На Высокаўскай ноце. 8 верасня на Камянеччыне прайшлі абласныя «Дажынкі-2018»

Сноп хлеба новага ўраджаю  па традыцыі ўручаны кіраўніку  вобласці Анатолію Лісу.

Сельскагаспадарчы год працягвае ход. У сваіх спрадвечных  выявах і адмысловых характарыстыках – няспынна, з імклівай зменай палявых «дэкарацый», калі завяршэнне адных відаў работ азначае старт іншых клопатаў. А яшчэ – падсумоўванне вынікаў зробленага, абагульненне вопыту лепшых і іх жа – лепшых – ушанаванне. Уборка збожжавых і зернебабовых закончылася. Ніколі не просты, хлебны сезон гэтага года адрозніваўся пэўным каэфіцыентам ускладнення.

Сяргею Бураку (справа) дапамагаў камбайнер Міхаіл Кандыба.

У гэты дзень віншавалі лепшых хлебаробаў, сярод якіх і камбайнер ААТ «Жарабковічы» Сяргей БУРАК – пераможца абласнога спаборніцтва на жніве.
Адным са святочных акордаў абласных «Дажынак» стала ўшанаванне лепшых кіраўнікоў сельгасарганізацый і перапрацоўчых прадпрыемстваў АПК па выніках 2017 года, што праходзіла ў аграгарадку Відамля.
Аляксандр КАМІНСКІ, які сёння ўзначальвае Ляхавіцкі раён, па месцы былой працы дырэктарам ААТ «Шані-аграпрадукт» стаў пераможцам у намінацыі сярод кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў са стажам работы на пасадзе да 5 гадоў.
Сярод кіраўнікоў рэарганізаваных сельгаспрадпрыемстваў, да якіх далучаны стратныя гаспадаркі і з моманту далучэння якіх прайшло не больш за тры гады, лепшым прызнаны дырэктар ААТ «Жарабковічы» Антон БУЛАТЫ.
Шчырыя віншаванні і пажаданні новых поспехаў, шаноўныя пераможцы спаборніцтва!

Cпачатку суха, што для раслін абсалютна некамфортна, і дажджы на першым этапе ўборкі – усё гэта запатрабавала ад аграрыяў і раёна, і вобласці дадатковага працоўнага напружання. Вытрымалі, справіліся. І 8 верасня адправіліся ў Высокае, каб асабліва канцэнтравана адчуць увагу да сваёй прафесіі, пачуць словы падзякі і шчырыя апладысменты ў свой адрас.
Самы заходні горад Брэстчыны на дзень (а падрыхтоўка да яго працягвалася не адзін месяц) стаў цэнтрам абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2018». Традыцыі ўшаноўваць сваіх карміцеляў ужо не адзін год. Летась, аднак, абазначыўся новы  трэнд – з раённых цэнтраў «Дажынкі» «пераехалі» ў малыя гарады. Летась быў столінскі Давыд-Гарадок, сёлета фестывальным горадам стала Высокае Камянецкага раёна. Мэта такога перафармаціравання ляжыць у тым ліку і ў гаспадарча-прагматычнай плоскасці. Як адзначыў у сваім дажыначным слове-віншаванні хлебаробам старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс, гэта дае магчымасць надаць новае аблічча населеным пунктам, значна палепшыць якасць жыцця і быту іх жыхароў.
Высокаўская карта паляпшэнняў даволі маштабная і разнастайная. Многае ў плане добраўпарадкавання відавочна, пра змены, што
адбыліся ў горадзе дзякуючы «Дажынкам», ахвотна гаварылі мясцовыя. Добраўпарадкаваны вуліцы і цэнтральная плошча, сквер, адрамантаваны дарогі і дамы. Новае дыханне атрымалі аб’екты сацыяльнай сферы, аховы здароўя, адукацыі, іншае. Кіраўнік вобласці падзякаваў жыхарам горада за
зробленае па навядзенні парадку, за ўкладзеную працу, сілы і душу ў тое, каб у горадзе было ўтульна і камфортна жыць, вучыцца і працаваць.
Асабліва цёплыя пажаданні Анатолія Ліса і наогул усіх былі адрасаваны працаўнікам хлебнай нівы – за іх няпростую працу, нястомнасць шчыравання, самаахвярнасць.
Галоўная дзея абласнога фестывалю-кірмашу пачалася з пралога. У якасці апошняга на працягу многіх гадоў служыць святочнае шэсце дэлегацый раёнаў Брэстчыны. У кожнай з дэлегацый свой, «завязаны» на адмысловасцях, традыцыях, найбольш характэрных асаб-лівасцях рэгіёна вобраз. «Мы адны такія», – чыталася, гледзячы на кожную са святочна настроеных дэлегацый. Настрой і ў жывым калідоры, выстраеным на ўсім шляху следавання. Гасцей «лавілі» ў аб’ектывы фотакамер, віталі ўсмешкамі і апладысментамі.
Эпіцэнтрам фестывалю стала цэнтральная плошча Высокага. Насельніцтва горада – больш за пяць тысяч чалавек. І, склалася ўражанне, што ніхто з іх у той дзень дома не заставаўся.
У імправізаваным амфітэатры ўсё па законах жанру. Першыя месцы – першым на жніве: камбайнеры, вадзіцелі, аператары сушыльных комплексаў, аграномы, інжынеры, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў. Кожны з урачыстай стужкай праз плячо «Пераможца жніва». Яны ведаюць смак хлеба, як ніхто з нас, ім знаёмы самы напружаны графік работы.
– А працаваць нашы людзі ўмеюць з поўнай самааддачай, прыкладам чаму служыць цяперашняя ўборачная кампанія, якая стала сур’ёзным экзаменам для аграрыяў. І нашы хлебаробы не падвялі, яны варта справіліся з уборкай ураджаю. Сёння, у гэты святочны дзень, хачу сказаць вялікі дзякуй усім, хто ўнёс свой уклад у абласны каравай, – у прамове з галоўнай сцэны адзначыў старшыня аблвыканкама Анатолій Ліс.
Што ўяўляе сабой брэсцкі каравай-2018? Пры сярэдняй ураджайнасці 29 цэнтнераў з гектара (а гэта лепшы вынік сярод абласцей краіны) намалочана 930 тон зерня.
Узнагароды пераможцам жніва губернатар уручыў асабіста. Сярод лепшых і Сяргей Бурак. Старшы камбайнер ААТ «Жарабковічы», які ў тандэме з камбайнерам Міхаілам Кандыбам за сезон намалаціў амаль паўтары тысячы тон зерня і заняў першае месца ў абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых куль-тур сярод экіпажаў камбайнаў.
Дарэчы, Сяргей Бурак не адзіны з землякоў, хто сваім удзелам дапоўніў святочную праграму абласных «Дажынак». Вакальны і сямейны дуэт Цямчыкаў – Надзея і Андрэй – былі сярод удзельнікаў галоўнага святочнага канцэрта. У горадзе майстроў свае вырабы прадэманстравалі Алена Базылева, Надзея Горка, Ірына Клімовіч, Наталля Смоліна, Вольга Свянтэцкая. Пакаштаваць каравай Кацярыны Жукоўскай змаглі многія госці фестывалю.
Фестывалю, які прайшоў на высокай Высокаўскай ноце.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара. БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *