Чыстая тэма

На штотыднёвай апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама слухалася «санітарная справа» ДП «Нача» і КСУП «Ліпнянка». Справаздачу пра работу, якую праводзяць сельгаспрадпрыемствы па навядзенні і падтрыманні парадку на падведамасных тэрыторыях, трымалі іх кіраўнікі Мікалай Тарлюк і Станіслаў Берташ.

Маніторылі аб’екты супрацоўнікі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, райЦГіЭ, аддзела землеўпарадкавання райвыканкама.
Калі па «Начы» ў галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Віталія Ціханава і іншых адказных асоб былі нязначныя заўвагі, якія ў тэрмін ухіляюцца, то ў «Ліпнянкі» – доўгі спіс нявырашаных праблем і нявыпраўленых хібаў. З выдадзеных рэкамендацый выкананы, па словах Віталія Ціханава, адзінкавыя. Большасць застаецца ў рэжыме чакання. Прычым адлік ідзе з мінулага года. Шмат прэтэнзій да МТФ «Ліпск»: несвоечасова праводзіцца рамонт памяшканняў, ды і чыстымі іх назваць нельга, не створаны належныя ўмовы для санітарнай апрацоўкі даільна-малочнага абсталявання, цэнтралізаванага мыцця і дэзынфекцыі адзення і многае іншае. Непарадак ва ўтрыманні жывёлагадоўчых фермаў у вёсках Залужжа і Свяціца мае адзіную аснову – безгаспадарчасць.
Кіраўнік раёна Аляксандр Камінскі быў катэгарычны: выправіць выяўленыя парушэнні неабходна ў двухтыднёвы тэрмін. Старшыня райвыканкама адрасаваў дырэктару «Ліпнянкі» шэраг пытанняў: хто перашкаджае працаваць і наводзіць парадак якасна, трымаць эканоміку гаспадаркі ў плюсе і г.д.
На парадку дня апаратнай нарады значылася і пытанне аб рабоце ачышчальных збудаванняў у Ляхавічах. Яно знаходзіцца пад пільным кантролем улады. Старшыня райвыканкама паставіў невысокую адзнаку і тамтэйшай арганізацыі работы, і падыходу да справы. Камунальнікам дадзены час на правя-дзенне работы над памылкамі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *