай галіны раёна. Па форме правядзення гэта быў выязны збор, «базавым лагерам» для якога стаў СВК «Ляхавіцкі». Па-сутнасці ж мерапрыемства трэба разглядаць як практыка-тэарэтычны семінар на тэму выніковага ў плане эканомікі вядзення жывёлагадоўлі. Дадатковым сведчаннем таму можа служыць наступны факт: да традыцыйнага спісу ўдзельнікаў падобных мерапрыемстваў – кіраўнікі і галоўныя зааветспецыялісты гаспадарак – дабавіліся галоўныя эканамісты.
Выбар пляцоўкі, канешне ж, не выпадковасць. У раённай жывёлагадоўлі «Ляхавіцкі» займае лідарскія пазіцыі. За мінулы год, напрыклад, кожная «сярэдняя» карова гаспадаркі дала больш за
8 тысяч кілаграмаў малака. Як правіла – экстра якасці. Дынаміка ж сёлетніх удояў, як прагучала ў ходзе семінара, дае падставу разлічваць на выхад па завяршэнні года на лічбу ў 8,5-8,6 тысячы кілаграмаў малака ад кожнай каровы.
Вопыт «Ляхавіцкага» –  каштоўны рэсурс, але, па словах першага намесніка старшыні райвыканкама –  начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Івана Шматко,  зусім не догма, паколькі кожнае з сельгаспрадпрыемстваў можа мець свае асаблівасці, уласцівыя толькі яму адметнасці. А ў якасці агульных і абавязковых момантаў паспяховасці былі названы планавасць вядзення работ, неразрыўнасць вытворча-тэхналагічнага ланцуга, некаторае іншае. А тое, што жывёлагадоўчая матэрыяльная база Ляхавіччыны дазваляе практычна ўсім гаспадаркам раёна працаваць эфектыўна, з прыбыткам, начальнік райсельгасхарчу ўпэўнены. Атрымліваецца, аднак, не ва ўсіх. Пакуль, трэба думаць.
Малочнатаварны комплекс «Русінавічы» можна разглядаць як жывёлагадоўчы аб’ект інавацыйнага тыпу. У пэўным сэнсе ўзорны – у маштабах раёна і, верагодна, не толькі. У кожнай тэхналагічнай групы жывёл тут сваё месца, адмысловы рацыён. У малых цялят, напрыклад, такіх месцаў адразу два. Цёплы сезон яны праводзяць у асобных доміках, каб з наступленнем восеньскай слоты перасяліцца ў капітальна адбудаванае побач памяшканне. Там іншая атмасфера і другі камфорт. Як для жывёлы, так і для людзей, якія тут працуюць. Апошняе важна ў першую чаргу, на што ў сваіх тлумачэннях сітуацыі звяртаюць увагу спецыялісты гаспадаркі.
На комплексе ўтрымліваецца 430 кароў, сярэдняя ўдойнасць кожнай з якіх складае 27 кілаграмаў малака ў суткі. Гатункавасць – толькі экстра.
Старшыня сельгаскааператыва Іван Вітко расказаў гасцям-калегам пра гаспадарку. Звярнуў увагу на адметнасці працы ў «сухіх» умовах бягучага года, некаторае іншае.
Другім пунктам пры-пынку семінара стала Русінавіцкая МТФ. З мэтай на прыкладзе работы аднаго з памяшканняў фермы паказаць, наколькі высокапрадукцыйнай можа быць работа асобнага жывёлавода. У даным выпадку з абслугоўваннем 240 галоў буйной рагатай жывёлы спраўляецца адзін аператар. Але – не без «памочнікаў». У якасці апошніх выступае высокая ступень механізацыі многіх тэхналагічных працэсаў, чаму садзейнічае адпаведным чынам уладкаванае памяшканне. Як адзначыў начальнік райсельгасхарчу, у многіх гаспадарках ёсць будынкі, якія можна было б рэканструяваць у «стылі», што дазволіць аднаму выконваць работу некалькіх без страты якасці.
На ферму, што знаходзіцца ў вёсцы Мыслабаж, завіталі з-за стацыянарна абсталяванага тут пункта штучнага асемянення жывёлы.

«Чарадзейная» формула

Камфорт з’яўляецца чацвёртым складнікам формулы паспяховасці. Для жывёлы гэта азначае сухія ўмовы ўтрымання, адпаведны тэмпературны рэжым у памяшканнях фермаў, недапушчэнне стрэсавых фактараў. На-прыклад, крык, некарэктная і не па сітуацыі работа трактарнага рухавіка ўдойнасці кароўцы не прыбаўляюць – наадварот.
Каровы – трэці складнік формулы паспяховага жывёлавода. Фарміраванне пачынаецца з нованароджанай цялушкі. Толькі дакладна-правільнае вырошчванне можа трансфармаваць апошнюю ў высока-прадукцыйную карову. Што характэрна далёка не для ўсіх сельгаспрадпрыемстваў раёна. Такі, напрыклад, факт: у некаторых гаспадарках ад нараджэння цялушкі да яе асемянення праходзіць значна больш часу, чым гэта «прапісана» ў нарматывах. А гэта дадатковыя затраты. На ўтрыманне, кармы, ветэрынарнае суправаджэнне і іншае. Такая вось зусім не эканамічная тэорыя і практыка атрымліваецца. Станоўчым прыкладам тут могуць лічыцца той жа «Ляхавіцкі», ДП «Нача».
Аснова асноў кармы. Сёлетняя рэчаіснасць з іх назапашваннем адрозніваецца сціпласцю. Кармоў мала, і задача –  максімальна іх убраць і захаваць, канстатаваў начальнік райсельгасхарчу. Якасць кормазапасу, збалансаванасць рацыёну, дыферэнцыраванасць кармлення з’яўляюцца аксіёмнымі правіламі вядзення жывёлагадоўлі.
Але, як і ў любым пачынан-ні, партыю першай скрыпкі ў справе жывёлагадоўлі адыгрывае чалавек. Глыбокі прафесіянал сваёй справы, дысцыплінаваны і адказны выканаўца. Неабыякавасць і ініцыятыўнасць кожнага таксама вітаюцца і цэментуюць трываласць агульнай справы, назва якой –  жывёлагадоўля. Кожны работнік, калі ён на сваім  месцы, важны і патрэбны,  заслугоўвае павагі і адпаведнай заработнай платы. Пры гэтым асобая «песня» ў ходзе мерапрыемства гучала ў адрас тэхнікаў-асемянатараў. На фоне гэтага ўзгадвалася старое, некалі пачутае, што нараўне з кіраўніком гаспадаркі, тэхнік-асемянатар можа як падняць, так і апусціць у мінус жывёлагадоўчую вытворчасць. Апошняга мы нікому не пажадаем. Наадварот, толькі росту і выключна даходаў. А каб яго – даход – атрымаць, неабходна навучыцца кіраваць расходамі. Такое меркаванне мае начальнік райсельгасхарчу Іван Шматко.

ФАКТ

  • За першае паўгоддзе 2018 года ў гаспадарках раёна атрымана амаль 27558 тон малака. Гэта 98,8 працэнта ад аналагічнага мінулагодняга паказчыка.
    Сярэдні надой на карову склаў 2582 кілаграмы.

У сярэднім па раёне 54,7 працэнта малака прадаецца на перапрацоўку гатункам экстра – амаль на 2 працэнты больш леташняга. Ніякіх іншых, акрамя экстры, гатункаў не прызнаюць у СВК «Ляхавіцкі» і ЗАТ «Белпрампрыбор».

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота  аўтара. Больш фота тут

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *