Зноў Сноў

Не дае мне спакою гэты адрас: Нясвіжскі раён аграгарадок Сноў. На ўласныя вочы пераканалася, што на слыху ён невыпадкова і аграгарадком называецца таму, што па поўнай праграме і нават больш адпавядае гэтаму статусу.
Хранічна дагледжаны, добраўпарадкаваны, прыгожы, ён бы хрэстаматыйная ілюстрацыя на тэму «можна жыць заможна». Першае ўражанне пры пад’ездзе да летняга Снова было такім жа, як і ўсе наступныя: дасканалая геаметрыя шыкоўных кукурузных палёў, ідэальная шаша, трохі воддаль дабротныя дахі дамоў і домікаў, сучасны вытворчы пейзаж «намаляваны» абрысамі вядомага ва ўсёй рэспубліцы мяса-малочнага камбіната. Ну трэба ж так разгарнуцца! Не з неба звалілася, не само прыплыло – усё рукастваральнае. А сноўскія калбаскі-паляндвічкі-рулеты могуць выступіць у якасці аргумента на карысць гаспадарлівасці, разваротнасці, адаптаванасці ва ўмовах рынку тых, хто ўсё гэта прыдумаў, ажыццявіў і развівае.
Але, вобразна кажучы, «галоўная жаба» (пры самым шчырым захапленні!) пачала смактаць, калі я пайшла па мясцовых магазінах…
Цэнтральны двухпавярховы дом гандлю ці, дакладней, універсам «Сноў», па плошчы, мусіць, такі, як ляхавіцкі. І на гэтым падабенства заканчваецца. Першы, прадуктовы, паверх – паменшаная копія сталічнага супермаркета ці падросшы ляхавіцкі «Верас». Прычым, значнае месца, як і належыць, адведзена прадукцыі тутэйшай вытворчасці – ад разрубкі і паўфабрыкатаў да багатай, скажам так, мяса-каўбаснай прапановы. Асартымент ну вельмі разнастайны, атмасфера і ў прамым, і ў пераносным сэнсе надзвычай прыемная і кліча да пакупкі, а прадаўцы ўсе без выключэння ўсмешлівыя і добразычлівыя. Ці варта гаварыць, што выйшла адсюль з сумкай, якая адцягвала рукі… мужу, і самымі захопленымі ўражаннямі.
Але яны, гэтыя ўражанні, пацьмянелі перад тымі, якія захліствалі мяне, жанчыну з журналісцкім поглядам ці журналіста з жаночым падыходам да тэмы, пасля другой серыі шопінгу – на прамтаварным паверсе. Скажу коратка: тут можна апрануцца, абуцца (асартымент багацейшы, тавары «свежанькія», модныя, незаляжалыя – даты іх выпуску нядаўнія), апрануць і абуць дзяцей, набыць модную галантарэю і скургалантарэю, касметыку-парфюмерыю, канцтавары, посуд і многае-многае іншае. Паўтаруся: усё гэта пад адным дахам, пры магчымасці багатага выбару, пры такой клапатлівай у адносінах пакупніка прапанове. Пацікавілася, як часта завозяць тавар у магазін. Аказалася, пастаяннае абнаўленне.
Ёсць у Снове і іншыя гандлёвыя кропкі. У тых, дзе пабывала, прысутнічала відавочная, галоўная і агульная для ўсіх іх канстанта – павага да пакупніка, якая ў першую чаргу выяўляецца асартыментнай прапановай.
Так, сам Сноў, мяркую, у аграгарадскім асяроддзі, з’ява заўважная. За 2500 жыхароў, дзве бібліятэкі, цэнтр культуры і адпачынку, сярэдняя школа, яслі-сад, Дом культуры, гасцініца, кафэ, кафетэрый, бар, дом быта, лазнева-пральны камбінат, тутэйшы крухмальны, пра мяса-малочны камбінат, які перапрацоўвае ўсё сноўскае малако і мяса на сваёй вытворчасці, ужо ўзгадвалі. А яшчэ тут ёсць славуты касцёл Святога Іаана Хрысціцеля, пабудаваны ў 1760 годзе, даўнія палацава-паркавы ансамбль Рдултоўскіх і сядзіба Гартынгаў і вельмі дружалюбныя мясцовыя жыхары, якія з задавальненнем пакажуць, як прайсці і ў бібліятэку, і ў аптэку, і ў шыкоўныя сноўскія магазіны і магазінчыкі.
Што датычыць універсама – цёзкі аграгарадка, то будынак былога ўнівермага ў райпо выкупіў менавіта агракамбінат. Адрамантаваў, закупіў абсталяванне, і вось ужо другі год, са жніўня 2017, паказвае бесперапынны гандлёвы майстар-клас. І, шчыра прызнаюся, у маім асабістым шопінгавым актыве па некаторых пытаннях існуе сноўскі прыярытэт. На вялікі жаль, не ляхавіцкі…
Падумалася, што навуку гандляваць, максімальна задавольваць попыт пакупнікоў пры забеспячэнні паспяховай фінансава-эканамічнай дзейнасці гандлёвага прадпрыемства можна вывучаць не ў далёкім замежжы, а ў суседзяў (да Снова ад Ляхавіч каля 30 кіламетраў). Гэта на маю думку, ці то жаноча-журналісцкую, ці то журналісцка- жаночую.
Вольга БАРАДЗІНА.

Фота з сайта http://snow.wikimapia.org/photos/

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *