Жалезная дысцыпліна жніва

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў узмацніць тэхналагічную і кадравую дысцыпліну ў час уборачнай кампаніі. Адпаведнае даручэнне Кіраўнік дзяржавы даў у час рабочай паездкі ў Мёрскі раён.
«Тэхналагічная дысцыпліна – без яе няма чаго ў поле выязджаць. Калі няма тэхналогій, што араць і сеяць на страту? І самае галоўнае – гэта кадравая, працоўная дысцыпліна, жалезная дысцыпліна. Прыцягвайце каго хочаце, але людзі павінны выконваць свае абавязкі, інакш Віцебская вобласць будзе целяпацца, боўтацца ў сваім саку многія дзесяцігоддзі», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Наведваючы ў Мёрскім раёне ААТ «Туркова», Прэзідэнт пацікавіўся тэмпамі ўборкі збожжавых у вобласці і краіне, разлікамі на ўраджай.
«Калі ўбяром усё, што ў нас ёсць, а мы ўбяром, збожжам мы забяспечым краіну без праблем», – упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандру Лукашэнку далажылі аб выкананні дзяржаўнага заказу па продажы збожжа, забеспячэнні кармамі жывёлагадоўчай галіны і прымяненні прагрэсіўных тэхналогій пры іх нарыхтоўцы.
Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на забеспячэнне гаспадарак неабходнай тэхнікай, у прыватнасці, размова ішла аб пастаўцы на прадпрыемствы беларускіх прэс-падборшчыкаў. «Трэба за зіму абучыць механізатараў рабоце на гэтых прэс-падборшчыках. І трэба дапамагчы закупіць іх, – паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы. – Гэта паратунак для краіны, не толькі для Віцебшчыны».
Што датычыць ураджаю, то ў Беларусі плануецца сабраць каля 7 млн. т збожжа, а валавы збор зялёнай масы кукурузы чакаецца на 2 млн. т больш, чым летась. Аб гэтым паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення – начальнік упраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Ядлоўскі.
«У свірнавай вазе мы ў гэтым годзе чакаем каля 7 млн. т збожжа разам з кукурузай. На харчовыя мэты нам трэба толькі 850 тыс. т. Асноўны аб’ём збожжа – 5 млн. т – ідзе на фуражныя мэты», – сказаў Васіль Ядлоўскі.
У Беларусі ў маі пачалася працяглая засуха. «У гэтым годзе ўборку збожжавых мы пачалі рана, таму што з-за спёкі адбылося апераджальнае развіццё сельгаскультур. Пры гэтым яны ў перыяд росту адчувалі вострую няхватку вільгаці, з-за чаго не набіралі плануемую масу і ўраджайнасць. Таму ў нас назіраецца некаторы недабор збожжа. Але прагназуемы ўраджай забяспечыць выкананне дзяржзаказу, патрэбнасці ў харчовым збожжы, патрэбнасці перапрацоўшчыкаў і жывёлагадоўлі», – падкрэсліў прадстаўнік Мінсельгасхарча.
Размова ішла таксама пра ўдзел моладзі ў жніве.
Першы сакратар ЦК ГА «БРСМ» Дзмітрый Варанюк адзначыў, што ва ўборачнай задзейнічана 627 маладзёжных экіпажаў, арганізавана акцыя «Моладзь – за ўраджай», падрыхтавана электронная дошка гонару на сайце БРСМ.
Галоўны тэхнічны інспектар працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Аляксандр Зайцаў увагу засяродзіў на прафсаюзным удзеле ў адказнай кампаніі. Падкрэсліў, што ФПБ не толькі ўшаноўвае лепшых, але кантралюе выкананне патрабаванняў аховы працы, тэхнікі бяспекі, стварэнне належных санітарна-бытавых умоў для працаўнікоў вёскі.
Па інфармацыі БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *