Перспектыўна – значыць, на карысць. У Ляхавіцкім раёне з візітам пабывалі нідэрландскія госці /дабаўлена фота/

Цікава, карысна, перспектыўна і дадаём да гэтага пераліку слова «ўзаемна» – гэта пра візіт у наш раён нідэрландскіх гасцей з горада Амерсфорт. Дырэктар цэнтра развіцця двухмоўных  дзяцей «Мазаіка»  Эльвіра Скіба  і яе намеснік Заурэ Фіссэр прыехалі  на Ляхавіччыну для ўдзелу ў перагаворах па пытаннях перспектыў развіцця  ў сферы адукацыі  і маладзёжнай палітыкі.

Але спачатку было знаёмства з раёнам і абласным цэнтрам, дзе госці пабывалі на экскурсіі ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой». Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч і в. а. першага сакратара РК БРСМ Марыя Лутавінава адказалі на шматлікія пытанні гасцей.
У раёне на маршруце іх інтарэсу былі ў першую чаргу ўстановы адукацыі: гарадскія яслі-садкі № 1 і № 3, гімназія, СШ № 2, Малагарадзішчанскі вучэбна-педагагічны комплекс «Дзіцячы сад-сярэдняя школа», дзе госці прысутнічалі на адкрытых уроках і тэматычных занятках. Эльвіра Скіба і Заурэ Фіссэр на прыкладзе нашага раёна ў добрым сэнсе ўразіліся ўзроўнем беларускай адукацыі. Як падкрэсліла загадчык Ляхавіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Святлана Маргаева, якая суправаджала гасцей, у педагогаў заўсёды ёсць агульныя тэмы для прадметных размоў, агульныя задачы, на карысць выніковасці рашэння якіх – сумесныя намаганні, абмен вопытам і распрацоўкамі.
У аўторак, 2 кастрычніка, у райвыканкаме кіраўніцтва раёна сустрэлася з дэлегацыяй. Прайшлі перагаворы па пытаннях перспектыў развіцця ў сферы адукацыі і маладзёжнай палітыкі. Падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве па абмене вопытам у гэтых галінах паміж аддзелам па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама, райкамам БРСМ і цэнтрам развіцця двухмоўных дзяцей «Мазаіка» г. Амерсфорт, Нідэрланды.

Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Маргарыты КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *