Падарунак Дзеду Марозу

Тое, што падарункі на Новы год усім, хто добра сябе паводзіў, прыносіць Дзед Мароз, – зусім не навіна. А вось святочны сюрпрыз для галоўнага навагодняга персанажа – іншая справа.
Сёлета адзначае свой пятнаццаты дзень нараджэння памесце Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы. Нядаўна тут падвялі вынікі конкурсу на лепшага цацачнага снегавіка. У творчым спаборніцтве ўдзельнічалі рабяты з усёй Беларусі, і вельмі прыемна, што адна з васьмі лепшых работ –  аўтарства нашага юнага земляка ляхавічаніна Сашы Зянько.
Перамагчы ў конкурсе першакласніку-гімназісту дапамагала ўся яго вялікая і вельмі творчая сям’я: тата Сяргей, мама Ірына і нават малодшая сястрычка Даша прыдумвалі, шылі, вязалі, фарбавалі, самі зрабілі адмысловыя сані і валёнкі з лямцу для снегавіка і кампаніі. У доме працавала сапраўдная майстэрня! І толькі дзевяцімесячная Настачка зацікаўлена назірала за ўсім збоку, ёй пакуль яшчэ такія важныя справы не давяраюць.
Дарэчы, менавіта 8 снежня  сям’я Зянько адправілася ў госці да Дзеда Мароза ў яго белавежскую рэзідэнцыю. Нагода цудоўная – Сашу будуць уручаць дыплом і падарунак. А яго снегавік застанецца экспанатам у казачным музеі.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з архіва сям’і.