Сытаму зіма не страшна. Як у Ляхавіцкім раёне клапоцяцца насельнікаў лясоў зімой

Для дзікай жывёлы – насельнікаў нашых лясоў – зіма зусім не квест, а сур’ёзнае выпрабаванне. У першую чаргу, сціпласцю натуральнай кармавой базы. Дапамагчы братам меншым – адна з задач раённай аргструктуры таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Як расказаў яе дырэктар Ігар Дземянкоў, наступіў перыяд падкормкі дзікай жывёлы. Арганізавана каля дзясятка падкормачных пляцовак, абсталяваных саланцамі, кармушкамі для выкладкі сена і іншых травяністых кармоў, буракоў, морквы. Такі рацыён, як і сам факт падкормкі, асаблівую «вагу» і значэнне мае для казуль і аленяў. Што тычыцца аленя, то, згодна падліковых даных, ва ўгоддзях раённай арганізацыі БТПР іх усяго 25. Але і названая колькасць можа зменшыцца, калі не праявіць у адносінах да жывёлы ўвагу. У пошуках сытай кармавой базы алені могуць мігрыраваць у суседнія раёны. Паляўнічыя робяць усё, каб звер, як мінімум, затрымаўся дома, як максімум – з цягам часу павялічыўся ў сваёй колькасці.
– Ласю прасцей, значную долю яго рацыёна складаюць галінкі дрэў. Ды і статак яго складае 65 асобін, што для нашага раёна з’яўляецца аптымальнай колькасцю, – прыводзіць відавы расклад Ігар Дземянкоў.
Што датычыць корму для жывёлы, даводзіцца круціцца: як і чым могуць – дапамагаюць радавыя паляўнічыя і неабыякавыя да прыроды землякі: кожны кілаграм агародніны ці зерня, ахапак сена хоць на градус ды «падагрэюць» дзікага звера падчас зімоўкі.
Іван КАВАЛЕНКА.