Мы з Брэстчыны, ці Тры ў адной

Даўным-даўно, на пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя, жылі-былі тры вобласці-суседкі – Брэсцкая, Баранавіцкая і Пінская. У той час наш Ляхавіцкі раён адносіўся да Баранавіцкай. Наогул жа, Брэсцкая вобласць была створана 4 снежня 1939 года, а Ляхавіцкі раён –15 студзеня 1940-га.
З проста суседзяў ім наканавана было парадніцца: 8 студзеня 1954 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР да Брэсцкай былі далучаны Пінская і Баранавіцкая вобласці, у тым ліку і Ляхавіцкі раён.
І вось на працягу 65 гадоў ляхавічане з гонарам усведамляюць: мы з Брэстчыны. Пішам свае радкі ў стваральную аповесць развіцця і росквіту роднай зямлі. І шануем яе гісторыю. Таму што без мінулага не бывае сённяшняга дня.
Урадлівыя землі, навукова-тэхнічны прагрэс, дасягненні, адкрыцці, высокія тэхналогіі, сучасныя вытворчасць, адукацыя, медыцына, надзейная і клапатлівая сістэма сацыяльнага забеспячэння, багатая культурная спадчына і мастацкія каштоўнасці і не менш выразныя сённяшнія здабыткі гэтых сфер – Брэсцкая вобласць вядома далёка за межамі нашай краіны, а сам абласны цэнтр уразіць сваёй непаўторнасцю, арыгінальнасцю, добраўпарадкаванасцю, добразычлівасцю і гасціннасцю. Любім і ганарымся сваім Брэстам, які сёлета адзначае шыкоўны юбілей – тысячагоддзе.
Але галоўным багаццем вобласці з’яўляюцца людзі. Сярод першых касманаўтаў – наш зямляк Пётр Клімук, першы Герой Рэспублікі Беларусь – наш зямляк Уладзімір Карват. Алімпійская чэмпіёнка, «белая маланка» – таксама наша Юлія Несцярэнка, сусветна вядомы кінарэжысёр Міхаіл Пташук – наогул з Ляхавіччыны, як і паралімпійскі чэмпіён, леташні капітан паралімпійскай беларускай зборнай Дзмітрый Лобан… Гэта толькі некалькі прозвішчаў і некалькі лёсаў. Але яркіх, прыгожых, гучных. І ўсе мы – землякі, з Брэстчыны.
Вольга СВЯТЛОВА.