Паміж кропкамі расы. Жніво ў КСУП «Востраў-Агра»

Вось ужо і жнівень, але не пакідае ўражанне, што аўсяныя палеткі працягваюць «жыць» у рэжыме чэрвеня. Працягваюць расці, налівацца і для цяперашняга часу выглядаюць «непрыстойна» зялёнымі. Гэта бадзёрасць – рэакцыя на вільготна-цёплае надвор’е апошніх тыдняў, якое змяніла папярэднюю працяглую гарачыню. Праблемная з’ява, вядомая як падгон, закранула і асобныя іншыя сельгаскультуры, аднак найбольш татальна праявіла сябе іменна на аўсах, многія гектары якіх рацыянальна ўбіраць на зернесянаж.

Экіпаж у складзе камбайнера Івана Зубіка і старшага камбайнера Андрэя Калясінскага з КСУП «Востраў-Агра».

Аб аграадметнасці года гаворыць і дырэктар КСУП «Востраў-Агра» Тамара Церах:
– Каля сотні гектараў аўса ўбралі на зернесянаж. Там-сям «падагнала» і азімае трыцікале.
Гутарка адбывалася на ўскрайку жніўнага палетка пад акампанемент камбайнавых дызеляў. Азімае трыцікале кавалкам у 45 гектараў выглядае зусім не марна: дастаткова высокае, і колас не пустышка. Канешне, калі глядзець праз прызму, гранямі якой служаць сезонная адметнасць і небагацце востраўскіх зямель. Даць матэматычную ацэнку ўраджаю пакуль не выпадае – камбайнаванне кліна пачалося гадзіну-дзве назад, але Тамара Іванаўна выказвае меркаванне, што лічба 25 цэнтнераў з гектара будзе блізкай. Ускосным таму пацвярджэннем можа служыць і тэмп работы аўтамабіля-адвозчыка. Канстанцін Дзяніш-чык са сваім МАЗам, здавалася, і не прыпыняецца. З поля на зерняток і наадварот – яго маршрут.
А на зернетаку свой, ва ўсіх сэнсах гарачы расклад. Кожны кузаў зерня праходзіць тэст на вільготнасць двойчы: да таго, як трапіць у сушылку, і на выхадзе з яе. А працаваць ёсць над чым: з актывізацыяй уборачных тэмпаў работа ЗСК перайшла ў рэжым «круглыя суткі».
Камбайнеры таксама гатовы суткамі не пакідаць масткі свах «караблёў». Для гэтых майстроў хлебаробскай справы палявы графік дыктуе «кропка расы». Пры гэтым памятаем, што і па-за жніўным палеткам работы ў дуэта камбайнераў нямала – тэхніка любіць догляд.
Дарэчы, пра сапраўдных майстроў. Экіпаж аднаго з востраўскіх камбайнаў узначальвае Сяргей Валчок. Яго «цывільная» пасада так і гучыць – майстар лесу мясцовага лясніцтва Ляхавіцкага лясгаса. Але 24-ты сезон за штурвалам збожжаўборачнага камбайна хіба не выдае ў чалавеку механізатарскае і хлебаробскае майстэрства? Каб належна падрыхтаваць машыну да выпрабавання жнівом, Сяргей працаваў пазаўрочна: пасля завяршэння лясных клопатаў спяшаўся да свайго камбайна. Рамантаваў, рэгуляваў, тэсціраваў у рэжыме гатоўнасці. Узгадвае, што перадпалявы перыяд доўжыўся тыдні два. Справіўся ў тэрмін, праўда, дамоў, у Тухавічы, іншы раз вяртаўся і ў 10, і ў 11 гадзін вечара.
Яшчэ адзін экіпаж збожжаўборачнага агрэгата ўзначальвае Андрэй Калясінскі. Камбайнерам у яго – Іван Зубік. Але не толькі агульная сезонная справа аб’ядноўвае маладых людзей. Яшчэ – адна і тая ж альма-матэр. Жыровіцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж Андрэй скончыў шэсць гадоў назад, атрымаў кваліфікацыю тэхніка-механіка сельскагаспадарчай вытворчасці. Адслужыў тэрміновую вайсковую службу, паспеў папрацаваць, атрымаць пэўны прафесійны вопыт. Гэта другі яго «востраўскі» ўборачны сезон. Іван, які выконвае абавязкі другога нумара экіпажа, з’яўляецца навучэнцам Жыровіцкага каледжа. На жніве ён у якасці практыканта. За вытворчай практыкай, якая працягнецца да кастрычніка, у Івана будзе яшчэ адзін – апошні – курс вучобы. І – атрыманне дыплома, пасля чаго, магчыма, вернецца ў Востраў ужо «закончаным» спецыялістам.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Старшы камбайнер Сяргей Валчок.

Вадзіцель Канстанцін Дзянішчык.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *