Супрацоўніцтва на аснове сяброўства

10-12 кастрычніка праходзіў V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У Магілёве, які ў гэтыя дні стаў сталіцай саюзнай інтэграцыі, сабраліся  4 тысячы прадстаўнікоў 35 рэгіёнаў Расіі і ўсіх абласцей Беларусі і Мінска.
Галоўнай падзеяй V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі стала пленарнае пасяджэнне з удзелам Прэзідэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Падчас пленарнага пасяджэння 12 кастрычніка абмяркоўваліся прыярытэтныя напрамкі развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва як ключавога фактара інтэграцыі і саюзнага будаўніцтва.

У час форуму адбылося пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі i Савета Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве, дзе былі абмеркаваны перспектывы ўмацавання міжпарламенцкіх сувязей, а таксама роля парламенцкага вымярэння ў развіцці беларуска-расійскіх адносін. Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч і спікер Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Валянціна Мацвіенка сустрэліся з кіраўнікамі рэгіёнаў дзвюх краін.
Упершыню ў час форуму прайшоў Савет дзелавога супрацоўніцтва, дзе асноўныя напрамкі ўзаемадзеяння і сумесныя праекты абмеркавалі кіраўнікі кампаній і прадпрыемстваў Беларусі і Расіі.
Напярэдадні 11 кастрычніка на форуме адбыліся пасяджэнні секцый па пяці асноўных напрамках: аграрная палітыка, уніфікацыя і гарманізацыя заканадаўстваў, лічбавая эканоміка, маладзёжная палітыка, міжнародная дзейнасць і эканамічная бяспека.
Падчас форуму Беларусь і Расія падпісалі балансы аб пастаўках прадукцыі АПК на 2019 год. У прыватнасці, Беларусь у 2019 годзе плануе паставіць у Расію каля 320 тысяч тон мясной прадукцыі, або на 11 працэнтаў больш за ўзровень 2018 года. Аб’ёмы паставак малочнай прадукцыі таксама вырастуць –
да 3,7 мільёна тон, або на 2,6 працэнта.
У Магілёве падпісаны больш за 70 дакументаў аб супрацоўніцтве – на міжурадавым, абласным і раённым узроўнях. Традыцыйна дзелавыя колы заключылі шматмільённыя экспартныя кантракты.
Асаблівасцю форуму стала выстаўка-кірмаш рамёстваў, дзе сваю прадукцыю прадставілі майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і фальклорныя аматарскія калектывы Беларусі і Расіі. На нацыянальных святочных экспазіцыях прайшлі майстар-класы, выстаўкі-продажы вырабаў мастацкіх рамёстваў, народныя гульнявыя атракцыёны, фальклорныя праграмы з удзелам аматарскіх калектываў, дэгустацыя нацыянальных страў, спаборніцтвы і іншыя мерапрыемствы. На працягу ўсіх дзён работы выстаўкі-кірмашу была арганізавана канцэртная праграма «Садружнасць культур – Садружнасць народаў» з удзелам аматарскіх калектываў Беларусі і Расіі.
Працавалі таксама пляцоўкі, дзе рэгіёны Беларусі прадставілі свой гандлёва-эканамічны, гісторыка-культурны і турыстычны патэнцыял.
У рамках V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшоў форум «Моладзь – за Саюзную дзяржаву».
Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *