Ёсць перспектыва!

 

«Трэба менш гучных слоў і больш канкрэтных спраў. Не распыляйцеся, не спрабуйце ахапіць усё і быць усюды – вы не паспееце. Вызначыцеся ў галоўным, па меры руху вы будзеце дабаўляць тыя ці іншыя напрамкі, якія зможаце пацягнуць. Не кідайцеся на тое, чаго вы не можаце пацягнуць», – сказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з актывам БРСМ, прымеркаванай да стагадовага юбілею ВЛКСМ.
Тое, што моладзь – надзея і будучыня раёна, вобласці, краіны, стала і лейтматывам сустрэчы старшыні райвыканкама Аляксандра Камінскага з маладымі спецыялістамі.

Сёлета сельгаспрадпрыемствы, установы адукацыі, аховы здароўя і культуры, лясгас, будаўнічыя арганізацыі, жылкамунгас і іншыя прадпрыемствы атрымалі папаўненне ў асобе 82-х учарашніх студэнтаў і навучэнцаў, а сёння – дыпламаваных маладых спецыялістаў. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што ў Ляхавічах ім рады і гатовы падтрымаць, а ад іх чакаюць адказнасці і творчасці. Ён пажадаў юнакам і дзяўчатам быць настойлівымі, актыўнымі, ініцыятыўнымі, не пасаваць перад цяжкасцямі і любіць зямлю, на якой працуюць:
– Канешне, першы год самы цяжкі. Не саромейцеся звяртацца за дапамогай, калі нешта не атрымліваецца. У вас ёсць выдатны, унікальны шанц – паказаць сябе, зарэкамендаваць. Абавязкова скарыстайцеся гэтым! Мы вас падтрымаем.
Сустрэча праходзіла ў атмасферы даверу, адкрытасці і зацікаўленасці. Маладыя спецыялісты атрымалі адказы на хвалюючыя пытанні ад кіраўніка раёна, начальнікаў і спецыялістаў аддзелаў райвыканкама і іншых службаў. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк акцэнтавала ўвагу на сацыяльных гарантыях, замацаваных у калектыўных дагаворах. Тэму льгот прадоўжыў і галоўны ўрач райбальніцы Георгій Хлябовіч. Ён паведаміў, што ўсе 22 медыкі-навічкі адаптаваліся на першым рабочым месцы. Кожны з іх атрымаў дапамогу ў суме пяць базавых велічынь для ўладкавання. Штомесячна ім дадаткова налічваецца па 20 працэнтаў ад акладу як маладым спецыялістам, калектыўным дагаворам прадугледжаны іншыя выплаты. Акрамя таго, за апошнія гады 15 работнікаў медустаноў раёна атрымалі арэнднае жыллё.
Менавіта жыллёвае пытанне – адно з важнейшых для моладзі. Раённая ўлада дапамагае ў яго вырашэнні: выдзяляюцца кватэры, пакоі ў інтэрнаце. Галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Яўгеній Дыдышка спыніўся на магчымасцях паляпшэння жыллёвых умоў, парадку атрымання арэнд- нага жылля, індывідуальнага будаўніцтва. Дарэчы, у наступным годзе запланавана ўзвядзенне 40-кватэрнага жылога дома ў райцэнтры, а таксама рэканструкцыя былога каледжскага інтэрната па вуліцы Леніна, 62.
Не менш актуальная тэма – ільготнае крэдытаванне. Дзяржава і тут паклапацілася пра тых, хто размеркаваўся на першае працоўнае месца. Загадчыца сектара рознічнага бізнесу ЦБП №117 Беларусбанка Рыта Пракуда растлумачыла, як маладому спецыялісту атрымаць ільготны крэдыт на спажывецкія патрэбы першай неабходнасці.
Юнакоў і дзяўчат цікавіла, сярод іншага, дзе правесці вольны час, якія перспектывы развіцця інфраструктуры нашага райцэнтра, магчымасці арганізацыі сваёй справы.
Шчыра прагучалі словы, сказаныя настаўніцай матэматыкі СШ № 1 Кацярынай Вірбал ад імя ўсіх маладых спецыялістаў: дзякуй за ўвагу, такія сустрэчы вельмі патрэбны.
Тым больш, што размова ў гарадскім Доме культуры папярэднічала цікавая праграма: раніцай моладзь пабывала ў Грушаўскім палацава-паркавым ансамблі, наведала Ляхавіцкую СДЮШАР, пазнаёмілася з работай ГДК і нават прайшла майстар-клас па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве ў выкладчыкаў ЦДАДіМ.

Рады тут працаваць. Слова ўдзельнікам сустрэчы

Дар’я ПІШЧ, педагог-псіхолаг і настаўнік-дэфектолаг  ЦКРНіР:
– Рада, што стала ўдзельніцай гэтай сустрэчы. Дыялог з кіраўніком раёна – рэальная магчымасць з першых вуснаў пачуць адказы на свае пытанні. Я ляхавічанка, выпускніца СШ № 2. Мая першая настаўніца Ірына Баляславаўна Юнік натхніла на выбар педагагічнай прафесіі. Пасля заканчэння ВНУ пашчасціла трапіць у дружны калектыў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Такое адчуванне, што працую тут даўно, а не чатыры месяцы.

Аляксандр КАЛІНІН, хірург райбальніцы:
– Выбар прафесіі рабіў асэнсавана. Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага медуніверсітэта размеркаваўся ў Ляхавіцкую райбальніцу, працую ў паліклініцы. У мяне ўсё выдатна: умовы работы, адносіны ў калектыве, матэрыяльнае стымуляванне. Яшчэ б жыллёвае пытанне вырашыць – зусім было б добра, а пакуль штодня езджу з Ляхавічаў дамоў у Баранавічы.

Дзяніс КАМАРЧУК,  майстар лесу Мядзведзіцкага лясніцтва:
– Сам я не тутэйшы, з Кобрына, таму адкрываю для сябе Ляхавіцкі раён. Дарэчы, я прыняў ужо ўдзел у яго добраўпарадкаванні ў кастрычніку падчас акцыі «Чысты лес». Мяне цікавіць, як горад будзе развівацца, дзе можна адпачыць усёй сям’ёй. Што тычыцца першага месца працы, то тут усё добра, бо займаюся справай, якая падабаецца. Мяне заўжды цягнула да прыроды, таму і паступіў у лесатэхнічны каледж. Для шчасця не хапала кватэры, нядаўна атрымаў арэндную ў доме № 12 па вуліцы Южакова ў Ляхавічах.

Арцём ЯСЮКЕВІЧ,  майстар-будаўнік ДП «Нача»:
– Сустрэча ў такім фармаце патрэбная, столькі неабходнай інфармацыі пачуў. Як малады спецыяліст я задаволены вырашэннем жыллёвага пытання: атрымаў пакой у інтэрнаце, дзе суседзі – таксама маладыя спецыялісты. У маёй брыгадзе чатыры чалавекі. Я хоць і навічок, але да мяне прыслухоўваюцца. Умовы працы добрыя, заработная плата таксама, калектыў дружны – думаю, усё ў мяне атрымаецца.

Ганна БУРЧЫЦ,  памочнік урача Крывошынскай участковай  бальніцы:
– Першы мой пацыент – жанчына, якой ставіла кропельніцу. Вяду даўрачэбны прыём, прымаю пацыентаў, калі адсутнічае ўрач, выязджаю на выклікі. Дарэчы, наш доктар Арцём Кабушка – таксама малады спецыяліст, сёлетні выпускнік медуніверсітэта, а яго жонка Валерыя – загадчыца Ліпскай амбулаторыі.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.