У восені ёсць план. У Ляхавіцкім раёне працягваюцца сельскагаспадарчыя работы

Не хочацца, але сітуацыя так і правакуе на банальнасць: восень – работ восем. Пры тым, калі памножыць гэтую лічбу на два, аграрная арыфметыка выглядала б больш дакладнай. Дык што ж на парадку позневераснёўскага дня? Уборка кукурузы, бульбы, саломы, цукровых буракоў. Унясенне гербіцыдаў татальнага дзеяння, ворыўныя клопаты – важны для абсалютна ўсіх сельгаспрадпрыемстваў кавалак работы. Плюс найважнейшы, да ліку якога адносіцца азімая сяўба.
Усё ішло даволі штатна, аднак, – да часу ікс, «абазначанага» дажджом, які здарыўся ў мінулую суботу. Па аналагічнай прычыне панядзелак стаў увогуле непасяўным. Як сведчыць статыстыка райсельгасхарчу, у абазначаны дзень адзінай у раёне гаспадаркай-сейбітам стала ЗТАА «БелДан». Не шмат, але за гэты дзень азімы клін прадпрыемства павялічыўся на пару дзясяткаў гектараў – да 780 у агульным заліку. У параўнальных адносінах гэта складае каля 65 працэнтаў ад асенніх планаў.
Што да іншых вытворча-аграрных калектываў раёна, то максімальныя тэмпы на сяўбе дэманструе СВК «Ляхавіцкі»: пара-тройка дзён пасяўнога надвор’я –
і гаспадарка закрые сваю асеннюю пасяўную кампанію.
На нейкую долю працэнта ад аграрнага флагмана раёна адстае на сяўбе ЗАТ «Белпрампрыбор». На тры чвэрці ад запланаванага пад зерневую азіміну кліна адсеяліся гаспадарнікі ДП «Нача». На прыкладным узроўні з апошнімі рухаюцца па пасяўной дыстанцыі ААТ «Жарабковічы», з некаторым адставаннем – КСУП «Востраў-Агра». У сярэднеарыфметычным па раёне прыбліжэнні азімая сяўба перайшла ўжо за экватар. Ужо ці толькі, улічваючы той факт, што аптымальных для вядзення работ дзён у аграрыяў застаецца ўсё менш.
Пятніца, ААТ «Шлях новы», на двары ўсё яшчэ летнія больш за 25 градусаў гарачыні. На ўскрайку поля аўтамабіль-загрузчык гатовы ўключыцца ў работу тут жа – па першым патрабаванні сейбіта. У ролі апошняга на даным участку адказнасці Міхаіл Сакун (на здымку). У адным з напрамкаў руху «рой» пылу момантамі паглынае магутна-груваздкую счэпку ў складзе энергатрактара і камбінаванага пасяўнога агрэгата. У той дзень Міхаіл працаваў з азімай пшаніцай. Сваю работу выконваў адказна, прафесійна і хутка – наколькі дазваляюць тэхналагічныя нормы. Увосень дні, гадзіны, мінуты выступаюць у ролі аднаго з галоўных вытворчых актываў для аграрыяў.

ФАКТ

У гэтым годзе ў раёне азімымі збожжавымі культурамі будзе засеяна ў межах 11 з паловай тысяч гектараў палёў. З іх каля дзевяці з паловай мяркуецца вырошчваць непасрэдна на зерне.
Гаспадаркі раёна рыхтуюць глебу, працягваюць сеяць, з кожнай спрыяльнай гадзінай усё бліжэй падбіраючыся да вызначанай мэты.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *