Ганчары злева, Ганчары cправа. Кропка на карце Ляхавіцкага раёна: Ганчары /фота/

Па дарозе Р-43 на ўчастку паміж Слуцкам і Івацэвічамі вас гасцінна сустрэнуць Ганчары. Выбірайце: направа – старыя, налева – новыя. Так умоўна падзяліла гэты населены пункт траса рэспубліканскага значэння. Цудоўная вёска з не менш цудоўнай назвай, што гаворыць сама за сябе. Сапраўды, мясцовыя жыхары ведаюць: яе заснавалі людзі, якія па-майстэрску валодалі ганчарнай справай, – Зіневіч і Маневіч.

Майстрыха на ўсе рукі Алена Шалік.

Спрадвеку ганчароўская зямля славілася гаспадарлівымі, дбайнымі людзьмі. Яскравае таму пацвярджэнне – ураджай-ныя агародныя соткі, шматкватэрнікі, што выглядаюць з усыпаных яблыкамі і грушамі дрэў, шыкоўныя кветнікі і дагледжаныя двары. А яшчэ ганчароўцы вельмі таленавітыя.
Досыць заглянуць у госці да Алены Шалік і ўпэўніцца, што ў яе кватэры разгарнуўся сапраўдны музей вышыванкі. Літаральна ўсё ўпрыгожана ўнікальнымі работамі ў самых розных тэхніках: навалачкі, накідкі, сурвэткі, абрусы, рушнікі, а якія фіранкі – вочы не адвесці! Але ў яе калекцыі ёсць асаблівы льняны абрус, вязаны кручком, – яму больш за 70 гадоў. Яна ўспамінае:
– Калі ў родную вёску Клецкага раёна прыйшлі фашысты, нам, жыхарам, давялося хавацца ў лесе. Мне было за 10. Там і звязала гэты абрус. Ён і па сённяшні дзень са мной.
Як прызналася Алена Рыгораўна, яе рукі могуць усё: у свае 89 гадоў вышывае, вяжа, кроіць і шые адзенне. А яшчэ пляце дыванкі, і яны не са шматкоў тканіны, а са звычайных поліэтыленавых пакетаў. Экалагічныя элементы для дамашняга дызайну.

Ветэран вайны Уладзімір Пракапенка
і сацыяльны работнік Тамара Сяргей.

На паверх вышэй у доме па вуліцы Школьнай жыве самы сталы вясковец – ветэран Вялікай Айчыннай Уладзімір Пракапенка. Цікавы субяседнік з тонкім пачуццём гумару, чалавек, у чыім жыцці хапіла болю, жахаў вайны, няспраўджаных надзей, але разам з тым поспехаў і радасцяў, дасягненняў і шчаслівых імгненняў. У складзе стралковага палка ён змагаўся за Гомель. У адным з баёў атрымаў раненне, лячыўся ў шпіталі. Вярнуўся на фронт, служыў у штурмавой брыгадзе. Трапіў і на Карэльскі фронт, пасля быў Далёкі Усход – ваяваў з японцамі…
Мірнае жыццё прывяло Уладзіміра Васільевіча ў Гашчын, куды пераехалі жыць яго бацькі. Працягнуў вучобу, паступіў у ВНУ, а на працу ўладкаваўся ў Мядзведзіцкую школу, якую пасля перанеслі ў Ганчары. Выкладаў матэматыку, фізіку, чарчэнне, нямецкую мову. У свой час узначальваў школу, працаваў інспектарам райана. А калі пабудавалі шматкватэрнік для настаўнікаў школы, пераехаў жыць сюды, у Ганчары. Тут і застаўся. Дарэчы, яго педагагічны стаж 46 гадоў, жыццёвы – 94.
– Памятаю Ганчары яшчэ зусім маленькай вёсачкай, тут было ўсяго 10 дамоў. А цяпер разгарнулася добрая інфраструктура, – разважае ветэран вайны.
Жыве адзін, але адзінокім сябе ні ў якім разе не лічыць. 3-4 разы на дзень наведвае сацыяльны работнік Тамара Сяргей. У кватэры заўсёды ідэальны парадак, нагатавана і ніколі не бывае сумна – яна ўмее слухаць, і з ёй цікава пагаварыць. Ёсць яшчэ справа, без якой не праходзіць дзень ветэрана: з захапленнем разгадвае крыжаванкі, судоку, філворды – трэніруе памяць.
аконт інфраструктуры: у Ганчарах размяшчаюцца сельвыканкам, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, Мядзведзіцкае лясніцтва, СДК, АЗС, аддзяленне паштовай сувязі, лазня, аддзяленне Беларусбанка. Пры неабходнасці ў хвіліны сюды дамчаць экстранныя службы, у тым ліку хуткая дапамога. Дарога з райцэнтра ў Ганчары – выдатная.
Тут працуюць два магазіны – райпоўскі «Родны кут» і «Вікторыя», якую адкрылі мясцовыя жыхары Алена і Ігар Гец. Дарэчы, у гэтай сям’і прыемная навіна – іх дачка студэнтка 4 курса БДПУ Вікторыя трэці раз атрымала прэзідэнцкую стыпендыю. А ў маі яна стала пераможцай універсітэцкага конкурсу «Студэнт года». Шчырыя віншаванні і Вікторыі, і яе бацькам ад «веснікаўцаў»!
Ёсць у Ганчарах яшчэ адна цікавая адметнасць. Менавіта гэта вёска стала зручным месцам, каб адкрыць тут тры гады назад дом сумеснага пражывання пажылых людзей і інвалідаў. Ён сабраў пад сваім дахам людзей, якія воляй лёсу і абставін засталіся адны, але не сталі адзінокімі. Жыццёвыя сітуацыі бываюць самыя розныя, чалавек можа застацца сам-насам са сваімі праблемамі, бывае, што і дапамогі папрасіць няма ў каго. А тут не трэба хвалявацца, чым падсілкавацца, у што апрануцца і чым заняцца на працягу дня: ёсць тэлевізар, палюбілася бавіць час гульнёй у даміно, можна і пачытаць (сюды выпісваюць і «Ляхавіцкі веснік»), а калі засумуюць, ёсць з кім пагаварыць па душах. У гэтым – галоўная мэта ўстановы: дапамагчы пераадолець цяжкія жыццёвыя сітуацыі, з якімі чалавек не можа справіцца самастойна. У доме сумеснага пражывання працуюць людзі з вялікім сэрцам, якім за радасць рабіць чужое жыццё камфортным, па-дамашняму цёплым, утульным.
юбяць Ганчары і дзеці: даспадобы маленькім жыхарам мясцовыя краявіды, тут па-іншаму дыхаецца і адчуваецца жыццё. Тут сапраўднае лета, сказаў адзін з гарэзаў, што гасцюе ў бабулі з дзядулем.
Наталля Булдыга з мужам Валерыем жывуць у Баранавічах. Але з гадавалай дачкой Сашай часта прыязджаюць да бацькоў у родныя Ганчары. Экалогія тут іншая, атмасфера асаблівая і такая прыгожая прырода, расказвае Наталля.
Сямейную пару Тамару і Казіміра Плескацэвічаў ведаюць у вёсцы ўсе. Яны выдатныя гаспадары, і гэта відавочна. У двары ўсё расквечана петуніямі, ружамі, пад вінаградным ценем маляўніча размясціўся столік, па дарожцы самавіта разгульвае кот – ідэальны вясковы пейзаж. Яны шчаслівыя муж і жонка, якія разам 37 гадоў, бабуля і дзядуля, у якіх так любяць гасціць унучкі. А яшчэ Плескацэвічы адзіныя, хто трымае ў Ганчарах карову.
І, канешне, немагчыма ўявіць Ганчары без чалавека, які ведае іх ад «а» да «я», раскажа пра кожнага жыхара, правядзе экскурсію па сучаснасці, адправіць у змястоўны экскурс па старонках мінулага, – старасты вёскі Анатолія Турава.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Казімір і Тамара Плескацэвічы з унучкай Валерыяй.

Медсястра Кацярына Нікалаевіч  і фельчар-лабарант Аксана  Курыловіч працуюць у Ганчароў-
скай урачэбнай амбулаторыі.

У магазіне «Вікторыя», што адкрылі мясцовыя жыхары  Алена (на здымку справа) і Ігар Гец.

Гасцяваць у бабуляў-дзядуляў так весела!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *