Мішава лета. І лепшы малады вадзіцель Ляхавіцкага раёна на адвозцы збожжа таксама працуе ў ААТ «Жарабковічы»

«Татка прыйшоў!» – шасцігадовы Алёша Праневіч моцна абдымае бацьку, туліцца да яго маленькая Жэнька. Яна толькі-толькі робіць свае першыя крокі і з радасцю паўтарае ўсё, што робіць старэйшы брат. Мама Даша з замілаваннем пазірае на гэту ідылію. Усе дома, можна вячэраць.

Калі летам на полі гудуць камбайны, расклад сям’і Праневічаў падпарадкаваны жніву. Галава сям’і Міхаіл працуе вадзіцелем у ААТ «Жарабковічы» і заняты на адвозцы зерня. Хвалююцца за яго родныя: каб машына не падвяла, каб надвор’е дапамагло. А нядаўна, акурат за дзень да імянін Міхаіла, яго ўрачыста віншавалі з перавезенай тысячай тон збожжа. Ён стаў у раёне першым тысячнікам сярод маладых вадзіцеляў. Атрымалася двайное свята. Міша практычна кожны год у перадавіках, але такая ўвага, канешне, прыемная. Сціпла ўсміхаецца, адзначае, што ў гаспадарцы ўсе работнікі любяць сваю справу .
Дарэчы, сельгаспрадпрыемства – першае месца працы Праневіча, якое, можна сказаць, было прадвызначана лёсам. Тут працавалі яго родныя, яны і выхавалі ў хлопца любоў да зямлі. Таму і не стаяла пытанне прафесійнага выбару – толькі сельскагаспадарчая сфера. Пасля заканчэння агранамічнага аддзялення ЛДАКа шэсць гадоў працаваў брыгадзірам паляводчай брыгады. Набраўся вопыту і …перайшоў у вадзіцелі.
– Хачу сябе паспрабаваць у розных справах. Люблю быць у дарозе, захапляе рух. Адчуваю задавальненне, калі бачу вынікі сваёй працы, – расказвае Міхаіл Праневіч.
Ён сам рамантуе МАЗ, сам рыхтаваў да жніва. Машына ў яго дагледжаная, ды і ў шафёрскай справе ён не дылетант. Можа сесці за руль легкавушкі, мікрааўтобуса ці «бочкі».
Адказны і надзейны спецыяліст, характарызуе падначаленага дырэктар ААТ Антон Булаты.
Жніво. МАЗ Праневіча жоўтай маланкай спяшаецца на КЗС. За дзень ён робіць каля сямі рэйсаў з поля на элеватар.
На пытанне, што дапамагае трымацца ў ліку лепшых, адказвае: падтрымка сям’і. Іх саюзу з Дашай хутка сем гадоў. Паасобку ім сумна, нязручна. Усё стараюцца рабіць разам. Жывуць Праневічы ў добраўпарадкаваным доме, які маладой сям’і выдзеліла гаспадарка. Даша зараз у вод- пуску па доглядзе за дачушкай, а да гэтага вучыла школьнікаў матэматыцы і інфарматыцы ў мясцовай школе. Ведае, што муж у спёку любіць кампоты. Раніцай зварыць, астудзіць – і ў тэрмас, каб халодненькі добра спаталяў смагу, яшчэ і бутэрброд зробіць. Хоць абеды працаўнікам і дастаўляюць у поле, але прыгатаванае жонкай – самае смачнае, сцвярджае Міхаіл.
Пра што марыць малады вадзіцель?
– У сельскага жыхара мары заўсёды звязаны з добрым ураджаем – ад гэтага залежыць дабрабыт сям’і. Канешне, каб былі здаровыя дзеці і родныя. А астатняе, калі ёсць рукі, – не праблема.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *