У Іванава з Надзеяй. Сталіцай Дня беларускага пісьменства чацвёрты раз становіцца Брэстчына

Пашанцавала стаць сталіцай юбілейнага ХХV Дня беларускага пісьменства Іванаву. Не пабаюся слова “пашанцавала”, таму што ўся Брэстчына славіцца сваёй гісторыяй, культурнай спадчынай, сённяшнімі здабыткамі, і гэты райцэнтр не выключэнне. А які выдатны стваральны імпульс атрымаў ён, рыхтуючыся да падзеі, тым больш у Год малой радзімы.  У аб’ектыве высоказмястоўнага дзейства, падрыхтаваны да яго і вонкава, і, што не менш важна, мастацка-асветніцка-энцыклапедычна, Іванава прыцягвае ўвагу , мяркую, не толькі беларусаў.

Асабіста я ўжо сёння зайздрошчу адной з тамтэйшых абновак: у жніўні тут з’явіўся “Верасень” – так назвалі іванаўцы сваю кнігарню. У Ляхавічах, на жаль, па-ранейшаму кніжная прапанова, лічы, адсутнічае. Ну ды гэта, як гаворыцца, зусім іншая гісторыя і спадзяюся, у ёй будзе шчаслівы працяг. Мы ж вернемся ў палескі раён, адметны многімі гістарычнымі, культурнымі, геаграфічнымі акалічнасцямі. Што цікавага ў тэму выдае наконт яго памяць? Хутчэй, гэта не што, а хто: славуты, знакаміты, геніальны мастак, музыкант, філосаф жыцця Напалеон Орда; канешне, пачатак роду Дастаеўскіх (звязаны з вёскай Дастоева), ну а хто не чуў, што першы ізраільскі прэзідэнт Хаім Вейцман – ураджэнец янаўскай зямлі? Дабавім фактаў, якія пераконваюць у янаўскай-іванаўскай самабытнасці: хто з модніц адмовіўся б ад мотальскага кажушка, хто не чуў пра кулінарны фэст “Мотальскія прысмакі”, хто не каштаваў мясцовай вытворчасці каўбасак, хто не ў курсе пра пункты Дугі Струве, што ўнесены ў спіс ЮНЕСКА?.. І гэта самы хрэстаматыйны пералік славутасцяў і адметнасцяў янаўскага краю і яго жыхароў.

2 верасня ў сталіцы Дня беларускага пісьменства будзе вялікае свята, чакаецца шмат гасцей, цырымонія ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Можна толькі ўявіць, якая канцэнтрацыя пісьменніцкіх талентаў, творчых прапаноў, праектаў і задум будзе ў гэты дзень на параўнальна невялікім кавалачку зямлі.

А напярэдадні плануецца міжнародны круглы стол з удзелам замежных літаратараў, фінальнае дзейства рэспубліканскага конкурсу юных дэкламатараў “Жывая класіка”.  І як жа аргументавана ўсебакова і глыбока не пагаварыць з нагоды пра гісторыю Іванава і раёна? Гэта будзе зроблена падчас навукова-практычнай канферэнцыі.

Традыцыяй і неад’емнай часткай свята пісьменства, якая настройвае на светлыя думкі і ўчынкі, на асэнсаванне-пераасэнсаванне жыццёвых каштоўнасцей і заўсёднай важнасці-духоўнасці, з’яўляецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да Святыняў з Благадатным Агнём ад Труны Гасподняй”. І сёлета яе маршрут пройдзе па некалькіх рэгіёнах Беларусі.

Памятаю, як у 2004 годзе на маршруце гэтай экспедыцыі, якая накіроўвалася ў старадаўні Тураў, быў і Ляхавіцкі раён. На радзіме святога Серафіма Жыровіцкага – у Падлессі – удзелінічалі ў службе ў Святадухаўскай царкве, а потым – у Ляхавіцкай Крыжаўздвіжанскай. Як жа светла было на душы ад стасункаў з удзельнікамі экспедыцыі, сярод якіх дзве вядомыя ў Беларусі Марыі – Карпенка, у мінулым рэдактар часопіса “Работніца і сялянка”, і Захарэвіч, народная артыстка БССР.

А першай на Брэстчыне сталіцай беларускага пісьменства ў 1999 годзе была (прабачце за тафталогію) сталіца беларускага Палесся – Пінск. Потым фестываліў Камянец (у 2005 г.), потым – Ганцавічы (2011 г.). “Веснікаўцы” бывалі і ўдзельнічалі.

Яшчэ хачу ўзгадаць сваю зямлячку, сяброўку, спагадлівага чалавека Надзею Патапчык. Яе большасць ляхавічан ведае не толькі як шматгадовага дырэктара летніка “Чайка”, пад крылом якой утульна, весела і здорава адпачывалася хлопчыкам і дзяўчынкам, але як вельмі творчую і нераўнадушную, лёгкую на пад’ём асобу, калі справа датычыць актыўнай жыццёвай пазіцыі, новых уражанняў і адкрыццяў. Надзея Пятроўна была ўдзельніцай не менш паловы дзён беларускага пісьменства. Ездзіла ў Заслаўе, Барысаў, Мсціслаў, Полацк, Смаргонь, Мір, Ганцавічы, Тураў, Каменец (у Каменец дабіралася з калектывам “ЛВ”). Педагогу па адукацыі, ёй усё гэта патрэбна, ёй усё гэта цікава. Вось і сёлета Надзея Патапчык на пытанне, ці паедзе яна 2 верасня ў Іванава, адказала: “Збіраюся!”.

То паедзем на Янаўшчыну?!

Вольга БАРАДЗІНА. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *